A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Я мушу дэманстраваць уладу
Паважаныя дэпутаты! З’яўленне маё ў гэтай зале зусім не прыкмета нейкай слабасці (тым больш, што прэзідэнт заявіў пра тое, што, напэўна, мне не варта прыходзіць у Вярхоўны Савет), але, паверце, мой прыход сюды абсалютна не тычыцца ні асобы прэзідэнта, альбо ні асобы Лукашэнкі, ні пазіцыі прэзідэнта. Скажу вам шчыра (і думаю, што вы мяне выслухаеце моўчкі), я дзіўлюся, што людзі, якія павінны былі мяне тут паслухаць, сышлі з гэтай залы. Я вельмі шкадую. Вы, напэўна, таксама зразумелі, чаму ўчынены гэты акт. Я хацеў бы сказаць, што мой прыход сюды дыктуецца абсалютна тым, каб гэтыя два дні, якія належыць працаваць маім былым калегам, людзям, якія значна паўплывалі на характар мой як прэзідэнта, як палітыка... Можа, кепскі характар, значыць кепска вы ўплывалі тут. Я ўвесь час быў у вас навідавоку. Вы мяне бачылі. У нейкай ступені і вы мяне фармавалі. Я хачу, каб мы тут сапраўды па-чалавечы, годна развіталіся.
Я вельмі добра азнаёмлены з вашай дыскусіяй, я азнаёміўся са стэнаграмай. Мне дакладалі пра ход спрэчак. Штосьці я чуў сам (наколькі гэта было магчыма) у кабінеце. Дазвольце вам паведаміць выключна з пазіцыі прэзідэнта наконт інцыдэнту, які тут адбыўся. Можа быць, і драбнавата сёння мне ўлазіць у гэтае пытанне, але калі яно ўзнятае на такую вышыню, то ад гэтага нікуды не падзенешся. І я яшчэ раз падкрэсліваю. Я хачу, каб мы развіталіся з вамі не ворагамі. Бо тут засталіся людзі, з якімі нам няма чаго варагаваць. У нас адна краіна, у нас адна Айчына і жыць нам тут. У нас няма даляраў, у нас няма другіх цёплых краін, куды мы з вамі можам паехаць, мы нарадзіліся на гэтай зямлі, і мы, наверное, тут і памром – адзін раней, другі пазней6 . Я з гэтага найперш зыходжу і, паверце, шчыра вам пра гэта кажу. Ведаў ці не ведаў прэзідэнт пра тое, што адбывалася тут, у маёй рэзідэнцыі, у рэзідэнцыі ўрада? Паважаныя дэпутаты! Ну, канечне ж, ведаў. Ну, што вы тут... збіваеце, што вы тут генерал-палкоўніка Кастэнку ставіце на трыбуну і як хлопчыка... Ну, я не маю на ўвазе, што тыя, хто тут застаўся... Я найперш звяртаюся да тых галадоўнікаў. Ну, канечне, ведаў прэзідэнт. Прэзідэнт ня проста ведаў. Прэзідэнт кожныя 30 хвілін быў інфармаваны кіраўніком дзяржавы і міністрам абароны пра тое, што адбываецца тут, у Доме ўрада. Таму я проста, шчыра адказваю на вашае пытанне. Ведаў! Больш за тое, падымалася пытанне – якая роля прэзідэнта ў абароне жыцця людзей, што тут галадуюць? Праўда, вы не хвалюйцеся. Ніхто тут не галадаваў. Усё тут было: і паспаць, і закусіць... Усё было. І ірваліся сюды, падносілі пакрысе (гэта так папросту, па-мужыцку кажучы). Усё тут было. Ніхто тут з голаду б не памёр. І калі ласка. Няхай бы тут і галадавалі. Насмяшылі людзей, зганьбілі парламент, заплямілі гэты Вярхоўны Савет, якому (яшчэ раз паўтараю) засталося два дні працаваць. Але гэта была пазіцыя… Гэтым людзям трэба было… Таму непасрэдная мая роля была ў абароне жыцця гэтых людзей. Ну, вось давайце разбярэмся так. Я знаходжуся ў рэзідэнцыі сваёй загараднай, дзесьці каля ў раёне 21-й гадзіны (не даходзячы да 21-й гадзіны) мяне запрашаюць да тэлефона. Мне дакладаюць (па-мойму, вы мне пазванілі, Леанід Георгіевіч)... і праінфармавалі мяне пра тое, што паступіла паведамленне ў міліцыю наконт мініравання гэтага будынка і магчымага выбуху. Ну, я, як заўсёды, з гумарам паставіўся да гэтага і кажу: а дэпутаты, якія там, яны ёсць на месцы? Вы паверце, я не думаў пра тое, што там жыццю пагражаюць і іншае. Я адразу падумаў пра правакацыю, што, відаць, мяне штурхаюць да таго, каб я іх адсюль пачаў выводзіць. Гэта сутыкненне, гэта абавязкова «пабілі – не пабілі», камусьці там рабрыну зламалі ці яшчэ што... Гэта не галоўнае. Усё адно ў бойцы нешта здарыцца. Я адразу пра гэта падумаў, што відавочна мяне правакуюць на гэта. Я кажу: Леанід Георгіевіч, вы на месцы, разбярыцеся, калі ласка, я выклічу зараз праз Службу бяспекі свой транспарт і паспрабую туды прыехаць. Я аддаў каманду сваёй ахове, якая ўвесь час са мной, цэлыя суткі, для таго, каб транспарт прыбыў па прэзідэнта. Праз 5 хвілін – званок кіраўніка Адміністрацыі, паведамленне пра тое (і гэта думка была Міхаіла Міхайлавіча Цесаўца – кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта), што яны забяспечыць ахову прэзідэнта, тым больш у гэты час і што такое паведамленне паступіла... Я не верыў у тое, што нейкі там можа адбыцца выбух, я думаў пра правакацыю, і проста патаемна думаў: а раптам?.. Але не верыў, таму прыняў рашэнне сюды паехаць. Але калі Леанід Георгіевіч разам з людзьмі, якім я даручыў знаходзіцца ўвесь час тут, пазваніў мне і сказаў: «Мы катэгарычна супраць таго, каб вы тут знаходзіліся. Служба бяспекі катэгарычна адмовілася захаваць бяспеку. Гэта яе права паводле палажэння…» Дарэчы, прывяду прыклад. Да нас нядаўна прыязджалі паважаная гэтымі людзьмі і навучала Службу бяспекі (маю службу) Служба Клінтана, якая яшчэ паводле абяцання Станіславу Станіслававічу Шушкевічу мелася прыехаць. Яны паставілі самую высокую адзнаку і паведамілі, што прэзідэнт вось у такіх экстрэмальных сітуацыях... прымае рашэнне. Калі прэзідэнту ахову не могуць гарантаваць, значыць, ён не мае права настойваць. Збольшага карыстаюся і я такімі правіламі. І я ні на якіх «мерседэсах» сюды не ехаў. Навумчык (я чуў) кажа, што там сцяжок быў у чахле. Машына стаіць у двары. Ідзіце паглядзіце, як можна зачахліць сцяжок і навошта? Сцяжок мой (на маім аўтамабілі) здымаецца. Ён здымаецца, не зачахляецца. І як Навумчык, калі ён тут сядзеў, ён не мог а першай гадзіне начы выйсці... Наколькі я ведаю, выйсці ён не мог, таму што я распарадзіўся: глядзіце дэпутатаў, каб чаго-небудзь не здарылася. Няхай знаходзяцца ў межах гэтай залы. Яны проста фізічна не маглі кудысьці прайсці, выйсці і гэтак далей. І калі ўжо шчыра казаць, – дай Бог, каб яны выйшлі. Нам не трэба было тут з імі ваяваць, неяк іх выводзіць. Але яны нікуды не выходзілі. Паводле маёй інфармацыі (якую я атрымаў) яны ўчапіліся тут адзін за аднога і сядзелі, а потым заснулі. Таму гэта хлусня, што яны бачылі тут, як на «мерседэсе» прыехаў Лукашэнка, а другі «мерседэс» суправаджаў. Мяне другі «мерседэс» не суправаджае. Я адразу падумаў пра правакацыю, я ўжо вам казаў. Але потым, калі мне Кастэнка зрабіў справаздачу, кажа, Аляксандр Рыгоравіч, усялякае можа быць, і не трэба скідваць з рахункаў і жыццё гэтых людзей. Бо калі штосьці адбудзецца, адказваць будзем мы, выканаўчая ўлада і вы на чале з ёй. І тады я папрасіў Цесаўца, які са мной таксама звязваўся кожныя 30 хвілін разам з Сініцыным, праінфармаваць Мечыслава Іванавіча Грыба наконт дэпутатаў выключна. Я не хацеў перакладаць на яго тое бярэмя, якое я мусіў выканаць у сувязі з гэтым канфліктам, гэта не ягоная справа, але паколькі ён у МУС і КДБ звярнуўся з лістом і запатрабаваў ад іх аховы гэтых людзей тут, я даручыў Цесаўцу ўвесь час інфармаваць спікера нашага парламента пра тое, што тут адбываецца. І як я зразумеў, мне было дакладзена, што двойчы адбылася такая размова з Мечыславам Іванавічам. І ён сёння на Савеце бяспекі пра гэта сказаў. Апошні раз, калі яму было паведамлена пра тое, што адбываецца, задаў пытанне Цесаўцу наконт ягонай інфармацыі: – Ці пагражае жыццю людзей сітуацыя? – Так, пагражае! – Тады дзейнічайце згодна з нормамі закона, паводле інструкцыі. Трэба людзей эвакуаваць. Нават калі б Мечыслаў Іванавіч не пагадзіўся эвакуаваць адтуль людзей, яны былі б эвакуаваныя. Так патрабуюць нарматыўныя акты. За гэта людзі мусяць адказваць. Паважаныя дэпутаты! Я абсалютна не перашкаджаў аніякім дзеянням МУС, спецпадраздзяленням, якія эвакуавалі адсюль людзей. Гэта я вам кажу як прэзідэнт. Ані. Адзінае, я прасіў: улічыце, нас правакуюць. Ні ў якім разе, нават не драпніце гэтага чалавека, паколькі будзе гвалту на ўвесь свет. І слушна кажа міністр абароны, што чатыры групы бегалі тут, у двары, журналістаў. Два журналісты былі затрыманыя, якія спрабавалі сюды трапіць. Патрэбная была гэтая заварушка, каб паказаць усяму свету – вось глядзіце, дыктатура ў цэнтры Еўропы. Гэта трэба была заваруха. Таму я патрабаваў толькі аднаго – не трэба, лепш няхай там будзе болей людзей, праводзьце іх спакойна і гэтак далей. То, як мне далажылі паводле вынікаў аперацыі, чарговы раз Міхаіл Міхайлавіч Цесавец зайшоў у гэтую залу, папярэдзіў іх (гэта было маё патрабаванне папярэдзіць іх, мо прыйдуць да розуму, выйдуць самі), за пяць хвілін да іх эвакуацыі папярэдзіў. Калі іх прыйшлі эвакуаваць, яны ўсе былі ўжо апранутыя. Іх праводзілі па тры чалавекі ў машыну... Я казаў: больш машын прыганіце. Уазікі, легкавыя машыны, адвязіце дахаты. Захацелі да Вярхоўнага Савета. Ну, да Вярхоўнага Савета іх завезлі. Тое, што іх не пусцілі ў Вярхоўны Савет, – паверце, я сёння толькі зранку пра гэта даведаўся. Але я не ведаю, навошта ўначы ў Вярхоўны Савет ірвацца? Навошта а 3-й гадзіне ночы ехаць у Вярхоўны Савет? Гэта ж рэжымная дзяржаўная ўстанова, за бяспеку якой адказваюць, як і за гэты будынак, выканаўчыя органы ўлады, і найперш прэзідэнт, паколькі ўсе гэтыя структуры падначаленыя мне – і МУС, і КДБ, і Мінабароны. Мяне дакараюць за тое, што тут кагосьці пабілі, забілі і гэтак далей. Я хачу ў гэтай сувязі задаць адно пытанне ў гэтай зале... Усё адбывалася на вашых вачах. А хто даў права членам найвышэйшага заканадаўчага органа парушаць парадак, усталяваны ў гэтым будынку? Я яшчэ раз падкрэсліваю. Мікалай Іванавіч Дземянцей гэта ведае, гэта рэжымнае прадпрыемства (установа), якое ахоўваецца паводле спецыяльнага плана. Таксама як і Вярхоўны Савет. Я ж зацвердзіў сваім указам рэжым гэтага прадпрыемства, гэтай установы. Хто даў права? Хто даў права сюды гэтую жанчыну зацягнуць і схаваць пад крэсла Мечыслава Іванавіча Грыба і гэтымі мяхамі прыкрыць? (Гоман у зале.) І мяне дзівіць... ну, добра, яны дарослыя людзі, яны ведалі, на што яны ішлі. Ну, не атрымалася тая правакацыя, якая атрымалася ў 1990-м альбо 1991 годзе. Часы не тыя. Людзі проста страцілі арыенціры. Ну, не атрымалася. Кагосьці, можа, даруйце мне за гэты непрэзідэнцкі выраз, цісканулі дзесьці, выводзячы з гэтай... Чаго вы плачаце? Чаго вы прыйшлі тут, расплакаліся? Жанчына тая не плача, якую адсюль эвакуавалі, а яны плачуць. Пабілі, разбілі, паламалі... Ды ніхто нікога не біў, ніхто нікога не ламаў. Цяпер з бытавой касеты, якую тут адзнялі, мы пераганяем на БТК (альбо якая там касета), і мы пакажам не толькі дэпутатам. Як толькі гэтая перагонка будзе скончаная, мы пакажам гэта не толькі дэпутатам, мы пакажам усяму народу. Але чаму я пачаў дзейнічаць тут больш жорстка і пагаджацца з прапановамі і міністра абароны ў абследаванні гэтага будынка, і Міхаіла Міхайлавіча Цесаўца? Калі мне Цесавец са слязьмі на вачох пазваніў каля 12-й гадзіны ночы і сказаў: Аляксандр Рыгоравіч, не атрымліваецца па-добраму, павымалі нажы, дасталі лёзы. Першае, кажуць, ускрываем вены, адразаем сабе галовы і вас павыразаем, крывёй заліем тут усё. Ну, выбачайце, такія пагрозы ў рэзідэнцыі прэзідэнта – гэта ўжо занадта. Апроч усяго таго, што гэта дэпутаты, гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім не дазволена парушаць парадак у рэзідэнцыі прэзідэнта. Прыйшлі сюды, адпрацавалі, суха, чыста, цёпла, прыбрана – калі ласка, пасля працы ідзіце дахаты адпачываць. Таму мы пакажам народу гэтую стужку і не толькі гэту. Мы пакажам стужачку наконт мітынгу ў нядзелю, наконт гэтых улётак, пра якія я казаў, незаконнага мітынгу, калі вывелі людзей, не спытаўшы дазволу, сабраўшы іх ля Вярхоўнага Савета, і вы паслухаеце, што казалі гэтыя спадары. Вы паслухаеце. Гэты такі-сякі Вярхоўны Савет… Вы кажаце, што я заўсёды вас дакараю – п’яніцы такія-сякія... Я вам яшчэ раз кажу: не трэба тут агулам дакараць, што прэзідэнт на кагосьці тут казаў. Вы лепш паглядзіце на некаторых нават сёння. Я не кажу – гэта адзінкі тут. Але вы паглядзіце на іх. Ну чаму я павінен спакойна на гэта рэагаваць? Вы што, калі-небудзь прэзідэнта бачылі ў гэтай зале... альбо будучы дэпутатам, п’яным? Я маю права патрабаваць парадку ў сваёй рэзідэнцыі, калі хочаце, у сваім доме. Ну, чаму вы пазбаўляеце мяне права? Я ж нікому рукі не заламаў, не вывеў і гэтак далей. А тое, што я крытыкую вось асобных – дык гэта ж так. Гэта ж так! Нават пры мне з мікрафонаў выступалі... Ну, няўжо вы не бачылі, няўжо прэса, якая вось праз парэнчы глядзела на гэтых дэпутатаў, і бачылі. Некаторыя дазваляюць сабе, седзячы ў гэтых крэслах, закусваць. Але гэта ж так! Гэта адзінкі, але яны ёсць. Чаму вы іх не асудзілі? Вось яно ўвесь час да гэтага і прыводзіла. А потым прэзідэнт вінаваты, што ён дыскрэдытуе Вярхоўны Савет. Ды не я вас дыскрэдытую. Дыскрэдытуюць 5–6 дэпутатаў, плюс гэтых 20. (Гоман у зале.) Я пераканаўча прашу генеральнага пракурора ўзбудзіць крымінальную справу па гэтым пытанні і ў рамках крымінальнай справы разгледзець усе гэтыя дзеянні. І стужкі запытайце, службовых асоб дапытаць. Зрабіце ўсё, як належыць. Хоць бы адзін раз, Васіль Іванавіч, вазьміце вы і пакажыце, што вы – генеральны пракурор. Не трэба вам хістацца паміж гэтымі плынямі. Вы – генеральны пракурор, і дзейнічайце. Вы атрымаеце падтрымку не толькі ад Вярхоўнага Савета, але і ад прэзідэнта, прытым поўную падтрымку. І няхай гэта ў рамках крымінальнай справы ўсё пройдзе, як адна крымінальная справа вядомага барацьбіта з карупцыяй з Кіраўніцтвам справамі, якога нельга было ў суд зацягнуць. Крычаў: давайце ў суд, прыйшлі ў суд – яго няма. Я перакананы, што ў рамках гэтай справы з усімі пытаннямі разбяруцца адпачатку, але тут публічна заяўляю, што прэзідэнт ведаў пра гэтую аперацыю і ратаваў гэтых людзей, якія галадуюць, таму што адказваў за іх жыццё. Яшчэ два моманты літаральна, перш чым адказаць на вашыя пытанні, калі яны будуць. Паважаныя дэпутаты! Я яшчэ раз вам хачу паўтарыць тое, што сказаў нядаўна. Бо рэч не ў маім характары. Рэч у той сітуацыі, якая складваецца ў Рэспубліцы Беларусь. Ну, не магу я дапусціць, каб наш лапік зямлі палаў, як усе суседзі. Ну, не магу я дапусціць, каб былі гэтыя канфлікты. Бо тут жывуць нашы людзі, я ўжо вам казаў: і нам, і дзецям нашым тут жыць. Але вы бачыце, што адбываецца. Але ж вы бачыце! Я крыху больш ведаю фактуры. Я ведаю і тое, што, на жаль, пра гэта не магу сказаць. Не паспеў гэты інцыдэнт тут адбыцца, як асобныя замежныя пасольствы тут, службы, ну гэтак актыўна дамагаюцца пэўнай інфармацыі, робяць пэўныя заявы. Ну, зразумейце! Просты ланцуг, простая звязка з тым, што тут адбываецца… Але калі мы суверэнная дзяржава, ну чаму мы павінны кленчыць... Мы не павінны ні перад Усходам кленчыць, ні перад Захадам, калі на тое. І не будзе гэтага пакланення. Будуць інтарэсы, нашы інтарэсы, нашай дзяржавы. І зыходзячы з гэтых рэалій будзе будавацца гэтая палітыка. Ну, што тут не так? А ўлада будзе. Без улады мы нічога не зробім. Я разумею, што не падабаецца жорсткая ўлада. І думаеце, мне вось выгодна, цікава праводзіць гэтыя жорсткія захады? Ды барані божа! Я не хацеў бы яшчэ адну такую ноч перажыць. Бо я ж бачыў гэтыя наступствы, бачыў гэтыя хітраспляценні, бачыў рухі, якія адбываюцца апроч гэтай залы і апроч гэтага інцыдэнту. Ну, бачыў жа іх! І мне гэтага не трэба, і вам тым болей. Таму мной не кіруе тут нейкае жаданне, ведаеце, усталяваць нейкую дыктатуру. Але я вам мушу заявіць, калі будзе пагроза жыццю хаця б аднаго грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, і прэзідэнт здольны і мусіць, абавязаны і можа зрабіць для таго, каб абараніць не толькі ягонае жыццё, але гонар і годнасць, я буду праводзіць самыя рашучыя дзеянні. Навошта ж мы прэзідэнцкую ўладу ўводзілі? Навошта мы абіралі прэзідэнта? Вы ж памятаеце, чым мы матывавалі гэты раздзел нашай Канстытуцыі. Што час сканчаць гэты вэрхал, час сканчаць. Так склалася, што мне давялося гэтую ношу несці. І я буду здзяйсняць тое, пра што вы калісь казалі. Я ж не супярэчу таму, што вы казалі, на што вы спадзяваліся. Улада ў Рэспубліцы Беларусь будзе. Як бы мяне тут ні тузалі ў сродках масавай інфармацыі, ні здзекаваліся з мяне, я яшчэ раз кажу: вы ўжо тое-сёе ведаеце, калі Генадзь Дзмітрыевіч на мяне крычаў: кажы. Цяпер казаць не трэба. Сродкі масавай інфармацыі напісалі пра аднаго чалавека. Але ўлічыце, гэты клубок пачаў размотвацца. Гэты азербайджанец распавядзе шмат і ўжо кажа. Што там адбываецца – гэта жах. Але няўжо я мушу глядзець, пакуль пачнуць яшчэ на тэлебачанні альбо людзей у пад’ездах дамоў расстрэльваць? Ды не мушу я! Я не проста павінен рабіць захады, калі хочаце. Я мушу дэманстраваць уладу. Я абавязаны, на тое гэта і ўлада. І як кіраўнік дзяржавы я гэта буду рабіць, як бы камусьці гэтага не хацелася. Паважаныя калегі! Паважаныя дэпутаты! Ну, не гаманіце, калі ласка, можа быць, і не падабаецца. Вы потым абурыцеся. Я проста шчыра вам кажу пра гэта, паколькі я мушу вам пра гэта распавесці ў апошнія гэтыя дні. Паважаныя калегі! Сёння нагнятаецца сітуацыя дзеля чаго? Яны ж цудоўна сышлі і разумеюць, што я ім больш не дазволю тут галадаваць. Такая галадоўка смеху вартая, нікому не патрэбная. І яна больш не будзе. Таму яны сышлі шукаць новае месца ў Мінску. Калі ласка! Але ў дзяржаўных установах, ці то ва ўрадзе, ці то Вярхоўны Савет альбо іншыя галадовак і парушэння парадку не будзе. Для мяне будынак Вярхоўнага Савета – тое самае, што будынак гэтага ўрадавага будынку. Служба бяспекі, падначаленая прэзідэнту, яго ахоўвае, і не думаю, што вам прыемна будзе хадзіць па гэтым памяшканні, бачачы гэтыя твары, якія будуць там паказваць свае сінякі і распавядаць, як ім было цяжка. Я таксама вам абсалютна шчыра гэта заяўляю і пра гэта кажу. І перакананы, што большасць падтрымае гэта. Сёння вас штурхалі на прыняцце рашэння: давайце тут вось гэтую залу, крывавую залу, пойдзем у іншую. Куды вы пойдзеце? Гэта працяг канфрантацыі, гэта вас уцягваюць, каб увесь Вярхоўны Савет уцягнуўся ў гэтую акцыю. Я вас не трымаю. Калі ласка! Куды вырашыце, туды ідзіце. Гэта вашае права. Я ж не буду перашкаджаць перасоўванню дэпутатаў па Мінску. Хочаце – ідзіце ў Вярхоўны Савет, але падумайце, перш чым пайсці. А тое вас тут асобныя праваслаўныя завядуць у такую дрыгву, што мы не хутка выйдзем, і дзеці нашы, можа быць, адтуль не выйдуць. А інфармацыю наконт нядзелі, наконт гэтага… стужку, якая прыводзіцца ў адпаведнасць з тым, што мы павінны вам паказаць яе на тэлебачанні, мы вам яе пакажам. І генеральны пракурор, калі ён рызыкне ўзбудзіць крымінальную справу, наколькі я ведаю, вы гатовы ўзбудзіць. Узбудзілі? Дзякуй, Васіль Іванавіч. Мы перадамо ў пракуратуру, і там будуць разбірацца. А сёння, заўтра пастараемся паказаць вам яе па тэлебачанні. І апошняе. Чыста чалавечы аспект. Я яшчэ раз кажу вам, шчыра ўжо кажу, каб не было інсінуацый гэтых і спекуляцый. Засталося два дні вам працаваць у гэтым калектыве. У мяне зусім іншае было... план заканчэння гэтай працы, зусім... Мы пазаўчора з Леанідам Георгіевічам абмеркавалі яго. Як нам дзейнічаць, як нам быць з дэпутатамі. Хоць тут і было неразуменне, непаразуменне, але большасць дэпутатаў – нармальныя, разважлівыя людзі. Таму мы з гэтага разліку ўсё ж прадумвалі ўсе варыянты ў сувязі з просьбамі Івана Міхайлавіча Бамбізы, па-людску развітацца для таго, каб вызначыць сапраўды, што Вярхоўны Савет, ён жа ўсё адно мусіць быць, нават калі вы паўгода не будзеце абірацца. А раптам якая бяда? А раптам надзвычайнае становішча? Бо без Вярхоўнага Савета мы канстытуцыйныя пытанні шмат якія не вырашым. Дык што вы думаеце, што прэзідэнт бы гэтак, ведаеце, вас кудысьці выкінуў і ніколі сюды не запрасіў? Ды я першым бы вас сюды запрасіў і сабраў. Такі быў план. Не разганяць, не выганяць. Ну, зразумейце вы, нарэшце! Ну што, праблема сёння прэзідэнта, маючы сілу, закрыць гэтыя дзверы і не ўпусціць дэпутатаў? Вы думаеце, што там ужо моцна, ужо хтосьці кагосьці шкадаваў. Ды не гэта нам трэба. Вы – першы цывілізаваны парламент, які абраны. Я – першы прэзідэнт. Хіба гэтым мы павінны скончыць? Прэса гэта падбухторвае, ідуць... Расіі перадалі сёння: Беларусь як ніколі блізкая да грамадзянскай вайны. Расійскае радыё перадае. Я даручыў цяпер Упраўленню інфармацыі і Камітэту дзяржбяспекі знайсці гэтага журналіста, які перадаваў гэтую інфармацыю. Я пра гэта вам кажу проста. Якая грамадзянская вайна? Чаму нагнятаецца сітуацыя? Я толькі што прыехаў з жывога эфіру. Па першым расійскім канале ішла размова з расійцамі, жывы эфір. Закідалі людзі пытаннямі. Што ў вас, кажуць, Аляксандр Рыгоравіч, адбываецца? Мы ж на вас глядзім, сапраўды, як на Беларусь, як на цэнтр гэтага яднання і прыцягнення гэтага славянскага свету. Што за грамадзянская вайна? Я кажу: пабойцеся Бога, браткі. Якая грамадзянская вайна? Удакладняю – сапраўды, перадаюць інфармацыю. Хто перадае? Тыя журналісты, якія тут знаходзяцца. (Гоман у зале.) Журналісты расійскага радыё. Я хачу вам заявіць: збірайцеся і з’язджайце неадкладна ў Маскву, неадкладна, пакуль мы не знайшлі вас, і смяяцца потым будзе позна. Вам ніхто не даў права распальваць тут жарсці. Так, так, Аляксандр... Ніхто не даў вам права. І не трэба нам тут нагнятаць гэту абстаноўку і сітуацыю. Хочаце працаваць – давайце разам працаваць на карысць гэтага народу, на карысць гэтай зямлі, на якой вы жывяце. Таму, паважаныя дэпутаты, я пераканаўча вас прашу. Прашу толькі аднаго. Не трэба ўжо ніякіх законаў, нейкіх актаў нарматворчых. Я прашу вас ратыфікаваць дамову з Расійскай Федэрацыяй. Я прашу проста вас. Вы разумееце? Гэта не ПДВ. Мне сорамна сёння, я дакараю расійскі ўрад за нізкія тэмпы тых працэсаў, якія тычацца адзінай мытнай сістэмы, пра якую вы заўсёды тут казалі. Патрабавалі яе і ад Станіслава Станіслававіча, і Мечыслава Іванавіча. Мы заключылі гэтую дамову. Я ўвесь час – ужо не расійцы падштурхоўваюць да гэтага, а я – ураду кажу: ну чаму вы сёння сыходзіце ад вырашэння канкрэтных пытанняў, калі яны ўзнікаюць? Яны мне кажуць: дык вы ж не ратыфікавалі нават асноўную дамову. Я вас прашу: вярніцеся сёння, паколькі ў вас кворум сёння найкаласальнейшы, прагаласуйце гэтую дамову, яна патрэбна не толькі мне, яна рамкавая дамова. Усё астатняе, калі хопіць у вас сілаў, вярніцеся да канкрэтных дамоваў, я іх накіраваў вам у Вярхоўны Савет. Ну, не возьмецеся вы за гэтае – страху ніякага няма. Яны ўсё адно ўжо ўведзеныя ў дзеянне, астатнія канкрэтныя дамовы, пратаколы ў развіццё вялікай дамовы. Калі вы дасцё мне гэты прававы калідор, я вам буду выключна ўдзячны. Вярніцеся вы сёння да гэтага пытання і ратыфікуйце яго, і, паверце, гэта будзе яшчэ адзін, ну, не хачу сказаць яшчэ – гэта будзе канкрэтны крок у інтарэсах тых людзей, якія нас сюды накіравалі ў Вярхоўны Савет. Гэта мая адзіная просьба. Я ж гатовы выканаць... Так, і з Еўрапейскай супольнасцю я ўношу ў адзіным пакеце. Пагадненне з Еўрапейскай супольнасцю і з Расіяй. Тут дакораў не будзе. Тут дакладна: Захад – Усход. Ён нам выгодны, ён адмяняе квоты, ён дае нам ільготы, ён пашырае наш гандаль з Захадам, нам ён выгодны і з Расіяй. Ніхто не будзе спекуляваць, што тут ухіл нейкі на Усход. Вось гэтыя дзве дамовы, калі ласка, яны ў вас шмат часу не зоймуць, паколькі яны носяць агульны характар. Калі ў вас ёсць да мяне пытанні, паважаныя дэпутаты, я гатовы на іх адказаць.
|
5 Стэнаграма пасяджэння № 96 Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання (серада, 12 красавіка 1995 года). НАРБ. Ф. 968. Воп. 1. Спр. 3432. 6 Вылучаныя курсівам фразы прамоўца казаў па-беларуску. – Заўв. рэд.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |