№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Павал Касцюкевіч пра аўтограф Вонэгута і "Бойню №5 "

25 жніўня 2010

Павал Касцюкевіч пра аўтограф Вонэгута і
У інтэрв'ю Валянціне Аксак Павел распавёў пра працу над раманам Вонэгута.

Валянціна Аксак: Спадар Павал, чым вас прывабіў раман Курта Вонэгута “Бойня №5?”

Павал Касцюкевіч: Перакладаць амерыканскую літаратуру хацелася заўсёды, і я яе пачаў перакладаць значна раней за ізраільскую. Мне тады падавалася, што тое, што ляжыць пад нагамі, не вартае перакладу, у чым я потым шчасліва памыліўся. Але спярша ўсё ж было жаданне перакладаць творы з вялікіх літаратур – амерыканскай, французскай альбо польскай. А паколькі я ведаю ангельскую, дык вырашыў адразу перакладаць Курта Вонэгута. Ён прывабіў мяне надзённасцю сваёй праблематыкі для Беларусі, у якой па-ранейшаму Другая сусветная вайна з’яўляецца кутнім каменем у гісторыі. Хацелі б мы гэтага ці не хацелі – але яно так. І таму голас чалавека, які перажыў гэтую вайну і які мае сказаць штосьці адрознае ад афіцыйнага, вельмі прываблівае. Тут у чымсьці можна параўнаць Вонэгута з Быкавым – прыватны голас чалавека пра вайну.

Аксак: У першым раздзеле раману аўтар піша, што калі ён збіраў успаміны сведкаў бамбавання авіяцыяй саюзнікаў Дрэздэну (гэтыя падзеі леглі ў аснову “Бойні №5”), то жонка аднаго ягонага былога баявога сябра люта яго ўзненавідзела за тое, што ён варушыць гэтую балючую тэму…

Касцюкевіч: Тое, што напісаў Вонэгут, не ўсім спадабалася. Ягоную кніжку нават забаранялі, наколькі гэта магчыма зрабіць у ЗША, у першыя два гады пасля выдання. Цяжка было перастрававаць усю праўду пра тую бойню і зразумець, што на вайне часам не бывае белага і чорнага з розных бакоў, а толькі чорнае з абодвух, з абодвух церпяць мірныя жыхары.

Аксак: Вы пераклалі гэтую кніжку, калі Курт Вонэгут быў яшчэ жывы. Ці звязваліся вы з ім?

Касцюкевіч: Канечне, звязваўся. Проста чыста нават паразмаўляць праз перапіску хацелася, хоць, наколькі я ведаў, Вонэгут не вельмі сябраваў з інтэрнэтам. Але ўсё ж некалькі словаў я ад яго атрымаў. Ён напісаў мне аўтограф, які даслаў праз нью-ёркскага беларуса Лявона Юрэвіча. Менавіта спадар Юрэвіч стаўся пасярэднікам нашай дамовы з аўтарам наконт беларускага перакладу. А аўтограф Вонэгута цяпер у мяне дома ў рамцы вісіць.

Аксак: Што там напісана?

Касцюкевіч: Пажаданні поспехаў і адрас. Я атрымаў гэты аўтограф за некалькі месяцаў да смерці аўтара.

Аксак: А як ён успрыняў тое, што дзесьці ў далёкай маленькай Беларусі хочуць перакласці ягоны раман праз больш як сорак гадоў пасля ягонага выхаду і паспяховага прачытання ў многіх краінах свету?

Касцюкевіч: Узрадаваўся.

Аксак: Што-небудзь яшчэ з Курта Вонэгута збіраецеся перакладаць?

Касцюкевіч: Не. Пакуль што хачу перакладаць нешта весялейшае. Цяпер у мяне на стале ляжыць “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса. Гэта таксама фантастыка, але трошкі іншая, чым у Вонэгута, больш прыгодніцкая. “Бойня №5” – гэта ўсё ж псеўдафантастыка. Хоць там і ёсць прыхадні з космасу, усё ж гэта твор з выхадам у экзістэнцыю, а цяпер хочацца перакладаць штосьці лёгкае. “Аўтаспынам па Галактыцы”, спадзяюся, будзе кніжкай, якая прыйдзецца да смаку беларускаму чытачу.

Аксак: А ці плануецца прэзентацыя кніжкі “Бойня №5” і дзе й калі яна адбудзецца?

Касцюкевіч: Плануецца ў першых днях верасня ў кнігарні “Галерэі Ў”. Спадзяюся, на ёй выступяць і іншыя перакладчыкі і літаратары. Рэч у тым, што цяпер у Беларусі вельмі шмат хто перакладае амерыканскую літаратуру, і мяркую, што беларускім перакладчыкам ёсць што сказаць пра гэта

Аксак: Ці будзеце вы запрашаць на гэтую прэзентацыю каго-небудзь з амерыканскіх прадстаўніцтваў у Беларусі?

Касцюкевіч: Убачаць абвестку і прыйдуць самі. Амерыка вельмі цікавая краіна ў тым сэнсе, што яна – адзін з флагманаў свабоды на зямным шары, але яе літаратура вельмі рэзка крытыкуе дзяржаву, урад, яго палітыку. І гэта, напэўна, вельмі вабіць нашых перакладчыкаў. Тэма несвабоды чалавека ў грамадстве, нават вольным, вельмі вабіць і саміх амерыканскіх літаратараў. Яна праходзіць праз усю амерыканскую літаратуру. Што Джон Стэйнбек з “Гронкамі гневу”, што Курт Вонэгут, што Кен Кізі – там кожны апісвае сваю няволю, апісвае вельмі жыва, вельмі пераканаўча. Таму вельмі вабіць амерыканская літаратура беларускіх перакладчыкаў.

Фота users.livejournal.com/maryjka_
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

Найлепшая перакладная проза за 2017 па версіі Андрэя Хадановіча

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

Прэзентацыя зборніка вершаў Баляслава Лесьмяна

30 лістапада 2017 года а 19-ай гадзіне ў кнігарні “Сон Гогаля”(вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Баляслава Лесьмяна ў перакладзе…

Па-беларуску выйшаў знакаміты раман албанца Ісмаіла Кадарэ

Максім Мудроў пераклаў на беларускую мову раман Ісмаіла Кадарэ "Хроніка ў камені". Гэтая кніга лічыцца адным з самых вядомых твораў албанскага пісьменніка. А Кадарэ — зорка першай велічыні. Беларусы сталі…

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай 2018 увайшлі дзевяць паэтычных кніг

іншыя навіны
527