A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Такое не забываецца
…Фракцыя БНФ мела ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання, можа, 9–10 % месцаў. Сіла яе палягала найперш у адчуванні сваёй праўды і ў падтрымцы людзей, а таксама ў інтэлекце, бо сярод нас было ці не з дзесятак кандыдатаў навук. Асабіста я не люблю аўтарытарных асоб, якія здушаюць волю. Мне, напрыклад, не падабалася, калі Пазьняк пры абмеркаванні мог крыва ўсміхнуцца ці некага абрубіць. Але ён быў выдатны тактык і надзвычай добры аналітык. Сярод сяброў апазіцыі я б вылучыў найперш Уладзіміра Заблоцкага, які глыбока разбіраўся ў эканамічных пытаннях, умеў слухаць аргументы іншых, і Уладзіміра Новіка, хаця той і адышоў ад апазіцыі, бо збіраўся працаваць у банкаўскай сістэме як спецыяліст у інфармацыйных тэхналогіях. Варта згадаць Лявона Баршчэўскага, Ігара Герменчука, Валянціна Голубева, Алега Трусава, Лявона Зданевіча, Юрася Беленькага, Сяргея Антончыка, Галю Сямдзянаву. З астатніх дэпутатаў мне імпанавалі Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Уладзімір Цялежнікаў, Аляксандр Сасноў, Уладзімір Сафронаў, Вольга Галубовіч, Уладзімір Сапронаў.
Больш за два гады я быў адначасова і дэпутатам парламента – старшынёй камісіі па замежных справах, і, адпаведна, чальцом Прэзідыума. Але з 1992 г. я быў і амбасадарам у Нямеччыне. Такое сумяшчэнне было пэўным непаразуменнем пераходнага перыяду, бо паводле логікі я меў скласці дэпутацкія паўнамоцтвы і пайсці працаваць выключна ў МЗС на дзяржаўную службу. Трапіўшы ў склад Прэзідыума, я перадусім пастараўся знайсці прафесійны і чалавечы кантакт са спецыялістамі Савета Міністраў і разабрацца перш за ўсё ў вонкаваэканамічных пытаннях. Спачатку на мяне глядзелі як на парвеню, але вельмі хутка адчулі, што ў ягняці праразаюцца зубы. Мяне больш за ўсё цікавілі канцэрны ды іншыя аб’яднанні, створаныя на базе міністэрстваў, якія валодалі рэсурсамі. У такое аб’яднанне, створанае, напрыклад, у абласным цэнтры, маглі ўваходзіць: першы намеснік старшыні Савета Міністраў, сакратар абкама партыі, загадчык валютнага аддзела СМ, дырэктар буйнога банка і некалькі маленькіх мясцовых дзялкоў. Так акумуляваўся першасны прыватны капітал. У адпаведнай пастанове Саўміна дакладна вызначалася, якія памяшканні, аўтамабілі, узнагароджанні (у валюце!) і г. д. за кошт рэспубліканскага бюджэту могуць выдзяляцца такому аб’яднанню. Кантролю не было ніякага – ні маскоўскага, ні мясцовага партыйнага. Пазней пачалі з’яўляцца сумесныя прадпрыемствы з удзелам г. зв. замежных інвестараў. Гэта былі звычайна дробныя бізнесмены, не вельмі паспяховыя ў сябе на радзіме, што спрабавалі шукаць прыбытак у каламутнай вадзе постсавецкіх дзяржаў. З нашага боку выступалі дзеячы з Саўміна і міністэрстваў. Асабліва буялі здзелкі з бартэрам. Яшчэ паводле савецкіх нормаў, у бартэрнай дакументацыі патрабавалася дакладна адлюстроўваць тэрміны (звычайна 45 дзён), краіну, дакладныя звесткі пра абодва бакі, сустрэчны тавар, банкаўскія рэквізіты і гарантыі. З нашага боку права на дазвол бартэру мелі пяць асоб у рангу міністра ці намесніка прэм’ера. Па бартэры з нашага боку звычайна ішлі на экспарт калійныя ўгнаенні, авіяцыйны керасін, нафта, бензін, лес, азотныя ўгнаенні, карбамід: тавары, цэны на якія збольшага вызначаліся паводле еўрапейскіх біржаў. Кожныя тры дні звесткі пра сярэднеаптовыя цэны ў Амстэрдаме, Лондане, Франкфурце, Ротэрдаме, Гамбургу я атрымліваў прыватна ад аднаго знаёмага немца па факсе. Тады ў нас не было аператыўных камп’ютэрных праграм. Адзіны факсавы апарат нашай камісіі прэзентаваў Сяргей Касцючэнка, дырэктар «Прыёрбанка». Пра электронную пошту яшчэ не марылі. Яна з’явілася пазней. Нават з такім мінімумам інфармацыі ўдавалася сёе-тое зразумець. Уявіце сабе: глядзіш на форму разовай ліцэнзіі на бартэрную аперацыю, падпісаную намеснікам прэм’ера, а там – толькі назва нашай юрыдычнай асобы, краіны прызначэння і колькасць тавару. Няма ні назвы партнёрскай фірмы, ні сустрэчнага тавару, ні тэрмінаў, ні спосабаў пастаўкі, ні кошту за адзінку ўліку тавару, ні пункту паступлення сустрэчнага тавару і г. д. Як той казаў – круці што хочаш. Была яшчэ адна хітрасць: рэзкая змена курсу рубля на працягу тэрміну, неабходнага для ацэнкі экспартнага тавару ў цвёрдай валюце і ў рублях. Ніякай каардынацыі экспарту не вялося. У Індыі на адным калійным тэндэры аднойчы сутыкнуліся дзве нашы дзяржаўныя экспартныя структуры – з Міністэрства сельскай гаспадаркі (узначальваў Дзядук) і Саўміна (Андрушын). У выніку дзяржава страціла на кожнай тоне каля 10 даляраў. У англамоўным часопісе Potash на пачатку 1990-х гг. з’явіўся матэрыял пра парушэнне антыкартэльнага заканадаўства ў галіне экспарту калійных угнаенняў, з якога, паміж іншым, вынікала, што хтосьці з беларускага боку падрабязна інфармуе канкурэнтаў пра стан вытворчасці і планы «Беларуськалія». У часопісе былі нават змешчаныя графікі магчымага закрыцця адпаведных салігорскіх руднікоў. Ясна, што рабілася гэта не задарма. Бадай, самым кур’ёзным выпадкам з саўмінаўскіх «аперацый» з замежнымі інвестарамі было прызначэнне кіраўніка маленькай пасярэдніцкай італьянскай фірмы грамадзяніна Італіі Джузепе Курцы ні больш ні менш як «прэзідэнтам Італьянска-беларускай гандлёвай палаты і… ганаровым паслом ва ўсе краіны свету». Паводле дапрэзідэнцкага заканадаўства, амбасадараў прызначаў Вярхоўны Савет, а пра ганаровых амбасадараў нават не існавала адпаведнага палажэння. І вось на табе – адразу ва ўсе краіны свету! Як старшыня камісіі па замежных справах, я звярнуўся да Кебіча з пісьмовым запытам. Потым пытанне разглядалася на Прэзідыуме ВС. Высветлілася, што Курцы – звычайны аферыст, які здолеў пераканаць выканаўчую ўладу, што ён – асоба з блізкага атачэння італьянскага прэм’ера Андрэоці і эмісар Ватыкана, што яму належыць буйны банк і ён можа ад імя групы еўрапейскіх банкаў забяспечыць Беларусі крэдыт у памеры да 3 млрд даляраў на 15–70 гадоў пад 3,9 %. Курцы атайбаваўся ў Менску, атрымаў з фондаў Савета Міністраў катэдж, два аўтамабілі, пасведчанне з візіткамі і пачаў наносіць візіты. Настырлівасць камісіі Вярхоўнага Савета па замежных справах і вонкаваэканамічных сувязях, якую я ўзначальваў, мала каму падабалася. Відавочна, СМ вырашыў палагодзіць сітуацыю палюбоўна. Мне зрабілі некалькі неафіцыйных прапаноў з боку ўрада. І я, бачачы бясплённасць сваіх намаганняў і адсутнасць падтрымкі Прэзідыума, спакусіўся на пасаду амбасадара ў Боне. Як дыпламаванаму германісту і чалавеку, які ўжо адчуў смак да вонкавапалітычнай і вонкаваэканамічнай дзейнасці, мне было надзвычай цікава заглыбіцца ў сапраўдную практыку. Тады яшчэ былі спадзяванні, што мы вось-вось уліемся ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Забягаючы наперад, скажу, што ў Нямеччыне ўдалося запачаткаваць шмат чаго карыснага. Пра нашыя першыя дачыненні з Бруселем – у прыватнасці, пра супрацоўніцтва паводле праграмы TACIS – можна напісаць цэлы шэльмаўскі раман. Ужо амбасадарам дзякуючы сяброўскай (так!) дапамозе Магдалены Гоф, кіраўніка пастаяннай дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, Малдовай і Украінай, я неаднаразова прысутнічаў у Бруселі на пасяджэнні фінансавай камісіі, што размяркоўвала сродкі па краінах і прызначала кіраўнікоў праектаў. Закулісная схема выглядала так: камісія знаходзіла лабіяваную кім-небудзь кандыдатуру – юрыдычную асобу з краінаў ЕС, што мелася весці і кантраляваць праект такім чынам, каб большая частка сродкаў пераразмеркавалася па ЕСаўскіх адрасах. Перавага аддавалася навучальным праектам: мы павінны навучыць лавіць рыбу, а не даваць вуду! Большасць праектаў, на жаль, выглядала так: паездка групы начальства з Беларусі «на рынкавыя курсы» на Захад – лекцыі, банкеты, экскурсіі, выданне выніковых брашураў, планаванне працягу вучобы. Працягу звычайна не было, бо канчаліся грошы на праект. Ад такой працы нагульвалі тлушч асобныя чыноўнікі з Бруселя, бо атрымлівалі «адкат» ад еўрапейскіх фірмаў – непасрэдных арганізатараў курсаў, ды мелі свой кайф беларускія калясаўмінаўскія чыноўнікі, якія траплялі ў спіс курсантаў і вярталіся з-за мяжы з падарункамі для жонак і начальства, купленымі за «сутачныя» ад Саўміна і ад фірмы-арганізатара. Практыкавалася яшчэ запрашэнне фірмамі на прадстаўнічыя грошы з пэўнага праекту TACIS беларускіх урадоўцаў у госці (пэўна, каб далі ў Бруселі выдатную атэстацыю фірме-арганізатару). Аднак вернемся да Вярхоўнага Савета. На той час, калі адбылася галадоўка дэпутатаў, я ўжо вярнуўся з Нямеччыны. Сама ідэя галадоўкі ў ВС сталася для мяне нечаканай навіной – мне пра яе не паведамілі. Магчыма, кіраўнікі фракцыі БНФ збіраліся, раіліся, як і што зрабіць, каб перашкодзіць прызначэнню рэферэндуму. У той дзень, 11 красавіка 1995 г., я трошкі спазніўся на сесію. Пра само рашэнне аб’явіць галадоўку я пачуў ужо ў зале пасяджэнняў ВС. Было неяк непрыемна, што мне ніхто нічога не сказаў. Але, магчыма, мяне шукалі ды не знайшлі. Усё роўна, нават калі нехта мне не давяраў, я не вагаўся: трэба быць разам! Тады не прыходзіла думак, як гэта адгукнецца на працаўладкаванні і г. д. Пачуўшы заклік Пазьняка, я пайшоў і сеў сярод галадоўнікаў. Мяне вёў голас сумлення, а не нейкая партыйная дысцыпліна – я дазваляў сабе спрачацца з тым жа Пазьняком і не належаў да яго давераных асоб. Гэта быў момант ісціны. Як толькі мы размесціліся каля трыбуны, галасаванне ў ВС не прайшло – паслухмяная наменклатурная большасць адчула шок, і наша галадоўка дала першы плён. Калі мы засталіся ў зале, да нас прыходзіў доктар з амбулаторыі ВС. Нам прынеслі мінеральную ваду – распарадзіўся Мечыслаў Грыб, тагачасны старшыня ВС, бо з ім звязваліся па тэлефоне. З дома некаторым з нас прынеслі цёплыя рэчы. Уладкаваліся на ноч у крэслах. Асобныя дэпутаты спрабавалі ўлегчыся на падлозе, падсцілаючы курткі ці паліто. Прыходзілі міліцыянты з аховы разам з падпалкоўнікам міліцыі дэпутатам Цесаўцом: нібыта паступіў званок, што зала замінаваная. Нас папярэджвалі, што выведуць гвалтам, калі мы не падпарадкуемся і не пакінем залу. Але мы адказалі, што мы дэпутаты, недатыкальныя асобы – няхай сапёры пры нас усё правераць. Неўзабаве прыйшлі сапёры з сабакамі і так і зрабілі. Нічога не знайшлі. Запомнілася, што вельмі актыўна праявіў сябе Алег Трусаў. Напрыклад, ён параіў узяць у сапёраў пісьмовую даведку, што ў зале выбуховых рэчываў не знойдзена. Прыблізна а 12-й гадзіне ночы, калі мы палеглі спаць, пачаўся штурм. У зале запалілася рэзкае святло, адчыніліся дзверы, адтуль пасыпаліся людзі ў нейкай дзіўнай вопратцы. Забразгалі затворы, пачулася, як прымыкаюць штыхі. Людзі ў масках нагадвалі вадалазаў у цемнаватых трыко. Мне падалося, што яны ўбеглі з трох дзвярэй. Яны ўварваліся з крыкам, рабілі сальта ў паветры, з гіканнем рассыпаліся перад трыбунай. Было ўражанне нейкай фантасмагорыі, нерэальнасці. Але страху я не адчуваў, бо мы былі разам. Толькі, як заўсёды ў небяспецы, калі не выключаная бойка, падумаў пра свае акуляры і зламаную ў маладосці ключыцу… Мы паспелі сесці разам і счапіць рукі. З аднаго боку ад мяне быў Лявон Баршчэўскі, а з другога – Уладзімір Заблоцкі. Я зняў акуляры, бо баяўся за вочы. Нас пачалі разрываць, выцягваць па адным. Многія ўголас заявілі, што парушаецца Канстытуцыя. Я адмыслова падкрэсліў для гэтых маскаваных людзей, што я надзвычайны і паўнамоцны пасол, што мы – дэпутаты – карыстаемся недатыкальнасцю. Але нас вырывалі з ланцуга, цягнулі волакам або вялі, прыгнуўшы галаву, як Пазьняка перада мной. Адзін з нападнікаў пачаў ціснуць яму пальцамі на вачніцы. Мяне не білі – проста гэтак балюча падкруцілі рукі, што я аж узняўся ў паветра. Памятаю, Заблоцкаму вырвалі кавалак скуры з курткі – так моцна цягнулі. Вялі проста праз правыя дзверы ВС у вузкі дворык. Па баках стаялі міліцыянеры з адкрытымі тварамі, без масак, але з аўтаматамі. У іх былі зусім нармальныя твары, у некаторых – спачувальна-здзіўленыя. У двары нас запіхвалі ў міліцэйскія варанкі з кратамі. Я апынуўся ў адной кампаніі з Трусавым, Баршчэўскім і Герменчуком. Мы ляжалі адзін на адным. Варанок быў брудны. Пасярод – вялікае бруднае кола. З двух бакоў – маленькія лавачкі. Ці то Баршчэўскага, ці то Герменчука з размаху кінулі на нас зверху. У Баршчэўскага па твары цякла кроў. Варанок некуды паехаў. Па дарозе Трусаў запатрабаваў адвезці нас у пракуратуру. Кіроўца так і зрабіў. Гэта была, здаецца, гарадская пракуратура, што каля кінатэатра «Перамога». Там мы патрабавалі правесці медэкспертызу, каб засведчыць пабоі. Вылез заспаны дзяжурны пракурор, выклікалі медыкаў. Засведчылі цялесныя пашкоджанні. Потым машына, што нас прывезла, з’ехала, а мы скіраваліся ў «Кастрычніцкую» – гатэль, дзе жылі некаторыя нашы дэпутаты. Туды прыйшлі карэспандэнты з польскага радыё, са «Свабоды». Мы правялі першую прэс-канферэнцыю і далі ім інтэрв’ю. Пачыналася раніца, ужо хадзілі тралейбусы. Я прыехаў дадому. Было не да сну. Толькі цяпер прыйшло разуменне: адбылося нешта страшнае. Мне згадаліся гістарычныя здымкі: у Браўншвейгу хлопцы ва уніформе СС выцягваюць дэпутатаў з гарадской ратушы. Гэта ўпершыню адбылося ў Германіі на пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя. Але не верылася, што гэта можа быць у нас – усур’ёз і надоўга. На другі дзень, 12 красавіка, гадзіне а 10-й, мы зладзілі прэс-канферэнцыю ў будынку, дзе цяпер Адміністрацыя прэзідэнта, у вялікай актавай зале на першым паверсе. Пытанні задавалі розныя карэспандэнты, было іх чалавек 7–8. Памятаю, была нейкая рыжая дзяўчына з «Ройтэр», са «Свабоды» быў, здаецца, Карманаў. Адзін польскі журналіст добра размаўляў па-беларуску. Потым мы пайшлі ў ВС. Звычайны ўваход быў зачынены. Пайшлі праз Саўмін. Там ужо стаяў металадэтэктар. Моцны кардон спецназа не даваў нам зайсці. Затрымалі нават паслухмянага Шаладонава, намесніка спікера. Мы ўсё ж туды прарваліся, не памятаю, як. Была цісканіна, валтузня. ВС праводзіў пасяджэнне без нас. Калі мы з’явіліся ў зале, зрабілі перапынак. Мы ўзнялі пытанне пра ўключэнне ў парадак дня гэтага начнога інцыдэнту. Гермянчук проста ў зале ВС задраў кашулю і паказаў пабоі. Пасля гэты здымак апублікавала газета «Свабода». Зала зубаскаліла, вось, маўляў, гэтак вам і трэба, мала вам увалілі. Мне здаецца, наменклатура таксама не ўяўляла, што ў Беларусі пачалася новая эра – эра дыктатуры. Лукашэнка выступаў па тэлебачанні, казаў, што ніхто дэпутатаў не біў: мы ім падагналі мяккія аўтобусы, акуратна вывелі, не кідалі ў брудныя варанкі – маўляў, усё гэта прапаганда ворагаў народу. Ён нават сцвярджаў, што дэпутаты прывялі на ноч дзевак і выпівалі з імі. На другі ці на трэці дзень пасля нашага збіцця Лукашэнка сабраў дэпутатаў для падвядзення вынікаў працы, для развітання. Ягоны тадышні заўгас Ціцянкоў частаваў нашых калегаў дармовай гарэлкай з закускай. З апазіцыі ніхто туды не пайшоў. Спікер Мечыслаў Грыб быў сярод паслухмянай большасці. У газетах змясцілі здымак гэтай вясёлай кампаніі. Выглядала, як у хаўрусе злодзеяў: усе спрычыніліся да злачынства, выпіўшы чарку. Усе павязаныя. У звязку з тым збіццём дэпутатаў увесь час узгадваю Ігара Герменчука, цяпер ужо нябожчыка. Мы з ім выпадкова пазнаёміліся на расійскай Поўначы, задоўга да дэпутацтва. Здаецца, у тым годзе, як памёр Уладзімір Караткевіч, мы з жонкай Валянцінай разам з нашымі сябрамі ў складзе турыстычнай групы аглядалі Салавецкія астравы ды г. зв. расійскую Поўнач: Архангельск, Кіжы, Каргапаль, Ашавенск, Холмагары. У той год на Русі было голадна, і нас недакормлівалі, таму прыходзілася харчавацца на свае грошы. Аднойчы заходзім гуртам у архангелагародскую пракіслую сталоўку з паэтычнай назвай «Лебедушка», даволі гучна размаўляем на гастранамічныя тэмы, смакуем кіславатае «Жыгулёўскае», узгадваем сваё смачнае «Лідскае». Размаўляем па-беларуску. І тут да нашага стала падыходзіць салдацік, худзенькі, шыйка, як у жорава, выглядае з горла гімнасцёркі, аздобленага зверху вайсковым «падваратнічком». Ды гаворыць неяк так з фасонам, не раўнуючы Лёсік ці Станкевіч: «Смачна есці ды быць дабру – як вам расейскія прысмакі?» Называе сябе: Ігар Гермянчук, студэнт журфака БДУ, шараговец тэрміновай службы. Так і сказаў – шараговец. Я тады гэтага слова не ўжываў. Вось, думаю, як трапна лягло. І тут адбываецца маленькае дзіва – усе, хто сядзеў за сталом, звычайна расейскамоўныя, спрабуюць гаварыць па-беларуску. Нарадзілася нейкая пяціхвілінная архангелагародзкая беларуская дыяспара… Пра тую далёкую сустрэчу Ігар узгадаў і ў тым закратаваным смярдзючым міліцэйскім варанку, калі мы ляжалі, прыціснутыя адзін да аднога:«Ну, Вінцэнтавіч, мы з вамі і сустракаемся, як пры хапуне, – то на Салаўках, то ў міліцэйскім варанку…» Добрыя ўспаміны засталіся ад следчага з балцкім прозвішчам Бролішс, які вёў тую крымінальную справу і, падобна, імкнуўся дазнацца праўды, што гэта за падраздзяленне біла дэпутатаў і паводле чыйго загаду. На жаль, усё засталося нявысветленым, як і з пазней зніклымі Захаранкам, Ганчаром, Красоўскім ды Завадскім. Спадзяюся, даведаемся мы і пра іх лёс. Такое не забываецца. Успамінаю ўсё гэта – і душу ахоплівае настальгія па часе, калі мы яшчэ былі маладыя, калі будучыня здавалася светлаю, калі былі падставы сказаць: «Усё яшчэ наперадзе!»
|
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |