A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Нягнуткасць загубіла БНФ
…З памяці сцёрліся падрабязнасці абмеркавання прэзідэнцкай ініцыятывы наконт рэферэндуму 1995 г. Спачатку прапаноўваліся два пытанні, потым іх стала чатыры. Праекты сімвалаў з’явіліся звонку, а не ў камісіях ВС і не ў геральдычнай камісіі. Хутчэй за ўсё, яны паходзілі ад нейкіх хаўруснікаў прэзідэнта. Я быў сярод тых, хто прымаў рашэнне пра тэрміны і сродкі пратэсту. Альтэрнатывы галадоўцы практычна не заставалася.
Наступіў момант, калі ВС здыскрэдытаваў сябе. Ён дажываў апошнія дні. Апазіцыя пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах перажывала не найлепшыя часы. Мы як пірагі пяклі рознага роду заявы, публікавалі іх, але эфекту ад іх было мала. Ніякія заявы ўжо не маглі паўплываць на сітуацыю. Трэба было нешта рабіць, каб ацвярозіць большасць, паказаць, якая небяспека пагражае нашай кволай дэмакратыі. Мы звярталіся не да народу, а да саміх дэпутатаў. Пытанне пра галадоўку абмяркоўвалася цягам аднаго-двух тыдняў. Калі мы аб’явілі яе, то значная частка залы абуралася, але потым быццам бы задумалася. Перамовы з Грыбам у гэтым часе вёў З. Пазьняк. Падчас галадоўкі мы сапраўды нічога не елі – толькі пілі мінеральную ваду. Мы меркавалі, што ўлада пойдзе на правакацыі, але фактычна нічога не маглі ім супрацьпаставіць. Напрыклад, кагосьці з нас сфатаграфавалі з узнятай і перакуленай бутэлькай. Затым здымак надрукавалі як доказ, што галадоўцы п’юць гарэлку. Саму акцыю 11 красавіка, здаецца, зверху, з балкона ў Авальнай зале ВС, здымалі дзве камеры. Нас угаворваў разысціся Міхаіл Цесавец і яшчэ адзін, каротка падстрыжаны. Салдаты шукалі міну. Мы таксама бачылі і чулі, што робіцца ў фае. Перад хапуном мы селі ў прэзідыум шчыльна, плячом да пляча. Вайскоўцы ў залу ўрываліся адусюль з крыкам, тупатам, у чорных масках, з дубінкамі, ускоквалі нагамі проста на сталы. Я асабіста не аказваў фізічнага супраціву. Нас хапалі, цягнулі і білі па спіне, штурхалі. У фае стаяў вялізны натоўп узброеных, у масках і са шчытамі вайскоўцаў. З кім я ехаў, ужо не памятаю. Выходзілі мы каля будынка ВС, потым падаліся ў гатэль, да нашых дэпутатаў. Зранку мы вярталіся на пасяджэнне пешшу. Да будынка ВС нас ад гатэля суправаджала каля сотні чалавек – нешматлікія выбарцы, якія сачылі за палітычнымі падзеямі і перажывалі за нас. Міліцыя (напэўна, АМАП) спыніла людзей каля гарвыканкама і вельмі груба саштурхнула іх уніз, пад калоны. Мы, дэпутаты, прайшлі праз плошчу і трапілі ў будынак Дома ўрада праз уваход у Саўмін. Там утварыўся затор. Нас спынілі і не пускалі на пасяджэнне. Мы паказалі ахове дэпутацкія пасведчанні, гаварылі, што парушаюцца нашыя правы. Вартавыя неяк замяліся. Добра памятаю: Валянцін Голубеў першым не вытрымаў і націснуў на міліцыянта. Разам з яшчэ некалькімі дэпутатамі я сілай прарваўся скрозь кардон. Далей у вестыбюлі і фае нас ужо ніхто не чапаў. У зале мы селі не на свае нумарныя месцы, а ў сектар урада. Памятаю жахлівую атмасферу ў асяроддзі г. зв. большасці. Быццам наздзекаваліся не з нас, а з іх… Працягваць галадоўку не было сэнсу, таму што яе фактычна спынілі гвалтам. Мы хацелі паўздзейнічаць на калегаў, і па-за межамі Вярхоўнага Савета ніякага эфекту ў тых умовах яна мець не магла. На выбарах у траўні 1995 г. БНФ пацярпеў паразу. Я б вызначыў некалькі яе прычын. Па-першае, апантаная прапагандысцкая кампанія супраць БНФ і іншых дэмакратычных сілаў. Па-другое, нягнуткасць кіраўніцтва Фронту, невыкарыстанне тонкіх папулісцкіх PR-хадоў, без якіх немагчыма дабіцца поспеху ў палітыцы. Адсутнасць гнуткай стратэгіі і папулізму загубіла БНФ. Трэцяя прычына не менш важная. Калі нейкая палітычная структура не дасягае пастаўленых мэтаў, тады на пэўным этапе неабходна змяняць лідэраў. У нас жа адныя і тыя лідэры па-ранейшаму заставаліся каля стырна. Людзі ж, якія працавалі на агульную справу на месцах, ахвяравалі сабой, сем’ямі і працай, 10 і болей гадоў не бачылі плёну сваёй дзейнасці. Гэта ненармальна, гэтага не павінна быць…
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |