A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Скокі чорных гарылаў
…Празь некалькі месяцаў кіраваньня А. Лукашэнкі зьявіўся антыкарупцыйны даклад С. Антончыка – ён ужо абвінавачваў у карупцыі блізкае атачэньне Лукашэнкі, ягоных паплечнікаў і хаўрусьнікаў на выбарах. Лукашэнка знаходзіўся ў залі паседжаньняў, сачыў, прыкрыўшы твар рукой, за рэакцыяй дэпутатаў. Пасьля дакладу я на гасьцявых месцах чакаў міністра, зь якім трэба было перакінуцца словам. Побач сядзеў А. Фядута. Падышоў Лукашэнка і ў рэзкай форме запатрабаваў ад Фядуты: «Аніякіх дакладаў у прэсе быць не павінна». Фядута разьвёў рукамі, спрабаваў нешта казаць. «Ніякай прэсы, адказваеш галавой». Назаўтра ўсе газэты ў Беларусі выйшлі зь белымі плямамі...
Усе дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня добра ведалі дэпутата А. Лукашэнку і ягоныя здольнасьці. Таму прэзыдэнт А. Лукашэнка пачуваўся дыскамфортна ў залі паседжаньняў. Мяркую, гэта і было адной з прычынаў абвяшчэньня рэфэрэндуму 1995 г. Пра галадоўку ў Вярхоўным Савеце я даведаўся ў інстытуце. У той час я атрымліваў другую адукацыю і здаваў экзамэнацыйную сэсію. У інстытут, дзе я навучаўся, прыехаў дэпутат Янец А. А. і Вярцінскі А. Э. Яны мне і паведамілі, што ў залі Вярхоўнага Савету дэпутаты ад апазыцыі абвесьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць плянаванага рэфэрэндуму. Я прыяжджаю ў Вярхоўны Савет і бачу, што дэпутаты ад апазыцыі сядзяць вакол трыбуны. Сумненьняў быць не магло: там і маё месца. Заканчваецца пленарнае паседжаньне, усе пачынаюць разыходзіцца. З намі застаюцца журналісты, прыяжджаюць прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў, прывозяць спальныя мяхі і мінэральную ваду. Лекар тлумачыць нам, што вады мы павінны піць ня менш як тры літры на дзень. Інакш чакае абязводжваньне арганізма. Увечары ахова на чале зь Цесаўцом М. М. выгнала ўсіх журналістаў. Каля 23-й гадзіны да нас прыходзяць вайскоўцы і гавораць, што заля замінаваная і мы мусім яе пакінуць. Разумеем, што гэта надумана, але тым ня менш размова носіць нэрвовы характар. Я прапаную палкоўніку, які прывёў вайскоўцаў, агледзець нашыя рэчы, затым па чарзе – усе сэктары залі, а мы, каб не замінаць, пяройдзем у агледжаны сэктар. Палкоўнік пагаджаецца. Вайскоўцы, відавочна, першых дзён службы, калі меркаваць па тым, як запраўленая іх вопратка, пачынаюць аглядаць залю, абмацваць выбарачна некаторыя крэслы. Самае галоўнае, што мы знайшлі ўзаемапаразуменьне. Палкоўнік бачыць увесь абсурд таго, што адбываецца, і адчувае сябе праз адведзеную яму ролю відавочна ніякавата. Лёня Зданевіч за гэты час зрабіў сяброўскі шарж і падараваў яго палкоўніку. На разьвітаньне мы паціснулі адзін адному рукі, вайскоўцы пакінулі залю. Да ўсеагульнага задавальненьня, мы здолелі пазьбегнуць усялякіх эксцэсаў. Гэты час выдаўся для мяне даволі напружаным. Да абеду я быў на пленарных паседжаньнях, пасьля абеду – іспыты ў інстытуце, на падрыхтоўку заставалася ноч. Я папросту не высыпаўся. Здымаю зь сябе пінжак, вешаю на сьпінку крэсла, таму што пераапрануцца не было ў што. Сьцялю спальны мех і мару толькі пра адно: выспацца. Празь некаторы час ізноў зьяўляецца Цесавец з брытагаловымі мацакамі ў скуранках, падобнымі да бандытаў з расейскіх баевікоў. Мы сядаем у сэктары Прэзыдыюму, бярэм пад локці адзін аднога, сашчэпліваем рукі ў замок. Чуем ультыматум Цесаўца: неадкладна вызваліць залю. Лёня Зданевіч спрабуе зьвярнуцца да ягонага сумленьня: «Міша, ты ж побач сядзіш, як ты потым будзеш глядзець нам у вочы?» Тым ня менш, даецца каманда выдаліць нас з залі. Брытагаловыя спрабуюць вырваць Барыса Гюнтэра, які сядзіць каля мяне. Да іх зьвяртаецца Алег Трусаў: «Падумайце, што вы робіце? Вас усіх будуць судзіць». Гюнтэра пакідаюць у спакоі. «Няхай начальства само разьбіраецца», – з гэтымі словамі, лаючыся матам, брытагаловыя сыходзяць. Будынак Вярхоўнага Савету – тыповая пабудова сталінскага часу. Заля паседжаньняў мела авальную форму. Уверсе – галерэя. Там знаходзіліся два ці тры кінаапэратары, якія бесьперапынна вялі здымкі з розных пунктаў. Здымкі не спыняліся нават тады, калі дэпутаты пераапраналіся. На ўсе заўвагі яны не рэагавалі. Пачуўся тэлефонны званок: у залі паседжаньняў былі два тэлефоны, якія пазьней адключылі. Я падняў слухаўку. Званіла польская журналістка. Яна папярэдзіла, што ў двор Вярхоўнага Савету зьяжджаюцца вайсковыя машыны з вайскоўцамі ў незнаёмай ёй форме. Час позьні, мы вырашылі класьціся спаць і прызначыць дзяжурных. Першымі несьлі варту В. Голубеў і С. Антончык. Я лёг і адразу заснуў. Пабудзіў гучны крык: «Вайскоўцы!» Адразу запалілася сьвятло. Пачуўся тупат сотняў ботаў. Ва ўсе адчыненыя дзьверы пачалі ўбягаць узброеныя вайскоўцы. Яны запоўнілі як верхнюю, так і ніжнюю галерэю па ўсім пэрымэтры залі. Мы ізноў занялі свае месцы. Зь левага боку ад мяне сядзеў У. Заблоцкі, а з правага боку – М. Маркевіч. Увайшоў Цесавец: «Даю вам пяць хвілінаў, каб пакінуць залю», – і выйшаў. Праз паўхвіліны ўсе дзьверы расчыніліся ізноў. У залю ўбягалі людзі ў чорным – іх было тры групы. Адрозьніваліся яны тым, што ў першай былі больш вузкія шчыліны для вачэй, у другой было відаць нават частку носа, трэцяя – таксама ў масках – мела паўвайсковую форму. Усе тры групы з разгону скакалі ў сэктар, дзе мы сядзелі. Нечакана падхапіліся Зянон Пазьняк і Ігар Гермянчук. Яны сарвалі маскі з нападнікаў, і тыя ўпалі на падлогу, закрываючы твары. Яны ўсьведамлялі, што рабілі. Усё відовішча нагадвала танец чорных гарылаў. Яны працягвалі скакаць нават адзін на аднога, таму што нашых целаў ужо не было відаць. Першым адарвалі М. Маркевіча, потым Заблоцкага. Адна з «гарылаў» абхапіла маю галаву ззаду і пачала круціць. Ад болю я выгнуўся – і мяне заклініла паміж іх шэрагамі. Пабачыўшы, што нічога не атрымліваецца, мяне пачалі круціць у іншы бок. У той жа час чарговая «гарыла» скочыла з разгону нагамі мне на грудзі. Я адчуў рэзкі боль у хрыбце і страціў прытомнасьць. Ачомаўся я, калі мяне выцягнулі наверх. Вайскоўцы зьбіралі раскіданыя па залі рэчы. Мяне паставілі на ногі, заламаўшы рукі за сьпіну, і перадавалі з рук у рукі, з каманды ў каманду. У руках за сьпінай я трымаў дыплямат. Мяне падвялі да дзьвюхстворкавых дзьвярэй. Адну палову ўжо закрылі, і каб прайсьці ўтрох, ім давялося мяне прыўзьняць. Рэзкі крык – і мяне зноў сагнулі. У фае я пасьпеў убачыць некалькі шэрагаў вайскоўцаў. На падлозе чамусьці ляжалі кулямёты. Зь левага боку стаялі таксама амаль шэрагам людзі ў цывільным, з добра начышчаным абуткам. Магчыма, хтосьці зь іх, баючыся, што я іх пазнаю, і крыкнуў, каб мяне нахілілі. Мне трымалі рукі заломленымі за сьпіну. З аднаго боку быў чалавек невысокага росту, а з другога – бамбіза. Гэта стварала дадатковы боль. Мяне прыўзьнялі ў паветры і з усяго маху ўдарылі сьпінай аб сьцяну так, што заняло дых, а потым бегма панесьлі па лесьвіцы, усё ў тым жа сагнутым стане. Гэта паўтаралася некалькі разоў. «Гарылы» выпраўлялі сваю памылку і дэманстравалі майстэрства людзям у цывільным. Ня бачыць яны гэтага не маглі. Гэтак мяне выцягнулі на вуліцу, і першымі я ўбачыў міліцыянэраў з аховы. «Што ж вы глядзіце, сёньня зьбіваюць нас, заўтра тое самае зробяць з вамі!» – папікнуў іх я. «А што мы можам зрабіць?» – вінавата адказалі міліцыянэры. З разгону мяне кінулі ў міліцэйскі ўазік. У машыне едзем з Л. Дзейкам і А. Малашкам. «Куды везьці?» – пытае кіроўца-міліцыянэр. Я кажу: куды сказалі, туды й вязі. Я лічыў, што нас ужо не адпусьцяць – мы ж самыя галоўныя сьведкі гэтага злачынства. Нехта запатрабаваў, каб нас везьлі да Вярхоўнага Савету на вул. Карла Маркса, 38. З будынку выйшаў палкоўнік: «Людзі, мне загадалі вас нікога не пускаць». Мы вырашылі ісьці ў гатэль «Кастрычніцкі», у якім тады жылі дэпутаты. Там сталі зьбірацца ўсе пацярпелыя. Апошнім прыйшоў Саша Шут. Ён працаваў галоўным лекарам у Плешчаніцах, найдабрэйшай душы чалавек. Ён сказаў, што іх прывезьлі да помніка Я. Купалу і жорстка зьбілі. Усё цела ў яго было ў гематомах. Як пазьней высьветлілася, нас усіх меліся вывезьці менавіта туды, і ўсіх мусілі зьбіць яшчэ, гвалтам уліўшы кожнаму гарэлкі і патлумачыўшы журналістам, што гэта п’яная бойка. Спахапіліся ў апошні момант – зразумелі, што побач амаль усю ноч заставаліся журналісты, яны збольшага бачылі, што адбывалася насамрэч. Каманда «адбой» паступіла занадта позна, таму першую машыну завезьлі менавіта туды. Уначы нам аказалі і першую мэдычную дапамогу. Зранку мы вырашылі, што частка дэпутатаў ідзе да Грыба М. І., а астатнія – у Менскі гарсавет, дзе зьбярэм прэс-канфэрэнцыю. Я быў у другой групе. На перамовах Грыб М. І. заняў нармальную пазыцыю, назваў усё гэта дзяржаўным пераваротам. Калі мы падышлі да Менскага гарсавету, вакол стаяла вайсковае ачапленьне. У гарсавет не прапускалі, тым ня менш, каля яго пачыналі зьбірацца людзі. Мы разумелі, што іх трэба адводзіць далей ад небясьпекі. Многія былі са сьцягамі, вайскоўцы спрабавалі іх выдзіраць, хаця гэта была яшчэ дзяржаўная сымболіка. Я бяру сьцяг у М. Статкевіча і адводжу людзей у сквэр на Кастрычніцкай плошчы. Дзясяткі спэцслужбоўцаў з кінакамэрамі дэманстратыўна здымаюць з розных пунктаў, спрабуючы псыхалягічна ціснуць на людзей. У сквэры пачынаецца мітынг, кінакамэраў робіцца яшчэ больш. Адзін «апэратар» наступае мне на ногі. Я не вытрымліваю, зрываюся і бяру яго за грудкі. Сказалася нэрвовае напружаньне апошняга дня. «Кіношнік» відавочна перапалоханы, ён пачынае нешта мармытаць у сваё апраўданьне. Я кажу яму: не замінайце людзям, вось разыдуцца ўсе, тады вы свой кадэбэшны мітынг і праводзьце. Працягнуць галадоўку далей магчымасьці не было, паколькі нам прапанавалі кожнаму знаходзіцца асобна ў сваім кабінэце. Прэзыдэнт нас па-ранейшаму баяўся, а паасобку нас маглі проста вывезьці і зрабіць усё, што заўгодна. Ніхто з нас страху не адчуваў. Была проста горыч ад свайго бясьсільля, ад нахабства і бандыцкіх дзеяньняў улады. На другі дзень сэсія пачалася па абедзе. Парадныя дзьверы ў залю паседжаньняў ВС былі зачыненыя, дэпутатаў апазыцыі (і ня толькі) спрабавалі не прапусьціць. Мы прайшлі праз саўмінаўскі ўваход, але і тут нам заступілі дарогу. З намі аказаўся і генэральны пракурор В. Шаладонаў – яго таксама не прапускалі. Людзей было шмат, усе абураліся. Ня вытрымаўшы націску, ахова расступілася. Так мы трапілі ў залю паседжаньняў. Сымпатыі дэпутатаў былі відавочна на нашым баку. Устаў Ігар Пырх і зьвярнуўся да нас: «Людзі, учора я ня быў з вамі, калі вы мне даруеце, я далучаюся да вас». Напалоханы тым, што адбывалася, быў ня толькі Лукашэнка, але і непасрэдныя выканаўцы загадаў. З залі рэціраваўся палкоўнік М. Цесавец, але, на жаль, скарыстацца з гэтага мы ня здолелі. З. Пазьняк прапанаваў нам пакінуць залю паседжаньняў, бо ў гэтай залі зьбілі дэпутатаў, тут пралілася кроў, прысутнічаць тут, а тым больш праводзіць паседжаньне амаральна. Мы сышлі. З гэтага скарыстаўся А. Лукашэнка. За далейшыцм ходам паседжаньня мы сачылі з прэс-цэнтру. Уразіў М. Дземянцей, былы старшыня Вярхоўнага Савету – выплеснуў усю сваю злосьць: «Правільна зрабілі, мала далі!» Далей ня менш цынічна выступаў А. Лукашэнка. Нас ён абвінавачваў у тым, што ўсе мы былі п’яныя, з жанчынамі, і самі сябе зьбілі. А ён, маўляў, як узорны прэзыдэнт, клапаціўся толькі пра тое, каб ня выбухнула бомба. І паабяцаў паказаць па тэлебачаньні відэазапіс начных падзеяў. Але не паказаў і ніколі не пакажа, бо людзі скалануцца ад таго, што адбылося, дый ад таго, які чалавек імі кіруе. Гэта бачылі і разумелі многія прысутныя ў залі. І каб заліць іх сумленьне, згодна з распараджэньнем Лукашэнкі для іх зладзілі банкет. У гатэль «Кастрычніцкі» яны вярталіся позна ўвечары, абдымаючы і падтрымліваючы адзін аднога. Ці захаваюць яны ў памяці свой учынак, ня ведаю, але іх твары захавала фатаграфія, зробленая ў той дзень зь першым беларускім прэзыдэнтам. Прамінула амаль дванаццаць гадоў з часу тых падзеяў, але яны не забываюцца. З вышыні сёньняшняга дня можна паспрабаваць спакойна іх прааналізаваць. Што страшнага адбылося ў тую ноч? Улада растаптала чалавечыя законы, праліла кроў. З гэтага моманту для А. Лукашэнкі сэнсам жыцьця зрабілася толькі ўтрыманьне ўлады любым коштам. Калі некаторыя аналітыкі называюць А. Лукашэнку моцным палітыкам, я не магу з гэтым пагадзіцца. Моцны чалавек і моцны палітык кіруецца маральнымі нормамі і законамі. Сіла ня ў тым, каб зьбіваць чужымі рукамі тысячы сваіх суграмадзянаў, нязгодных з табой, тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту. Моцны чалавек на пасадзе прэзыдэнта думае пра тое, як зьмяніць жыцьцё людзей да лепшага і, зрабіўшы гэта, у пару сысьці. У слабога іншыя ўяўленьні: яго паўсюль перасьледуюць ворагі. Ён усіх баіцца, нікому не давярае, яму сьняцца закалоты, ён баіцца свайго народу і прачынаецца ў халодным поце толькі ад думкі, што можа страціць уладу. Ён ніколі добраахвотна не адмовіцца ад улады, дзеля яе ўтрыманьня ён здольны на ўсё. У зьбіцьці дэпутатаў удзельнічалі спэцпадразьдзяленьні КДБ, МУС і войска. Чаму задзейнічалі гэтак багата сілаў і розных падразьдзяленьняў? Таму што ніводнаму зь іх Лукашэнка не давяраў. Ці павінны гэтыя людзі адказваць за ўчыненае? Як чалавек я ім дарую, але як дэпутат – не. Тыя, хто аддаваў злачынныя загады, павінны несьці адказнасьць, каб у будучыні ў чыімсьці хваравітым мозгу не магла ўзьнікнуць нават падобная думка.
З расейскай
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |