A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Усё нагадвала ваенны пераварот
…Пра галадоўку 11 красавіка 1995 г. я пачуў за дзень да яе пачатку на пасяджэнні дэпутацкай фракцыі, якая месцілася на трэцім паверсе Дома ўрада. Абмеркаванне праходзіла бурліва і доўга. Ініцыятары зыходзілі з таго, што трэба звярнуць увагу грамадскасці на ініцыятыву прэзідэнта пра рэферэндум. Я выступаў на пасяджэнні фракцыі супраць галадоўкі, бо лічыў, што ўлады перанясуць сесію ВС у іншую залу, у будынак былога ЦК КПБ на вуліцы К. Маркса, 38. У выніку мы не паўплываем на іх і будзем выглядаць проста дурнямі, калі не зможам удзельнічаць у галасаванні. Разам са мной супраць галадоўкі з розных прычын выступала частка сяброў фракцыі.
Нягледзячы на сваю адмоўную пазіцыю, я не мог кінуць сяброў. Я разумеў усю небяспеку галадоўкі, аднак рашыў у ёй удзельнічаць. Калі 11 красавіка я ішоў у залу ВС, то мімаходзь загітаваў на галадоўку П. Садоўскага. Ён быў паслом у Германіі, толькі што адтуль вярнуўся і фактычна ад апазіцыі на пэўны час адышоў. Сустрэўшы яго, я спытаўся: «Ці будзеш удзельнічаць у галадоўцы?» Ён адразу ў адказ: «Буду, а як жа». Я не чакаў ад яго такой рэакцыі. Ён не пабаяўся, хаця шмат хто, з кім давялося размаўляць, адмовіўся. Галадоўку пачалі 17 дэпутатаў фракцыі БНФ з 28 пасля таго, як яе лідэр З. Пазьняк зачытаў выступ з тлумачэннем, чаму дэпутаты пайшлі на такі ўчынак проста ў зале ВС. Яны селі абапал трыбуны на прыступках, і пачаліся дэбаты. Я яшчэ каля гадзіны сядзеў на сваім звычайным месцы, потым узяў слова і сказаў, што далучаюся да галадоўкі на знак пратэсту супраць незаконнага адхілення ад пасады рэдактара «Народнай газеты» Сярэдзіча – я імкнуўся звярнуць увагу на праблему свабоды слова. Затым я прайшоў і сеў побач з усімі галадоўнікамі. Пасля мяне да галадоўкі далучыўся яшчэ С. Антончык. Трэба сказаць, што пасля заявы Пазьняка зала разгубілася. Дзякуючы галадоўцы, мы адразу выйгралі, бо з унесеных прэзідэнтам 4 пытанняў на рэферэндум пры галасаванні прайшло толькі адно – адносна інтэграцыі з Расіяй. Потым іншыя пытанні не ставіліся на галасаванне. Атрымлівалася, што рэферэндум адбудзецца, але толькі па адным пытанні. Аднак мы вырашылі галадаць да таго часу, пакуль астатнія пытанні не здымуць з парадку дня, бо выдатна разумелі, што іх могуць далей зноў выносіць на абмеркаванне і галасаванне. Дарэчы, так яно потым і атрымалася. Калі нас збілі, астатнія дэпутаты вярнуліся да ўсіх пытанняў і цалкам іх прынялі. Аднак 11 красавіка мы адстаялі яшчэ адзін дзень свабоды. Гэтак мы сядзелі каля трыбуны да 18-й гадзіны – да часу закрыцця пасяджэння, пакуль астатнія дэпутаты разам са старшынёй не пакінулі нас адных у зале ВС. Яшчэ перад тым да нас заходзілі розныя журналісты, напрыклад, карэспандэнтка радыё «Свабода» Алена Радкевіч. У зале быў тэлефон, па якім мы звязваліся з вонкавым светам. Ужо дзесьці глыбока ўначы, перад самым збіццём, гэты тэлефон адключылі. Некаторыя з нас выглядалі ў калідор, цікавіліся, што адбываецца навокал. Мы бачылі, што насупраць свяціліся вокны ў будынку ўрада – там сядзелі Лукашэнка з камандай. На вуліцы таксама было шмат журналістаў. Мы размаўлялі з імі па тэлефоне, тлумачылі мэты галадоўкі. Пазьняк звязваўся з М. Грыбам. Грыб сказаў яму: галадаваць вы маеце права, вы ж дэпутаты. Мяркуючы па тым, як далей разгортваліся падзеі, пэўныя сілы, якія нас выкідалі з залы, відаць, дзейнічалі паводле нейкага распрацаванага плана. Па-першае, недзе а 9-й гадзіне вечара да нас прыйшлі вайскоўцы і заявілі, што будынак замінаваны. На чале гэтай не дужа вялікай групы быў афіцэр, мабыць, палкоўнік ці падпалкоўнік. Яны хацелі нас выдаліць, бо збіраліся шукаць міну. Мы адказалі: «Што ж, шукайце, а мы з залы не пойдзем». Яны хадзілі-хадзілі, шукалі-шукалі, але ніякай міны не знайшлі, што і засведчылі ў адпаведным акце. Яго копія потым недзе згубілася. У ім казалася, што агляд памяшкання зроблены і бомбы не знойдзена. Натуральна, такі запіс быў завераны подпісамі – афіцэра і маім. Сапёры выйшлі, пакінуўшы нейкага маленькага росту афіцэра з эмблемамі пажарніка, які сеў у глыбіні залы, а як толькі пачаўся штурм, некуды збег і знік. Усе далейшыя падзеі здымаліся на дзве відэакамеры з розных балконаў. Я гэта дакладна бачыў. Лукашэнка потым абяцаў паказаць запісы, але і дасюль не паказаў. Нас вырашылі выгнаць гвалтам, бо нічога больш, відаць, прыдумаць не маглі. Да нас зайшла вялікая група – чалавек 20 – гэбістаў у цывільным. З імі быў начальнік аховы, здаецца, палкоўнік ці падпалкоўнік Міхаіл Цесавец, між іншым, таксама дэпутат ВС. (Я, дарэчы, у ВС заўжды сядзеў з ім побач, бо яго абралі ў парламент па Менску. Спачатку ён хіліўся да апазіцыі, стараўся нават са мной размаўляць па- беларуску. А потым пабег служыць верай і праўдай у каманду новаабранага прэзідэнта.) Цесавец сказаў, што мы мусім пакінуць памяшканне і даў гэбістам каманду выдаліць нас з залы. А мы ім кажам: «Мы дэпутаты, недатыкальныя асобы, вы не маеце права чапаць нас, а калі што, то, як парушальнікі закона, пойдзеце пад суд». Калі яны паспрабавалі адарваць кагосьці, мы селі побач і счапіліся за рукі. Яны тузанулі некага з краю, здаецца Кржыжаноўскага, але вырваць яго не ўдалося. Потым гэтыя людзі адмовіліся выконваць загад і пайшлі. Увогуле магу сказаць, што на тыя часы ў нашых службах працавалі добрасумленныя людзі. Сапёры, якія шукалі міну і мелі загад выдаліць нас любой цаной, нас, аднак, не чапалі. Не зрабілі гэтага і гэбісты. Больш за тое, недзе а 12-й, а можа, а 1-й гадзіне ночы, калі я выглядаў у калідор, да мяне падышоў адзін з гэбістаў аховы і кажа: «Алег Анатолевіч, рыхтуйцеся, вас будуць біць. Супраць вас выкліканы спецатрад». (Гадоў праз пяць гэты чалавек пазнаў мяне на вуліцы, падышоў і сказаў, што яго разам з многімі іншымі выгналі са службы. Яны таксама ўсе пацярпелі, але засталіся сумленнымі людзьмі. КДБ тады кіраваў мой добры знаёмы генерал Ягораў. Ён, наколькі я зразумеў, не ўдзельнічаў у гэтай акцыі. Таму яго неўзабаве і знялі.) Я перадаў сваім калегам папярэджанне. Частка мне не паверыла, але мы сталі чакаць нападу, г. зн. не спалі. Гарэла прыглушанае святло. Потым у разведку пайшлі Голубеў і Антончык, а за імі я. Мы ў калідор не выходзілі, а толькі паглядзелі ў шчыліну дзвярэй і ўбачылі, што ў фае паўнютка вайскоўцаў. Я заўважыў, пэўна, узвод у процівагазах і з аўтаматамі. Адзін хлопец трымаў ручны кулямёт. Я мяркую, яны збіраліся пусціць нам газ, але потым чамусьці перадумалі. Вайскоўцы стаялі шчыльным шыхтом. Вось тады Пазьняк і стаў тэлефанаваць, каб паведаміць, што на нас будуць нападаць са зброяй. Неўзабаве тэлефон адключылі. Недзе каля 3-й гадзіны ночы мы пачулі апошні ультыматум. З’явіўся той жа Цесавец з адным цывільным і адкрытым тэкстам заявіў, што дае нам некалькі хвілін на роздум. А калі мы самі не пакінем залу, то нас выдаляць гвалтам. Ён паводзіў сябе нахабна. Маскі былі, што завецца, скінутыя. Існаваў закон, паводле якога забаранялася заходзіць у ВС са зброяй, а тым больш выганяць адтуль дэпутатаў. А яны ўжо стаялі напагатоў са зброяй у будынку парламента. Я параўноўваю гэта з фашысцкім пераваротам Мусаліні. У гісторыі Еўропы дэпутатаў білі ў двух парламентах: у Рыме, а цяпер у Менску. Праўда, быў яшчэ расстрэл у Арменіі. Мы шчыльным шэрагам селі там, дзе звычайна свае месцы на пасяджэннях ВС займалі міністры і госці. Я быў побач з Пазьняком, і мы зноў счапілі рукі. Літаральна праз некалькі хвілін пасля ультыматуму ў зале загарэлася яркае святло, рэзка расчыніліся галоўныя і бакавыя дзверы і ў залу адусюль уварваліся людзі ў чорных масках і чорнай спартовай форме. Яны скакалі проста па дэпутацкіх лаўках. Услед за імі ззаду на нас рынуліся міліцыянты з дубінкамі і ў масках. Яны былі ўжо ў форме ўнутраных войскаў. Вакол стаяў лямант. Асабліва моцна крычаў Кржыжаноўскі – ён вельмі сур’ёзна пацярпеў. Адзіны П. Садоўскі не супраціўляўся. Не ведаю, чаму і што такое ён ім сказаў, але яго не білі, і ён пайшоў сам. Цікава, што пры нападзе адных білі, а іншых, да прыкладу, Дзейку і Малашку, не чапалі. Потым, калі мы сабраліся і ўбачылі адзін аднога, гэта яскрава кінулася ў вочы. Хто быў у крыві, хто ў сіняках, каму парвалі адзежу, як, напрыклад, дэпутату Заблоцкаму. Я сядзеў у цэнтры, і таму мяне цягнулі адным з апошніх. Тут нехта – мабыць, Пазьняк ці Гермянчук, – прапанаваў зрываць маскі з нападнікаў. І мы сарвалі маскі з двух ці трох чалавек. Яны тут жа закрылі твары рукамі і паваліліся на падлогу. Адзін з нападнікаў схапіў мяне за вушы і стаў біць галавой аб стол. Але я папярэдне паклаў на яго перад сабой падушку. Мяне разабраў дурны смех, бо хлапец пачаў малаціць мяне галавой аб гэту падушку. Смех смехам, але мне дасталося ззаду дубінкай. Білі, куды патрапяць. Мне найбольш перапала па левай руцэ – потым амаль паўгода яна з цяжкасцю падымалася. Тады заламалі рукі і павалаклі па падлозе бакавым праходам на двор. Білі ўжо каваным чаравіком. Перада мной гэткім жа чынам цягнулі Ю. Беленькага, апранутага ў белы плашч. Мяне і тут разабраў смех: яны яго лупцавалі па плашчы. Мяне ж білі па нагах, ды так, што яны ссінелі, жонка потым жахнулася ад сінякоў. Мяне выцягнулі ў вузкі двор праз шчыльны калідор міліцыянтаў з дубінкамі. Але гэтыя ўжо нас не білі. У двары стаялі «варанкі» ці міліцэйскія газікі. Нас кідалі ў іх, як тое бярвенне ці снапы на вазы. Я трапіў у варанок разам з Баршчэўскім, Герменчуком і Садоўскім. Я аказаўся акурат за спінай гэбіста, які сядзеў побач з вадзіцелем. Ён спытаўся, куды нас адвезці. Тады я злосна закрычаў: «Вязі нас у пракуратуру. А не – дык мы прыйдзем да ўлады і цябе пасадзім». І ўсе пацярпелыя мае сябры дружна падхапілі і закрычалі: «Вязі ў пракуратуру». Ён сапраўды адвёз нас у Генеральную пракуратуру, выгрузіў роўненька перад ганкам. Недзе а 3-й ці 4-й гадзіне ночы мы ўварваліся ў пракуратуру і выклікалі дзяжурнага пракурора. Той убачыў, што ў Баршчэўскага і Герменчука разбітыя і залітыя крывёю твары. Таму дзяжурны тут жа выклікаў хуткую дапамогу і пазваніў В. Шаладонаву, які ўзбудзіў крымінальную справу. Хутка прыехала неадкладная дапамога. Знялі пабоі, выцерлі кроў, а дактары параілі нам прайсці экспертызу ў шпіталі, што мы потым і зрабілі. Яны далі нам медыцынскую даведку пра збіццё, і такую ж потым мы атрымалі ў лечкамісіі. Усе гэтыя матэрыялы мы аддалі ў пракуратуру. Следчы Я. Бролішс потым сустракаўся з намі. Ён вёў справу сумленна, як належыць. Як і мы, ён патрабаваў відэастужку пра начное здарэнне, тым больш, што назаўтра Лукашэнка абяцаў яе паказаць. Але нават Бролішс яе не атрымаў. Аднак дабіўшыся, каб нас адвезлі ў пракуратуру, мы сарвалі правакацыю, бо іншых калегаў развезлі ў розныя месцы горада і хацелі пусціць чуткі, што дэпутаты напіліся і самі пабіліся. Потым недзе а 5-й ці 6-й гадзіне раніцы 12 красавіка мы пайшлі не дахаты, а ў ВС. Я зайшоў у свой кабінет і па наўпроставай сувязі адразу пазваніў міністру ўнутраных справаў Агальцу і паведаміў таму пра напад вайскоўцаў. Я казаў яму: «Гэта ж твае ўнутраныя войскі». Той бажыўся, што ён ніякага дачынення да майго збіцця не мае. Затым частка збітых пайшла да М. Грыба. Грыб хацеў спачатку правесці сесію ў будынку былога ЦК КПБ. Калі б ён гэта зрабіў, то сітуацыя была б зусім іншая, бо дэпутатаў вельмі напалохала начное здарэнне. Потым Грыб пагадзіўся з прэзідэнтам. З самай раніцы Дом урада на плошчы Незалежнасці ачапілі ўнутраныя войскі. Нам давялося сілай прарывацца ў залу пасяджэнняў ВС. Міліцыянты тлумачылі, што ім загадана нас не пускаць. Не пускалі нават генеральнага пракурора В. Шаладонава, які ў гэты момант праходзіў разам з пацярпелымі. Ён рашуча адштурхнуў ахоўніка, і пацярпелыя літаральна ўварваліся следам за ім на сесію. Пазней мне давялося ўзначаліць калону падтрымкі, якая стыхійна сфармавалася каля будынка гарсавета. Тут сабраліся некалькі тысяч чалавек, у асноўным жанчын і моладзі. Цікава, што мужчынаў з Беларускага згуртавання вайскоўцаў на чале са Статкевічам чамусьці не аказалася. У некалькіх месцах плошчы ўсчаліся сутычкі з міліцыяй, пачалося ўзрушэнне. Я ўзначаліў стыхійную калону і павёў яе да будынка ВС на К. Маркса, 38. У Цэнтральным скверы мы ўбачылі, што будынак ВС аточаны ўнутранымі войскамі. Я ўпершыню пабачыў шчыты, маскі, машыны. Усё нагадвала ваенны пераварот з тымі атрыбутамі, якія потым зрабіліся звычайнай з’явай. Памятаю, я стаў на лаўку, сказаў прысутным усё, што думаў, і распусціў натоўп, пашкадаваўшы, што сярод нас мала мужчынаў. Аднак у будынак ВС нас пусцілі. Пазней адбылася славутая сесія, на якой напалоханыя дэпутаты ўхвалілі ўсе пытанні, вынесеныя прэзідэнтам на рэферэндум. Удзельнікі галадоўкі сабраліся ў пакойчыку апазіцыі і вырашылі, што далей галадаваць няма сэнсу, бо дзяржаўны пераварот ужо здзейснены, сітуацыя ў краіне змянілася. Нам трэба дабівацца ад Генеральнай пракуратуры пакарання вінаватых. І мы ў той дзень ставілі пытанне пра імпічмент прэзідэнту. Тым не менш, з рэплік, якія гучалі з залы: «Мала далі, трэба было больш!» – мы бачылі, што ВС пераважна ўжо на баку прэзідэнта. Асабліва распірала ветэранаў. Здаецца, Аксаміт і Шут паказвалі свае збітыя спіны. Дакладна памятаю, што Аксаміт дэманстраваў сінякі ад дубінак проста са свайго месца. Пасля выступаў, дзесьці бліжэй да абеду, мы пакінулі залу, заявіўшы, што не будзем удзельнічаць у фарсе. Пасля красавіцкай галадоўкі ў Беларусі перастаў дзейнічаць закон, пачалася моцная рэакцыя. Кожны дзень кагосьці звальнялі, а Адміністрацыя прэзідэнта паціху-патроху прыбірала ўсю ўладу ў свае рукі. Пасля гэтага перавароту стала зразумела: рэфармацыя скончылася, пачалася контррэфармацыя.
|
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |