№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Па-беларуску выйшаў знакаміты раман албанца Ісмаіла Кадарэ

9 лістапада 2017

Максім Мудроў пераклаў на беларускую мову раман Ісмаіла Кадарэ "Хроніка ў камені". Гэтая кніга лічыцца адным з самых вядомых твораў албанскага пісьменніка. А Кадарэ — зорка першай велічыні. Беларусы сталі першым народам Усходняй Еўропы, які зможа прачытаць гэтую кнігу жывога албанскага класіка на роднай мове.

У краінах з развітым кніжным рынкам з перакладчыкамі працуюць выдаўцы. Яны вывучаюць рынак, робяць замовы, ацэньваюць попыт, каб не змарнаваць ані цэнта. У гэтай кнігі гісторыя іншая. Твор спачатку пераклаў энтузіяст, а потым пачаўся "крыжовы шлях" да яе выдання. Перакладчык быў здзіўлены, што патэнцыйныя выдаўцы цікавіліся, ці вырашанае пытанне аўтарскіх правоў. Гэтая важная дэталь стала для яго сюрпрызам. Але выдавец Андрэй Янушкевіч даў рады праблеме.

У гэтай святой наіўнасці перакладчыка ёсць велічэзны плюс для чытача. Раман Ісмаіла Кадарэ перакладаўся не дзеля кан'юнктуры і грошай. Дзеля гэтага існуюць кнігі Дэна Браўна і Стыга Ларсана. Гэта плён вялікага захаплення албанскай літаратурай. Максім Мудроў — праграміст, сын пісьменніка Вінцэся Мудрова. Пражыўшы ўсё жыццё ў Беларусі, Мудроў-старэйшы ўмудрыўся паралельна пражыць яго ў Албаніі. Ягонаму захапленню гэтай краінай і яе культурай 5 лістапада споўнілася паўстагоддзя. Любоў да гэтай не вельмі далёкай, але вельмі загадкавай краіны ён прышчапіў і сыну. Той перакладаў кнігу 3 гады. Ужо нават і бацька намаўляў кінуць. Албанская мова — нялёгкая. І выбар "Хронікі ў камені" — гэта жаданне галоўных беларускіх албанафілаў даць беларускаму чытачу найлепшае, што створанае на албанскай мове.

Па-беларуску албанская літаратура, можна лічыць, і не выходзіла. Пасля рамана Стэр’ё Спасэ "Афердзіта зноў у вёсцы" ў 1960 годзе ў беларускіх часопісах выйшла некалькі албанскіх апавяданняў і вершаў.

"Хроніку ў камені" Кадарэ напісаў у 1971 годзе. Гэта аўтабіяграфічны раман, аповед ад імя 11-гадовага падлетка-аўтара пра родны горад Дзіракастру падчас Другой сусветнай вайны. Гэта не толькі родны горад Кадарэ. У Дзіракастры нарадзіўся Энвер Ходжа, камуністычны лідар Албаніі, які кіраваў краінай ажно 44 гады. Гэтым зямляцтвам шмат хто ў Албаніі тлумачыць спакойнае жыццё Кадарэ ў гады самай жорсткай дыктатуры. Але Ходжу пісьменнік згадвае ў рамане мімалётам.

Родны горад Кадарэ пераходзіць з рук у рукі, ад аднаго акупанта да іншага. Сёння над ім лунае грэцкі сцяг, а назаўтра італьянскі. Змены бываюць і па некалькі разоў на дзень. І нарэшце наступае нямецкая акупацыя Дзіракастры. Як жа ўсё гэта знаёма, праўда? У рамане ёсць нават свой Мікіта Зносак. Раз ён Джорджа, другі раз — Ёргас, а потым і Юрген. Рыхтык пра Беларусь кніжка.

Крытыкі называюць гэты раман сюррэалістычным. Але беларускага чытача, пасля ўсяго багажу нашай роднай літаратуры, гэтым красным слаўцом не возьмеш. Паводле нашых мерак гэта вельмі рэалістычная гісторыя. Замяніце албанскія імёны на беларускія і ўявіце, што вы чытаеце Кузьму Чорнага. Але формаю Кадарэ больш складаны. Нібыта глядзіцца чорна-белы фільм без музыкі, з доўгімі паўзамі. Месцамі няпроста. Гэта літаратурны артхаўс, але дасканала зроблены, дзе форма і змест тоесныя. Толькі няхай вас такая "рэклама" не палохае. Не павінныя палохаць чытача і выбухі бомбаў, стрэлы з аўтаматаў, забойствы. Найперш гэта кранальная гісторыя пра любоў вачыма дзіцяці.

І ёсць ува мне шчымлівая радасць: на сваёй мове я прачытаў гэтую кнігу яшчэ да таго, як па-расійску яе прачытаюць расійцы, а на сваіх мовах палякі, украінцы, літоўцы, латышы. Але найперш гэта радасць ад дасканалай працы аўтара і майстэрскай працы перакладчыка.

"У гэтыя бурлівыя часы мы павінныя любіць адно аднаго. І гэтая любоў абароніць нас", — гаворыць адзін з герояў кнігі. Гэта не банальнасць і не пафас. У найстрашнейшыя часы галоўнае, што трымае пры жыцці чалавека, — гэта еднасць душаў з каханымі і блізкімі.

На кожнай старонцы гэтай кнігі я адчуваў цеплыню роднага дома і бесклапотнае дзяцінства, якое забяспечвалі дзіцяці блізкія. "Хроніка ў камені" — раман пра любоў да свайго горада, да сваёй сям’і, сяброў, жанчын, да сваёй зямлі вачыма дзіцяці. Любоў без цынізму і разліку.

паводле svaboda.org

Чытайце таксама

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай 2018 увайшлі дзевяць паэтычных кніг

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

Найлепшая перакладная проза за 2017 па версіі Андрэя Хадановіча

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

Абвешчаны Доўгі спіс Прэміі імя Ежы Гедройца

Журы Прэміі імя Ежы Гедройца прачытала 32 пададзеныя на Прэмію кнігі і пасля абмеркавання зацвердзіла Доўгі спіс.

іншыя навіны
1092