A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Разгон
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання

Лявон Баршчэўскі
Крывавая ноч

…Уласна перадгісторыя галадоўкі, абвешчанай 11 красавіка, пачалася ў канцы 1994 г. з памятнага выступу на сесіі Вярхоўнага Савета дэпутата апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка. Ён простымі словамі таленавіта паказаў, што пасля першых беларускіх прэзідэнцкіх выбараў улада не памянялася: да яе падважнікаў атрымала доступ групоўка ранейшых «непатапляльных». Тых самых, што прывыклі свае асабістыя інтарэсы выдаваць за інтарэсы народу і дзяржавы, а на жыццё канкрэтнага чалавека глядзець як на вялікую ласку, падораную яму ўладай. Сяргей Антончык разварушыў гэты вулей. Ён наіўна верыў, што людзі яго зразумеюць і стануць на ягоны бок.

Факты карупцыі заўсёды выкарыстоўваліся ў палітычнай барацьбе. Узгадайма пра дзейнасць у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання г. зв. «антыкарупцыйнай камісіі», якую ўзначаліў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, частку здабытага матэрыялу розныя людзі, у т. л. прафесійныя следчыя, Лукашэнку не давалі, бо не верылі яму. У БНФ ведалі, што Антончык атрымліваў каштоўную інфармацыю. Натуральна, ён перадаваў яе ў камісію, але папярэдне рабіў сабе копіі. Большасць фактаў тычыліся асоб, якія потым апынуліся ва ўрадзе Лукашэнкі, і гэтую інфармацыю Лукашэнка ў сваім дакладзе не агучыў. Антончык жа абвясціў тое, што не збіраўся ўголас казаць Лукашэнка. Дадаліся і новыя факты карупцыі ўжо ў атачэнні прэзідэнта.

Антончык заявіў, што мае цвёрды намер выступіць з такім дакладам, і азнаёміў Пазьняка з яго тэзісамі. Наколькі я ведаю, Пазьняк не раіў яму выступаць з палітычных меркаванняў: маўляў, два разы ў адну і тую ж ваду не заходзяць, на гэтым можна аднойчы набыць папулярнасць, а другі раз псіхалагічны эфект будзе адваротны. Можа, Пазьняк баяўся нейкай канкурэнцыі за лідэрства ў Фронце. Ён у нечым меў рацыю: калі падобнае адбываецца другі раз, людзі перастаюць верыць. Яны думаюць: ага, вы хочаце на Лукашэнку накапаць і гэтак яго зваліць. А ў Лукашэнкі быў высокі рэйтынг. Антончыку раілі гэты даклад распаўсюдзіць, проста надрукаваць у газетах, але не выступаць з ім. Аднак ён рашуча заявіў, што выступіць. Ніхто яму не мог гэтага забараніць. Відаць, Пазьняк меў сумневы і наконт некаторых фактаў, сабраных Антончыкам. Быў шэраг эпізодаў, як след не падмацаваных дакументамі, а тое і проста падкінутых ці сфабрыкаваных. А таму, калі праз іх з Антончыкам пачнуць судзіцца, нічога даказаць будзе немагчыма.

У дакладзе Антончык пераважна прыводзіў кампрамат на атачэнне Лукашэнкі, у тым ліку і на прэм’ера Чыгіра. Але людзі ўспрынялі яго так, нібы Лукашэнка – чысты, а ўсе іншыя: урад, парламент – прадажныя. Атрымлівалася, што даклад біў, так бы мовіць, па сваіх. Тым больш, што тэрмін дзейнасці ВС ХІІ склікання канчаўся, а рэйтынг у яго быў нізкі.

Улада ж адразу паказала: нічога зразумець людзям яна не дасць. Гэтак у снежні 1994 г. з’явіліся «белыя плямы» ў газетах, а ў сакавіку 1995 г. гвалтоўна адхілілі ад займанай пасады рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча…

Сённяшні прэзідэнт быў і ёсць майстрам неабмежаванага папулізму. Лукашэнка ўпарта паўтарае, што, маўляў, стаўшы прэзідэнтам, ён апынуўся перад пустою казной – там даўно мышы з’елі ўсе грашовыя паперкі. Народ верыў, што Кебіч давёў яго да галечы, а Лукашэнка цяпер не можа даць рады. У прынцыпе, у яго ў красавіку 1995 г. крэдыт даверу быў вышэйшы, чым у Вярхоўнага Савета. Таму ён і дзейнічаў без аглядкі.

Самай, аднак, буйной косткай у горле апекуноў і дарадцаў улады была беларуская дзяржаўнасць – як у гістарычным плане, гэтак і ў сучаснасці. Беларуская мова, нацыянальныя сімвалы (бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня») вельмі хутка маглі стацца пазнавальнымі знакамі гэтай дзяржаўнасці не толькі ў досыць вузкім інтэлігенцкім коле, а і ў шырокіх масах. Гэта ніяк не ўваходзіла ў планы імперцаў у суседняй дзяржаве і тых, хто шукаў іхняй апекі ў Беларусі. Ударыць па мове і нацыянальных сімвалах было найпрасцей, бо вынішчаліся і душыліся яны стагоддзямі, а новае адраджэнне было пяцігадовым дзіцем. Вось тут і трэба шукаць карані падзей ночы з 11 на 12 красавіка 1995 г. У канцы сакавіка таго года прэзідэнт Лукашэнка ўпершыню абвясціў свой намер правесці рэферэндум, каб фактычна скасаваць дзяржаўнасць беларускай мовы, вярнуць сімволіку савецкага ўзору, узмацніць эканамічную інтэграцыю з Расіяй і надаць прэзідэнту права аднаасобна распускаць Вярхоўны Савет. Неўзабаве ў прэсе з’явілася заява досыць вялікай групы дэпутатаў, у якой яны прасілі прэзідэнта зыніцыяваць рэферэндум, каб надаць расійскай мове статус дзяржаўнай і змяніць дзяржаўную сімволіку.

Я асабіста размаўляў са шмат якімі падпісантамі той заявы, і высветлілася цікавая рэч. Прыкладна палова з іх казала, што яны за беларускую мову як адзіную дзяржаўную, але супраць сімволікі, якая ім здавалася то «літоўскай», то «фашысцкай». Другая ж палова, наадварот, сцвярджала, што не мае нічога супраць несавецкай сімволікі, але баіцца навязвання беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У вышэйзгаданай заяве, аднак, усё звалілі ў адну кучу: адных проста «прыплюсавалі» да другіх. У суме подпісаў аказвалася больш за сотню.

Заява з’явілася прыкладна за тыдзень да 11 красавіка 1995 г. Акурат тады Лукашэнка распаўсюдзіў у ВС праект новых сімвалаў разам са зваротам аб правядзенні рэферэндуму па двух пытаннях. У тым варыянце, выведзеным на прынтэры ў колеры, сцяг быў БССРаўскі, толькі без сярпа і молата. На гербе – толькі калоссе, зямны шар і надпіс «Рэспубліка Беларусь». Выглядала гэта досыць прымітыўна і ўбога, так што многія дэпутаты крывілі нос: маўляў, як гэта непрыгожа.

Праект новых сімвалаў рыхтаваўся ў сакрэце, і наконт іх аўтарства існуюць розныя версіі. Мне казалі абсалютна канфідэнцыйна, што нібыта да гэтага спрычыніўся скульптар Папсуеў, які на словах падаў ідэю Сініцыну, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта. Малодшы Савіцкі, сын слыннага мастака, запэўніваў мяне асабіста, што, насуперак агульнай думцы, ён з бацькам не мае да гэтага дачынення.

Лукашэнка сведчыў пэўным маскоўскім колам, што ён свой, «рускі». А адтуль нехта гуляў з ім у палітычныя гульні, дзе Беларусь была меннай манетай. Яму казалі, што Ельцын хворы, стары, што ёсць шанец стаць прэзідэнтам па аб’яднанні краін.

За 2 дні да прызначанага на 11 красавіка абмеркавання прапановы прэзідэнта ў ВС дэпутатам раздалі спіс з 4 пытанняў на рэферэндум. Самае меншае па двух з іх правядзенне плебісцыту было антыканстытуцыйным: згодна з Канстытуцыяй, рэферэндумы па канстытуцыйных пытаннях не могуць праводзіцца ў апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савета. Пытанні змены статусу дзяржаўнай мовы і вызначэння, хто мае права распускаць парламент, адназначна патрабавалі зменаў у Канстытуцыі. Выбары ж у новы Вярхоўны Савет былі прызначаныя на 14 мая таго ж года – г. зн. менш як праз два месяцы пасля першых вусных выказванняў прэзідэнта пра неабходнасць рэферэндуму. Вынясенне першага з названых вышэй пытанняў на рэферэндум, апроч таго, выразна супярэчыла артыкулу 3 дзейнага тады Закона аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь. Аднак ужо тады было зразумела, што парушэнне Канстытуцыі не магло спыніць тых, хто праектаваў рэферэндум.

Вось тады апазіцыйныя дэпутаты ад БНФ і Грамады і аб’явілі галадоўку. Я якраз хварэў і абсалютна нічога не ведаў пра іх планы. У самы дзень 11 красавіка я выправіўся у ВС. Я ўвайшоў у залу пасяджэнняў якраз тады, калі сябры ад апазіцыі БНФ на чале з Пазьняком пачыналі акцыю. Адразу ад уваходу, не сядаючы на сваё месца, я пайшоў да трыбуны і далучыўся да іх. Усяго разам у галадоўцы ўдзельнічалі 19 дэпутатаў. Некаторых сяброў апазіцыі (як дэпутат Пырх) у той момант у зале не было, а жанчынам, як я разумею, далучацца да галадавання забараніў сам Пазьняк. Некаторыя дэпутаты яшчэ раней адышлі ад апазіцыі БНФ (да прыкладу, дэпутат Новік). Карацей кажучы, тыя сябры апазіцыі БНФ, што былі на пасяджэнні – за выключэннем жанчын – усе занялі месцы вакол парламенцкай трыбуны, прыкладна пароўну з абодвух бакоў. Я сядзеў каля прэзідыума злева, калі быць тварам да залы.

Пачатак жа галадоўкі 11 красавіка прыйшоўся неспадзеўкі не толькі асабіста для мяне, але і для парламенцкай большасці: шмат хто з дэпутатаў схамянуўся, узгадаў, што каму, як не ім, трэба бараніць нядаўна (і не без праблем) прынятую Канстытуцыю. Выступ кіраўніка камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава (у часе прэзідэнцкіх выбараў ён актыўна працаваў у камандзе будучага прэзідэнта) расставіў неабходныя акцэнты. У выніку ніводнае з пытанняў, вынесеных прэзідэнтам, – апроч невыразна сфармуляванага пункта пра эканамічную інтэграцыю з Расіяй – з першага разу парламент не зацвердзіў! Аднак Аляксандр Лукашэнка пачаў усяляк ціснуць на дэпутатаў большасці. Трэба зазначыць, яны знаходзіліся ў падважаным стане: ніхто не меў пэўнасці ў сваёй будучыні пасля прызначаных на 14 мая выбараў. Таму пагроза паўторнага вынясення на разгляд ініцыятывы аб рэферэндуме заставалася абсалютна рэальнай, і мы калектыўна вырашылі галадоўкі не спыняць.

Па заканчэнні сесіі а 18-й гадзіне мы засталіся ў зале пасяджэнняў. Побач з намі напачатку былі некалькі журналістаў з розных выданняў. Потым яны па чарзе загадкавым чынам пачалі знікаць. Пасля 21-й гадзіны каля тэлефона ў «бакоўцы» залы пасяджэнняў заставалася толькі карэспандэнтка радыё «Свабода» Алена Радкевіч. Але каля 23-й гадзіны да яе падышлі некалькі невядомых у цывільным і вывелі з залы. Ужо ў той момант мы зразумелі, што, хутчэй за ўсё, застацца ў зале нават да наступнай раніцы нам ужо не дадуць. Перш чым адключылі тэлефон у «бакоўцы», мы яшчэ здолелі перадаць журналістам адпаведную інфармацыю і папрасіць іх не адыходзіць ад Дома ўрада. На жаль, як выявілася пазней, недзе пасля поўначы 12 красавіка яны ўсе разышліся па дамах. Шлях да ўжывання грубай сілы быў фактычна адкрыты. У залу ўвайшла група асоб у чорных скураных куртках на чале з тагачасным кіраўніком службы аховы прэзідэнта, дэпутатам Міхаілам Цесаўцом. Апошні абвясціў, што паступіў сігнал, нібыта ў будынку закладзеная бомба, і таму ўсіх адтуль эвакуююць. Цікава, што хвілін за 20 да гэтага мы ў зале якраз абмяркоўвалі сцэнар нашага выдалення з залы і гаварылі, што тут будуць шукаць «бомбу». Таму словы Цесаўца не заспелі нас знянацку: мы прапанавалі яму прывесці сапёраў і пры нас агледзець усё, што яны толькі захочуць. Цесавец, ведаючы, што ніякай бомбы няма, аддаў загад сваім падначаленым выводзіць нас з залы, але мы ўсе дружна выцягнулі з кішэняў свае дэпутацкія пасведчанні, выразна папярэдзілі людзей у скуранках, што за парушэнне недатыкальнасці дэпутатаў кожны з іх персанальна будзе несці адказнасць – аж да крымінальнай. І – о дзіва! – падначаленыя адмовіліся выконваць загад свайго шэфа. Цікавая дэталь: калі праз некалькі хвілін хтосьці з калегаў (здаецца, дэпутат Сяргей Навумчык) выйшаў у фае залы, ён праз вокны ўбачыў, што ў некалькіх памяшканнях і ў правым, і ў левым крыле будынка гарэла святло, а каля правага пад’езда стаяла іншамарка са сцяжком (яшчэ бел-чырвона-белым!). Значыць, тут былі розныя людзі, у тым ліку высокія кіраўнікі, якія не баяліся аніякіх бомбаў! Зрэшты, сапёры з’явіліся і, натуральна, нічога не знайшлі, пра што і склалі адпаведны акт. Наступныя паўгадзіны прайшлі адносна спакойна, і мы дамовіліся, што можам прылегчы адпачыць тут жа каля цэнтральнай трыбуны залы пасяджэнняў (балазе падлога была засцеленая лямцавым паласам); пры гэтым адзін чалавек (па чарзе) будзе дзяжурыць і ў выпадку чаго ўсіх пабудзіць. Я адчуў, што мяне зноў ліхаманіць і, накрыўшыся зімовай курткай, лёг падрамаць злева ад галоўнай трыбуны. Каля трэцяй гадзіны мяне разам з іншымі пабудзіў рэзкі крык дэпутата Валянціна Голубева: «Ваенныя з аўтаматамі і ў масках!» Мы хутка паўскоквалі і расселіся ў ложы, дзе звычайна сядзеў Прэзідыум Вярхоўнага Савета. Валянцін сказаў, што ў фае, пастроіўшыся ў некалькі шэрагаў, стаяць вайскоўцы ў форме, узбраенні, у масках з адгазнікамі: агулам «чалавек пяцьсот альбо шэсцьсот». На балконах залы пасяджэнняў зноў з’явіліся як мінімум двое з відэакамерамі. Тут ужо ні ў кога не засталося сумневу, што нас будуць выдаляць з залы. Таму мы адразу дамовіліся, што будзем супраціўляцца, ухапіўшыся адзін за аднога, а калі яны здолеюць разарваць наш ланцуг, трэба зрываць з іх маскі і чапляцца – колькі будзе сілы – за сталы і крэслы. Толькі мы паспелі гэта абгаварыць, як у зале запалілася святло, і з усіх пяці дзвярэй да нас кінуліся «малпападобныя» – людзі ў спартовага тыпу гарнітурах, адгазніках – чорныя з ног да галавы. Яны з дзікім віскатаннем падбеглі да мяне, спрабавалі схапіць за галаву, за ногі, за рукі. З усіх бакоў чуліся крыкі... Унурыўшы галаву ў каўнер зімовай курткі, я моцна аберуч ухапіўся за руку Пётры Садоўскага. Моцна мацюкаючыся і лямантуючы, нападнікі імкнуліся адарваць мяне ад яго, але я даволі доўга не даваў ім гэтага зрабіць. Бакавым зрокам яшчэ ўбачыў, як дэпутат Ігар Гермянчук усё ж сарваў маску з аднаго «малпападобнага», і той... імгненна адбег убок і кінуўся на падлогу! Тым часам нападнікі пачалі круціць Садоўскаму (дарэчы, ён меў недатыкальнасць яшчэ і як надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь) другую руку, раней зламаную, і я мусіў яго адпусціць. Людзі ў чорным імгненна закруцілі мне рукі за спіну, прычым так, што маё падбароддзе апынулася ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкруглым праходам уздоўж задняга шэрага дэпутацкіх крэслаў. Каля іх ланцугом стаялі вайскоўцы ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны імкнуўся ботам пацэліць мне ў твар. Шмат каму гэта ўдавалася, з разбітага твара цякла кроў, і, шчыра скажу, у тую хвілю я ўжо развітаўся з жыццём. «Значыць, – праскочыла думка, – усе тармазы адключаныя, а калі гэтак можна збіваць дэпутата, дык потым нас мусяць забіць, каб ніхто нікому нічога не распавёў...» Прапусціўшы гэтак праз шыхт вайскоўцаў, мяне павалаклі долу па сходах, што вялі да выхаду ў задні двор Дома ўрада. Там стаялі ўазікі-«варанкі» з адчыненымі заднімі дзвярыма. Мяне падцягнулі да адных дзвярэй і, нібы бервяно, укінулі ўнутр машыны. Тут жа, на падлозе, ляжалі штабелем Ігар Гермянчук, Аляксандр Шут, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў. Дзверы за мной, апошнім, зачыніліся, і машына памчала з месца. Каб крыху ачомацца, спатрэбілася хвіліна, але першым апрытомнеў Алег Трусаў. Сяк-так падняўшыся, ён агледзеўся, што ў машыне, апроч збітых дэпутатаў, толькі кіроўца, і справа ад яго – нейкі чалавек у форме (што за форма – у цемры разгледзець было немагчыма). І тут Алег пачаў крычаць, а мы адразу да яго далучыліся хорам: «Калі не хочаце сесці, вязіце адразу ж у пракуратуру! У Генеральную!» І, давёзшы нас да скрыжавання праспекта Скарыны і вуліцы Янкі Купалы, кіроўца павярнуў-такі налева, потым яшчэ раз налева – і мы апынуліся каля будынка Пракуратуры Беларусі. Выскачыўшы з машыны і пакінуўшы там (каб «трымаў машыну»!) Ігара Герменчука, мы кінуліся ў будынак і ў настойлівай форме запатрабавалі ад дзяжурнага па будынку выклікаць тагачаснага генеральнага пракурора Васіля Шаладонава. Яго знайсці з невядомых нам прычын не ўдалося. Але ўжо праз 7–10 хвілін з’явіўся дзяжурны пракурор, які прыняў ад нас афіцыйную заяву як ад пацярпелых у выніку жорсткага збіцця людзьмі ў вайсковай форме і выклікаў хуткую дапамогу. Пасля таго, як мяне крыху перавязалі, я выйшаў на ганак будынка і паклікаў з машыны Ігара Герменчука, якому таксама патрабавалася медыцынская дапамога. Тут мы зрабілі глупства (зрэшты, апраўдальнае ў стрэсавай сітуацыі): я папрасіў Алеся Шута заняць месца Герменчука ў машыне. Потым высветліцца, што Алеся вывезуць у парк Янкі Купалы і, нанёсшы яму некалькі ўдараў, выкінуць там на зямлю (так, дарэчы, зрабілі з міжвольнымі «пасажырамі» іншых трох аўтамашын – толькі вывозілі іх у больш аддаленыя месцы горада). У той жа момант мы, хто знаходзіўся ў будынку, атрымалі рэкамендацыю ад супрацоўнікаў хуткай дапамогі: адпраўляцца ў клініку г. зв. лечкамісіі, каб атрымаць больш кваліфікаваную дапамогу і зафіксаваць атрыманыя пабоі. Цягам наступнай гадзіны мы так і зрабілі, прычым дактары лечкамісіі казалі нам, што фіксуюць нашыя пабоі, выразна ўсведамляючы сабе магчымыя згубныя для іх наступствы гэтага ўчынку.

Як высветлілася пазней, наша «пяцёрка» дэпутатаў, дамогшыся неадкладнага звароту ў пракуратуру, крыху папсавала першапачатковыя планы арганізатараў садысцкай акцыі. Знаёмыя супрацоўнікі тагачаснай аховы Дома ўрада пазней распавядалі некаторым калегам-дэпутатам, нібыта каля 4-й гадзіны 30 хвілін тае самае начы дзяжурны па Доме ўрада атрымаў званок ад нейкага быццам бы «сведкі», які сказаў, што ў раёне плошчы Незалежнасці адбываецца бойка паміж людзьмі, некаторых з якіх ён раней «бачыў па тэлевізары». Але, калі гэта і праўда, спланаваная правакацыя спрацаваць ужо не магла. Дарэчы, назаўтра нават урадавая «Звязда» надрукавала афіцыйную інфармацыю Пракуратуры Беларусі пра тое, што пяцёра дэпутатаў звярнуліся з заявай пра здзейсненае супраць іх злачынства ў раёне 3-й гадзіны 10 хвілін ночы з 11 на 12 красавіка 1995 г.

На жаль, падкантрольныя ўладзе ўжо ў той час СМІ ўвогуле не спыніліся перад адкрытай хлуснёй на адрас дэпутатаў – удзельнікаў галадоўкі. Вядома ж, і журналісты, і рэдактары «Советской Белоруссии» ды Беларускага тэлебачання не верылі таму, што пішуць або паказваюць. Не верыў уласным словам у сваё апраўданне Міхаіл Цесавец (запомніўся выкрык падчас ягонага выступу ранейшага спікера Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея: «Правильно! Мало им дали!»).

Мяркую, аднак, што 12 красавіка кансалідаваныя дзеянні тагачаснага Вярхоўнага Савета маглі сітуацыю змяніць. Як казалі дэпутаты, што бралі ўдзел у пасяджэнні Прэзідыума, зранку ён заняў досыць радыкальную пазіцыю: было прапанавана наступнае пасяджэнне правесці ў будынку Вярхоўнага Савета і паставіць пытанне аб дачыненні канкрэтных службовых асоб да антызаконных брутальных дзеянняў супраць дэпутатаў. Шчыра скажу, што калі б гэта здзейснілася, асабіста мяне не надта абыходзіла б, ці атрымаюць па заслугах арганізатары і выканаўцы начнога разбою. Куды важнейшым было б тое, што ў гэткай сітуацыі пытанне правядзення рэферэндуму 14 мая аўтаматычна знікала б з парадку дня.

Дарэчы, пратэставаць супраць гвалту 12 красавіка на менскія вуліцы выйшла ўсяго некалькі соцень ці, можа, з тысячу чалавек. Што праўда, міліцыя зрабіла ўжо тады актыўныя захады, каб не пусціць людзей на плошчу Незалежнасці (быў перакрыты ўваход з боку БДУ і станцыі метро «Плошча Незалежнасці»). Аднак удзельнікі пратэсту тады яшчэ маглі бесперашкодна перайсці да будынка на К. Маркса, 38 і сабрацца там. Мы, група дэпутатаў, напачатку пастанавілі не спыняць галадоўкі, а працягнуць яе менавіта ў тагачасным будынку Вярхоўнага Савета. Праз нейкі час да нас падышоў міліцыянер з аховы будынка і сказаў, што Мечыслаў Грыб даручыў яму сачыць за нашай бяспекай, але… «вы разумееце, калі што, дык мы мала чым вам тут зможам дапамагчы...» Недзе па абедзе, калі ў скверы каля тэатра Янкі Купалы сабралася тысяча ці паўтары чалавек, мы правялі пасяджэнне, дзе абмяркоўвалі, ці мэтазгодна працягваць галадоўку і што ўвогуле рабіць далей. Памятаю, Алег Трусаў адстойваў думку, што, калі нас другі раз выкінуць – цяпер ужо з гэтага будынка, – гэта ўжо будзе выглядаць не трагічна, а смешна, і з нас проста пачнуць кпіць… Выказваліся і іншыя прапановы, але ў выніку перамагло меркаванне, што галадоўка ў невялікім кабінеце Вярхоўнага Савета – нават калі яе не спыняць сілай – не займее станоўчага розгаласу ў грамадстве, бо падкантрольныя ўладзе СМІ ўсё адно будуць паклёпнічаць, а даказаць каму-небудзь, што дэпутаты сапраўды нічога не ядуць, у гэтых варунках будзе надзвычай праблематычна. Праз нейкі час мы выйшлі да людзей, што нас чакалі на вуліцы, і запыталіся ў іх, што нам рабіць. Ніхто з выступоўцаў на тым імправізаваным мітынгу не заклікаў нас прадоўжыць галадоўку. Недзе ў глыбіні душы шмат у каго з дэмакратычна настроеных людзей тады яшчэ існавала спадзяванне, што яшчэ можна альбо не даць уладзе выйграць той рэферэндум, альбо дамагчыся перамогі на новых выбарах у Вярхоўны Савет, да якіх тады заставаўся фактычна толькі месяц. Нам людзі гаварылі, што сядзець і галадаваць проста ўжо няма калі: трэба рыхтавацца да выбараў і іх выйграваць… Існавалі таксама спадзяванні, што сваё слова скажа Канстытуцыйны суд, які абавязаны бараніць Канстытуцыю, і г. д. Але цяпер ужо ўсім відавочна: 12 красавіка 1995 г. улада пераступіла мяжу: «гульні ў дэмакратыю» скончыліся.

Спадзяванні на прынцыповасць большасці парламента таксама не спраўдзіліся. Прэзідэнт запрасіў старшыню Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба на «размову» ў сваю рэзідэнцыю. Мне здаецца, што Мечыслаў Іванавіч імем Прэзідыума мусіў дамагчыся, каб на сустрэчы – і менавіта ў будынку парламента – прысутнічаў увесь склад Прэзідыума. Кажу гэта таму, што пасля сустрэчы з прэзідэнтам наш спікер змяніўся – зрабіўся больш памяркоўным. Пасяджэнне Вярхоўнага Савета прызначалася на 12-ю гадзіну дня ў будынку Дома ўрада. Туды дэпутатам – ахвярам начнога нападу прыйшлося прабівацца праз ахову сілай (!). Паступова рабілася ўсё больш зразумелым, што большасць вырашыла ахвяраваць меншасцю, каб атрымаць гарантыі сваёй будучыні.

Калі мы прарваліся на пасяджэнне, то першая ж фраза Грыба: «Так, мы ведаем, у мяне была дэлегацыя, але ж мы не можам загадзя судзіць, любая справа патрабуе расследавання, нельга згарача нешта вырашаць», – пацвердзіла нашу трывогу, што Грыб пра нешта ўжо дагаварыўся з Лукашэнкам. Зала пачувалася маральна зломленай. Эмацыйная напруга асабліва ўзрасла, калі на пасяджэнні з’явіўся Цесавец. На яго сталі крычаць, што ён фашыст. Ён спалатнеў, выйшаў на трыбуну і, заікаючыся, пачаў гнуць нейкую версію, відавочна, не ім прыдуманую: маўляў, галадоўцы нейкія лёзы даставалі, хацелі імі вены парэзаць сабе. А Ігар Гермянчук потым распавёў у дэталях з трыбуны, як усё насамрэч было. Прыхільна рэагавала не толькі апазіцыя, але і нашыя хаўруснікі з дэмакратычнага лагера: Карпенка, Цялежнікаў і інш. Карпенка выступіў рэзка. Ён гаварыў, што калі тут, у ВС, дзе пабілі дэпутатаў і пралілі кроў, нельга засядаць, пакуль доўжыцца следства, то нам нельга вырашаць і іншыя пытанні. Але пасля выступаў Цесаўца, міністра абароны Кастэнкі і астатніх большасць прыхільна загудзела: маўляў, мала ім далі… Тады Пазьняк аб’явіў: мы не можам надалей тут знаходзіцца і пакідаем пасяджэнне. Цяпер я думаю, што гэта, можа, было і няслушна, бо ўсё ж зала пераважна разумела: беззаконне відавочнае. І яшчэ не вядома, як бы прайшло тое ж паўторнае галасаванне ў нашай прысутнасці.

Галадоўцы паслухалі Зянона Пазьняка і, здаецца, выйшлі усе. Потым да нас далучыліся Карпенка і іншыя. Большасць дэпутатаў тады была здэмаралізаваная. У кожнага завяршаўся дэпутацкі тэрмін. Кожны думаў, як яму быць далей. Тут спрацаваў звычайны шкурны інтарэс: вось калі я цяпер тут ціха пасяджу, дык, можа, якую пасаду атрымаю. Абсалютная большасць не верыла, што яе пераабяруць. Трэба мець на ўвазе, што рэйтынг ВС тады моцна саступаў рэйтынгу Лукашэнкі. І дэпутаты большасці проста купіліся на розныя абяцанкі прэзідэнта. Паддаліся нават тыя, хто не спадзяваўся штось атрымаць, бо зразумелі: з гэтага парламента нічога не выйдзе. Пакуль сярод іх заставалася апазіцыя, мы ў нейкай ступені трымалі баявы дух, і яны маглі супраціўляцца. Але тады, 12 красавіка, залу ВС мы пакінулі.

Па нашым сыходзе большасць урэшце прагаласавала за прапанаваны Лукашэнкам рэферэндум, а таксама за тое, каб вярнуць 7 лістапада ў пералік дзяржаўных святаў. Потым у адной тэлепраграме сказалі, што ўсе заваёвы апазіцыі за 5 гадоў страчаныя за адзін дзень. У гэтым сцверджанні ёсць доля праўды. Лукашэнка запрасіў усіх, хто прысутнічаў на галасаванні, у сталоўку ВС. Сабралася там, можа, чалавек 190 з той парламенцкай большасці.

Мы ж яшчэ сабралі камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны на чале з Гілевічам і афіцыйна накіравалі ў Канстытуцыйны суд на імя Валерыя Ціхіні зварот на прадмет законнасці прызначэння рэферэндуму па мове і сімволіцы, бо дзейны Закон аб рэферэндуме гэта забараняў. Вось тут Ціхіня і праявіў сваю беспрынцыповасць і баязлівасць: ён даслаў у ВС адпіску. Тут Канстытуцыйны суд, на мой погляд, парушыў закон, бо не разгледзеў афіцыйнага запыту камісіі Вярхоўнага Савета і не даў прававой ацэнкі, наколькі законным быў рэферэндум.

Сітуацыю, што тады склалася, ужо тым больш не мог пераламаць сумленны следчы па надзвычай важных справах Пракуратуры Беларусі Язэп Бролішс. Ён зафіксаваў усе паказанні пацярпелых, дамогся, каб абсалютная большасць з іх прайшла медыцынскі агляд у спецыялізаванай клініцы, запатрабаваў відэаматэрыялы… Але завершыць следства яму не далі, напэўна, вельмі ўплывовыя асобы...

14 мая 1995 г., аднак, выбраць кворумны склад Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання не ўдалося. Таму ўвосень 1995 г. Вярхоўны Савет ХІІ склікання яшчэ здолеў правесці некалькі пасяджэнняў, каб хоць неяк паўплываць на сітуацыю ў краіне, але толькі на першым з гэтых пасяджэнняў удалося забяспечыць рэальны кворум. Адміністрацыя прэзідэнта вяла актыўную работу з дэпутатамі, не спыняючыся перад адкрытым запалохваннем. У выніку частка дэпутатаў пабаялася надалей браць удзел у сесіі.

У лістападзе-снежні таго ж года, падчас паўторных выбараў, усё ж даабралі неабходную мінімальную колькасць дэпутатаў новага склікання. Але ўмяшанне спецслужбаў у падрыхтоўку і правядзенне выбараў і рэферэндуму ў 1995 г. і пазней, непрыхаваная агітацыя праз тэлебачанне з боку самога А. Лукашэнкі, жорсткі кантроль над дзяржаўнымі электроннымі СМІ зрабілі сваю справу: парламент пачаў няўхільна губляць уплыў і магчымасці кантраляваць выканаўчую ўладу. Вярхоўны Савет ХІІІ склікання, у якім ужо не было фракцыі БНФ – і да таго ж, абраны не ў поўным складзе – ужо нічога не здолеў супрацьпаставіць прэзідэнту і ягоным памагатым.


РАЗГОН: ЗЬМЕСТ
Ад укладальніка 
МІКАЛАЙ АКСАМІТСкокі чорных гарылаў
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІКрывавая ноч
ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІХлопцы, ці патрэбны вам лідэр?
ІГАР ГЕРМЯНЧУКПраверана: мінаў няма
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎГаладоўка
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ Супрацьстаянне
ЛЯВОНЦІЙ ЗДАНЕВІЧНягнуткасць загубіла БНФ
МІКАЛАЙ КРЖЫЖАНОЎСКІСа збіцця дэпутатаў пачалася дыктатура…
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКАЯ мушу дэманстраваць уладу
ПЁТРА САДОЎСКІТакое не забываецца
АЛЕГ ТРУСАЎУсё нагадвала ваенны пераварот
МІХАІЛ ЦЕСАВЕЦПагражалі… праліццём крыві
ДАДАТАКПастанова аб прыпыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе
   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/09/24