№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Мафекінгская дарога (Mafeking Road)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Калі людзі пытаюць мяне (сціпла пачаў дзядзька Схалк Лоўрэнс) — а робяць яны гэта часта, — як у мяне атрымліваецца расказваць найлепшыя ў Трансваалі гісторыі, я тлумачу, што вучуся рабіць гэта, проста назіраючы, як абыходзіцца з мужчынамі і жанчынамі жыццё. Калі я так кажу, яны з разумным выглядам ківаюць галовамі, маўляў, зразумела, і я таксама ківаю галавой з разумным выглядам, і здаецца, іх усё задавальняе. Але гэта, безумоўна, хлусня.

Бо з такога гісторыя не вырастае. Мае значэнне тое, як ты яе расказваеш. Самае важнае — гэта ведаць, што менавіта цяпер ты мусіш выбіць люльку на свой вельдскун [1] і што менавіта на гэтым павароце гісторыі самы час згадаць пра школьную камісію ў Драгефлеі. Яшчэ адна неабходная рэч — ведаць, якую частку гісторыі варта апусціць.

І гэтаму ўсяму ты ніколі не навучышся.

Зірніце на Флорыса, апошняга з Ван Барнэвелтаў. У яго, без сумневу, цікавая гісторыя, — ён проста мусіць правільна данесці яе людзям. Але дагэтуль ніхто і нічога не ведае — ні пра яго, ні пра тое, што ён мог бы расказаць. Проста таму, што ён не можа гэта як след апавесці.

І таму, слухаючы яго, я заўсёды маркочуся. Бо заўважаю, у якіх месцах ён робіць памылкі. Ён ніколі не ведае, у які момант трэба выбіць з люлькі попел. Ён заўсёды згадвае пра драгефлейскі школьны камітэт не там, дзе трэба. І, што самае горшае, ён не ведае, якую частку гісторыі апусціць.

І вучыць яго не мае ніякага сэнсу, бо, як я ўжо сказаў, гэтаму ўсяму ты ніколі не навучышся. І таму штораз, апавёўшы сваю гісторыю, ён, апошні з Ван Барнэвелтаў, адварочваецца ад мяне і з выразам асуджанасці на твары марудна сыходзіць па дарозе.

На сцяне вітальні Флорыса вісіць вялікае генеалагічнае дрэва роду Ван Барнэвелтаў. Можаце самі ў гэтым упэўніцца. Яго галлё сягае амаль на два стагоддзі, да Ван Барнэвелтаў амстэрдамскіх. Калісьці яно сягала яшчэ далей, але пасля на яго вершаліну залезлі тэрміты і ад’елі нямала Ван Барнэвелтаў. Тым не менш, калі вы зірняце на гэтае дрэва, то заўважыце ў самым яго нізе, уласна пад імем Флорыса, апошні запіс, “Стэфанус”. І пад гэтым запісам, пад імем “Стэфанус”, прачытаеце: “Obiit, Мафекінг” [2], [3].

У пачатку Другой англа-бурскай вайны [4] Флорыс ван Барнэвелт, удавец, жыў з сямнаццацігадовым сынам Стэфанусам. Атрады бураў вельмі весела пакідалі гэты раён Трансвааля. Мы зладзілі цудоўнае відовішча, на конях, у шырокіх капелюшах, з патранташамі — і сонца ззяла на ствалах нашых маўзераў.

Самым бестурботным быў сярод нас Стэфанус ван Барнэвелт. Ён казаў, што вайна не падабаецца яму толькі адным — што ў канцы нам давядзецца адправіцца за мора. Ён казаў, што калі мы захопім увесь Капскі паўвостраў [5], нашыя атрады будуць вымушаныя сесці на карабель і захапіць таксама і Англію.

Але тады мы не рушылі за мора. Хутка мы заўважылі, што наш вельдкарнэт [6] часта сыходзіць з каня і завязвае размову з мінакамі-кафрамі [7], адводзячы іх далей ад краю дарогі і сур’ёзна з імі нешта абмяркоўваючы. Безумоўна, наш вельдкарнэт рабіў правільна, калі тлумачыў кафрам, што цяпер пачалася вайна і што Рэспубліка чакае ад кожнага кафра, каб ён перастаў курыць так шмат дагі [8] і добра задумаўся над тым, што вакол адбываецца. Але мы заўважылі, што кожны раз пасля такіх размоваў кафр кудысьці паказваў пальцам і што нашаму вельдкарнэту было потым вельмі няёмка весці нас у кірунку гэтага пальца.

Безумоўна, мы разумелі, у чым справа. Наш вельдкарнэт быў маладым хлопцам і саромеўся паказаць нам, што не ведае дарогі на Мафекінг. Так ці іначай, пасля гэтага мы не вельмі яму давяралі.

Праз некалькі дзён мы дабраліся да Мафекінга. Там мы доўгі час стаялі — пакуль не наблізіліся ангельскія войскі і не знялі аблогу горада [9]. Тады мы сышлі. Сышлі вельмі хутка. Ангельскія войскі прывялі з сабой шмат артылерыі. І калі, шукаючы дарогу на Мафекінг, мы мелі пэўныя складанасці, дарогу з Мафекінга мы адшукалі вельмі лёгка. Цяпер нашаму вельдкарнэту не былі патрэбныя кафры, каб паказаць пальцам кірунак. Нават калі даводзілася ісці ноччу.

Нашмат пазней я расказаў пра гэта аднаму ангельцу. І ён прызнаўся, што адчуў нешта незвычайнае, пачуўшы пра другі бок мафекінгскай гісторыі. Ён сказаў, што калі аблогу знялі, у Англіі было вялікае свята, а таму яму дзіўна думаць пра іншае ўспрыняцце гэтай падзеі — пра пераможаную краіну і разбітыя калоны, што навобмацак рухаліся ў цемры.

Я помню многае, што адбывалася на зваротным шляху з Мафекінга. Не было месяца. Зоры неяк нераўнамерна асвятлялі дарогу, забітую пушкамі, спалоханымі коньмі і людзьмі ў адчаі. Вельд [10] дрыжаў пад ударамі капытоў збянтэжаных атрадаў. Зоры глядзелі на гэтае відовішча, што было змрочным сведчаннем руйнавання нацыі, яны глядзелі на рулі маўзераў, што першы раз страцілі Трансвааль.

Безумоўна, я, як бур Рэспублікі, ведаў свой доўг. Ён палягаў у тым, каб апынуцца як мага далей адтуль, ад таго месца, дзе я апошні раз бачыў на заходзе сонца ангельскую артылерыю. Астатнія буры таксама ведалі свой доўг. Нашыя каманданты [11] і вельдкарнэты вельмі рэдка аддавалі загады. І нягледзячы на тое, што я скакаў вельмі хутка, быў адзін юнак, які скакаў яшчэ хутчэй. Ён увесь час трымаўся перада мной. Ён скакаў так, як мусіць скакаць бур, калі яго можа зачапіць выпадковая куля, — з нізка апушчанай галавой, амаль абняўшы рукамі шыю каня.

Гэта быў Стэфанус, малады сын Флорыса ван Барнэвелта.

Крыху пазней, калі нашыя камандзіры паспрабавалі зноў прывесці атрады ў парадак, было шмат нараканняў і незадаволенасці. Урэшце яны загадалі нам зрабіць прывал. Але большасць сярод нас лічыла гэта дурасцю. Асабліва зважаючы на тое, што стральба дагэтуль не сунялася — паўсюль раздаваліся бессістэмныя стрэлы, і мы не маглі зразумець, ці далёка тыя ангельцы, што пераследуюць нас у цемры. Больш за тое, атрады рассеяліся ў самых розных кірунках, а таму сабраць іх раней, чым скончыцца вайна, здавалася справай безнадзейнай. Стэфанус і я спешыліся і стаялі ля коней. Хутка вакол нас сабраўся вялікі натоўп. У святле зор людзі выглядалі прывідна і дзіўна. Некаторыя стаялі ля сваіх коней. Іншыя сядзелі на траве наўзбоч дарогі. Ад нашых афіцэраў ішлі загады: “Vas staan, буры, vas staan!” [12] Але ў той жа час мы чулі штосьці падобнае да выбухаў лудыту [13]. Стаяць і чакаць тут было глупствам.

— Цяпер яны хочуць, — сказаў Стэфанус ван Барнэвелт, — каб мы вярнуліся ў Мафекінг. Магчыма, наш камандант забыў там свой капшук.
     
Хтосьці засмяяўся, але Флорыс, не злазячы з каня, сказаў, што Стэфануса за такія словы трэба прысароміць. Выгляд Флорыса, наколькі мы маглі разгледзець у цемры, вельмі ўражваў — бур роўна трымаўся ў сядле, святло зор падала на яго бараду і вінтоўку.

— Калі вельдкарнэт скажа мне ісці назад у Мафекінг, — сказаў Флорыс, — я пайду.

— Гэта словы сапраўднага бура, — адзначыў вельдкарнэт, пачуваючыся ўсцешаным. Бо ён не меў над намі шмат улады з таго самага часу, калі мы зразумелі, пра што ён гаворыць з кафрамі.

— А не пайду ў Мафекінг, хто б мне ні загадаў, — адказаў Стэфанус, — хіба толькі здацца ангельцам.

— За гэта мы можам цябе застрэліць, — сказаў вельдкарнэт. — Гэта супярэчыць ваенным законам.

— Хацеў бы я ведаць штосьці пра ваенныя законы, — абарваў яго Стэфанус. — Тады б я падпісаў мірнае пагадненне паміж Стэфанусам ван Барнэвелтам і Англіяй.

Хтосьці зноў засмяяўся. Але Флорыс сумна апусціў галаву. Ён сказаў, што Ван Барнэвелты мужна змагаліся з Гішпаніяй у вайне, якая доўжылася восемдзесят гадоў.

Раптам праз цемру прарваліся рэзкія чэргі стрэлаў, і нашыя людзі зноў захваляваліся. Але Стэфанус прыняў рашэнне. Ён імкліва ўскочыў на каня.

— Я вяртаюся назад, — сказаў ён. — Хачу здацца ангельцам.

— Не, стой! — запінаючыся, закрычаў яму вельдкарнэт. — Ці хаця б пачакай да ранку! Яны могуць памылкова забіць цябе ў цемры.

Як я ўжо казаў, улады вельдкарнэт меў няшмат.

Прайшло два дні, перш чым мы зноў убачылі Флорыса ван Барнэвелта. Ён быў вельмі памяты і ўстрывожаны і сказаў, што дабрацца да нас было вельмі складана.

— Трэба было спытаць кафраў, — сказаў хтосьці з нас са смехам. — Усе кафры ведаюць нашага вельдкарнэта.

Але Флорыс не расказаў, што адбылося той ноччу, калі мы бачылі, як ён у святле зор паскакаў за сваім сынам, заклікаючы яго быць чалавекам і змагацца за сваю краіну. Флорыс больш ніколі не згадваў Стэфануса, свайго сына, які быў не варты звацца ван Барнэвелтам.

Пасля гэтага нас раздзялілі. Наш вельдкарнэт першы трапіў у вязню. Я часта думаю пра тое, як самотна яму на востраве Святой Алены [14]. Бо там няма кафраў, якія падказалі б яму дарогу з лагера за калючым дротам.

Тады нашыя камандзіры ўрэшце сабраліся пад Ферэніхінгам [15], і мір быў падпісаны. Мы вярнуліся на свае фермы, супакоіўшыся, што вайна скончылася, але з цяжкімі сэрцамі — бо ведалі, што ўсё гэта не мела сэнсу і што Vierkleur [16] больш ніколі не залунае над Трансваалем.

Флорыс ван Барнэвелт вярнуў на месца, на сцяну ў вітальні, копію генеалагічнага дрэва, якую ў вайну насіў з сабой у ранцы. Калі новы школьны настаўнік завітаў у гэты раён ракі Марыка, то пасля доўгай размовы з Флорысам ён напісаў пад імем Стэфануса паміж дзвюх крывых два словы, якія дагэтуль можна там прачытаць: “Obiit, Мафекінг”.

А таму, калі вы спытаеце каго-небудзь з мясцовых, што значыць “obiit”, вам адразу ж змогуць адказаць, што гэта замежнае слова, што яно абазначае “скакаць да ангельцаў, падняўшы ўверх свой маўзер з завязаным на рулі белым сцягам”.

Але толькі праз шмат гадоў Флорыс ван Барнэвелт пачаў расказваць гэтую гісторыю.

І яны не звярнулі на яго ўвагі. І яны не прызначылі яго ў драгефлейскі школьны камітэт з той прычыны, што чалавек, які так безнадзейна пра штосьці расказвае, мусіць быць не зусім нармальным.

Але я ведаю: гісторыя Флорыса — гэта добрая гісторыя. Яго адзіная памылка — гэта тое, што ён кепска яе расказвае. Ён занадта рана згадвае пра драгефлейскі школьны камітэт. Ён выбівае попел з люлькі не там, дзе трэба. І ён заўсёды спрабуе расказаць тое, што варта было б апусціць.



 

[1] Вельдскуны (veldskoens) — моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).

[2] Obiit — памёр (лац.).

[3] Мафекінг (цяпер Мафікенг) — горад у ПАР, цэнтр Паўночна-заходняй правінцыі. Знаходзіцца на мяжы з Батсванай.

[4] Другая англа-бурская вайна — 1899—1902 гг.

[5] Капскі паўвостраў — паўвостраў у паўднёва-заходняй частцы Афрыкі на тэрыторыі ПАР, на паўднёвым канцы якога месціцца Мыс Добрай Надзеі, а на поўначы — сталіца ПАР Кейптаўн (Капстад). Паўвостраў быў каланізаваны галандскімі пасяленцамі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, аднак у 1806 годзе калонію захапіла Вялікабрытанія.

[6] Вельдкарнэт (veldkornet) — ваенны афіцэрскі чын у паўднёваафрыканскай арміі, адпавядае лейтэнанту (афр.).

[7] Кафры — назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

[8] Дага (афр. dagga) — каноплі, марыхуана.

[9] Маецца на ўвазе знакамітая аблога Мафекінга, якая цягнулася 217 дзён з кастрычніка 1899 па травень 1900. Зняцце гэтай аблогі сталася вырашальнай перамогай для ангельцаў і цяжкай паразай для бураў.

[10] Вельд (veld) — паўднёваафрыканскі стэп (афр.).

[11] У Паўднёвай Афрыцы камандантамі ў ХІХ і пачатку ХХ ст. называлі камандзіраў атрадаў.

[12] Vas stаan! — Стаяць! (афр.).

[13] Лудыт — моцная выбухоўка, што ўтрымлівае пікрынавую кіслату. Выкарыстоўвалася пераважна ангельцамі падчас англа-бурскіх войнаў.

[14] Востраў Святой Алены ангельцы выкарыстоўвалі як вязню (самы знакаміты зняволены — Напалеон). Туды былі высланыя каля 5 тысяч бураў.

[15] Ферэніхінг (Vereeniging) — адзін з адміністрацыйных цэнтраў ПАР. Назва горада перакладаецца як “саюз, аб’яднанне”. Падчас Другой англа-бурскай вайны ля Ферэніхінга ангельцы размясцілі вялікі канцэнтрацыйны лагер, а ў 1902 годзе ў горадзе прайшлі перамовы, пасля якіх вайна была спыненая.

[16] Vierkleur (літ. “чатырохкалор”) — нацыянальны сцяг Трансваальскай Рэспублікі (1857—1874, 1875—1877, 1881—1902), а пасля — Паўднёвай Афрыкі (1928—1994). Мае тры гарызантальныя палоскі чырвонага, белага і сіняга колеру, а таксама вертыкальную — зялёную.


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.


© Ганна Янкута, пераклад, каментар

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

497