A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Разгон
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання

Мікалай Кржыжаноўскі
Са збіцця дэпутатаў пачалася дыктатура…

…Па абранні Лукашэнкі прэзідэнтам краіны пачаўся наступ на беларушчыну, на галоўныя прыкметы беларускай дзяржаўнасці, перадусім на мову і дзяржаўныя сімвалы. Мы спрабавалі рабіць, што маглі, каб спыніць гэтую згубную палітыку, але бачылі, што нашыя намаганні марныя.

Калі на сесіі Вярхоўнага Савета ў красавіку 1995 г. Лукашэнка ўнёс прапанову аб рэферэндуме, мы адразу ўбачылі ў ім спробу знішчыць асновы нашай дзяржаўнасці: мову, дзяржаўныя сімвалы краіны.

Пазьняк 11 красавіка з трыбуны ВС сказаў, што прэзідэнт навязвае нашаму грамадству антыканстытуцыйны рэферэндум, што мы вычарпалі ўсе магчымасці і ў нас няма іншага выйсця, апроч галадоўкі, і мы аб’яўляем яе тут, у гэты час, у гэтай зале. Ён пайшоў і сеў на прыступку каля трыбуны. Мы далучыліся да яго. Усё адбылося спантанна. Нікога не трэба было пераконваць у слушнасці такога кроку. Мы былі гатовыя на ўсё, каб не дапусціць ганебнага рэферэндуму.

Зала ВС сустрэла нашу акцыю доўгім маўчаннем. Прысутныя дэпутаты не разумелі, як гэта іх калегі будуць галадаць проста ў зале пасяджэнняў. Яны спрабавалі працягваць працу, як быццам бы нічога не здарылася. Я не сумняюся, што наш учынак уразіў прысутных дэпутатаў настолькі, што яны завалілі ўсе прапановы Лукашэнкі, нягледзячы на ўсе яго намаганні. У той дзень нам удалося сарваць прыняцце рашэння пра рэферэндум.

Мы бачылі, што пачалі сваю акцыю не марна, бо першы ж дзень даў свой плён. І тады Лукашэнка і яго хаўруснікі, якія ўсё адсочвалі, зразумелі, што пакуль у сценах Вярхоўнага Савета будзе доўжыцца галадоўка, у іх нічога не атрымаецца. Таму і вырашылі любым шляхам выкінуць галадоўнікаў з парламента.

Пасля 18-й гадзіны да нас пачалі прыходзіць усякія парламенцёры менавіта з аховы прэзідэнта. Быў кіраўнік аховы са стрыжанымі хлопцамі ў скураных куртках. Яны спрабавалі нам нешта давесці, казалі, што зала замінаваная і яе трэба пакінуць.

Потым, гадзіне а 12-й ночы, заходзілі па-вайсковаму апранутыя сапёры шукаць міну. Яны недзе за паўгадзіны праверылі залу, але нічога не знайшлі. Потым іншыя пасланцы пераконвалі нас, што ўжо позна і залу трэба вызваліць і зачыніць. Мы адказалі, што мы не пабочныя асобы, а народныя дэпутаты, што мы праводзім галадоўку на працоўным месцы. Яны пагражалі вывесці нас гвалтам і нават спрабавалі цягнуць некаторых за рукаво. Мы адказвалі: не маеце права, не забывайце, што за гэта вы будзеце несці не проста дысцыплінарную, а крымінальную адказнасць. І так цягнулася гадзіны да 2-й ночы.

Хіліла ў сон, і каля 2-й гадзіны мы задрамалі, хто дзе ўладкаваўся: проста на падлозе ці ў крэслах. Дзяжурства мы не прызначалі. Раптам скрозь сон я пачуў крык Голубева: «Уставайце, уставайце!» Мы хуценька паўскоквалі са сваіх месцаў. Загарэлася святло, і я ўбачыў, што па ўсёй Авальнай зале і наверсе шчыльна адзін да аднаго стаяць узброеныя вайскоўцы. Відаць, яны хацелі пахапаць нас соннымі. Хтосьці з іх (здаецца, Каралёў) нас яшчэ раз папярэдзіў, каб мы пакінулі залу, бо інакш яны пусцяць у ход сілу. Мы паспелі ім адказаць: добраахвотна не сыдзем. Мы паселі ў крэслы на месцы прэзідыума і ўчапіліся за рукі.

У гэты момант на кожнага з нас накінулася па 3–4 «гарылы» ў чорных масках са шчылінамі для вачэй. Яны былі без зброі, але, відаць, добра натрэніраваныя. Падскочыўшы да мяне, двое адразу закруцілі мне рукі, а адзін пачаў біць па спіне ззаду. Мяне вырвалі з месца і павалаклі тварам уніз. Яны моцна скруцілі мне рукі і білі. Я паспеў убачыць валтузню вакол Пазьняка – яму ціснулі на вочы. Я чуў, як яны раўлі. Аднаму з іх І. Гермянчук, цяпер нябожчык, паспеў сарваць маску. Нападнік затуліў твар, кінуў ахвяру.

Відэакамеры я добра бачыў. Было іх 2 ці 3, а адна наверсе, здаецца, стацыянарная. Пачалі яны здымаць гадзіны з 18-й, як толькі закончылася пасяджэнне ВС, і здымалі бесперапынна ўвесь вечар да той пары, пакуль мы не выключылі святло і не палеглі адпачываць.

Нападнікі выводзілі мяне ў дзверы направа, у вузкі двор. Я заўважыў, што ўздоўж шчыльна стаялі ўзброеныя міліцыянты. Я кажу ім: «Хлопцы, чаму вы моўчкі глядзіце?» Яны не рэагавалі. Затым мяне, як бервяно, укінулі ў міліцэйскі ўазік з металічнай падлогай. Я не разбіў галаву толькі таму, што паспеў прыкрыць яе рукамі. Доўга нас па Менску не вазілі – выкінулі недзе ў раёне вул. Казлова. Праз некалькі гадзін мы сабраліся ў гатэлі «Кастрычніцкая». Некалькі чалавек пайшлі ў пракуратуру. Мы напісалі калектыўную заяву, на падставе якой была распачатая крымінальная справа. Следчы Язэп Бройлішс асабіста дапытаў кожнага з нас, размаўляў падрабязна і доўга, затым накіраваў на медыцынскую экспертызу. У мяне да таго часу апухлі абедзве лапаткі – яны балелі яшчэ тыдні два. У Пазьняка твар быў у сіняках. У А. Шута па дыяганалі на спіне – след дубінкі. У А. Трусава – сінякі на нагах.

Назаўтра нас не пускалі на пасяджэнне Вярхоўнага Савета міліцыянты, хоць я паказваў ім дэпутацкае пасведчанне. Не пускалі нават Васіля Шаладонава – відаць, памыліліся. Памятаю, што І. Гермянчук, тады рэдактар «Свабоды», змясціў у газеце фота, як В. Шаладонава не пускалі ў будынак ВС услед за мной. Пад здымкам – подпіс: «А гэтага за што?» Праўда, хвілін праз 10 ахоўнікі атрымалі нейкую каманду і прапусцілі нас. Мы прыйшлі ў залу са спазненнем, няголеныя, змораныя і збітыя. Дэпутат Шут паказваў проста на пасяджэнні ВС сваю спіну з пісягамі ад пабояў. А з залы гучала: «Мала далі».

Жадання працягваць галадоўку ўжо не было: калі нас выкінулі з залы ВС, дык і зноў выкінуць. Аднак мы разлічвалі на грамадскі рэзананс, на тое, што крымінальную справу давядуць да канца. Лукашэнка потым выступаў, маўляў, я вам пакажу, як яны там «галадавалі» і чым займаліся. А няхай бы паказаў. Я не сумняюся, што адпаведныя відэазапісы засталіся. Дарэчы, хтосьці з нашых дэпутатаў бачыў у двары, калі мы клаліся спаць у зале ВС, прэзідэнцкі «мерседэс».

Як толькі Лукашэнка стаў у 1994 г. прэзідэнтам, ён адразу павёў наступ на Вярхоўны Савет, каб умацаваць асабістую уладу. Ён не хацеў дзяліцца ні з кім сваімі паўнамоцтвамі. Ён разумеў, што самастойны парламент створыць такія законы, якія абмяжуюць уладу прэзідэнта. Са збіцця дэпутатаў у Беларусі пачала замацоўвацца дыктатура А. Лукашэнкі. Сёння відавочна, што ў нашай краіне не дзейнічае прынцып падзелу ўлады, бо парламент пазбаўлены рэальных паўнамоцтваў, няма незалежных судоў.


РАЗГОН: ЗЬМЕСТ
Ад укладальніка 
МІКАЛАЙ АКСАМІТСкокі чорных гарылаў
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІКрывавая ноч
ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІХлопцы, ці патрэбны вам лідэр?
ІГАР ГЕРМЯНЧУКПраверана: мінаў няма
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎГаладоўка
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ Супрацьстаянне
ЛЯВОНЦІЙ ЗДАНЕВІЧНягнуткасць загубіла БНФ
МІКАЛАЙ КРЖЫЖАНОЎСКІСа збіцця дэпутатаў пачалася дыктатура…
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКАЯ мушу дэманстраваць уладу
ПЁТРА САДОЎСКІТакое не забываецца
АЛЕГ ТРУСАЎУсё нагадвала ваенны пераварот
МІХАІЛ ЦЕСАВЕЦПагражалі… праліццём крыві
ДАДАТАКПастанова аб прыпыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе
   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/09/24