A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Разгон
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання

Валянцін Голубеў
Галадоўка

…Практычна ніхто з дэпутатаў не падтрымліваў агучанай на сесіі ВС 21 сакавіка 1995 г. ідэі А. Лукашэнкі правесці рэферэндум. На ім для А. Лукашэнкі галоўнымі былі пытанні не пра мову і інтэграцыю з Расіяй, хоць менавіта яны «раскручваліся» прэзідэнтам і сродкамі масавай інфармацыі. Галоўнае – змяніць дзяржаўную сімволіку і дабіцца права аднаасобна распускаць Вярхоўны Савет. Думаю, шмат хто з дэпутатаў гэта бачыў.

Калі 10 красавіка 1995 г. стала зразумела, што назаўтра ВС, хутчэй за ўсё, прыме прапанову прэзідэнта прызначыць дату рэферэндуму, то каля 18-й гадзіны ў пакоі 363 (былы пакой Народнага кантролю БССР, які потым стаў штабам апазіцыі) ВС сабраліся ўсе дэпутаты ад апазіцыі і тыя, хто нас падтрымліваў, – можа, чалавек 20 ці болей. Абмяркоўвалі сітуацыю прыблізна да паловы на восьмую вечара: шукалі сродкі і спосабы, каб не толькі прыцягнуць увагу грамадскасці, але і блакаваць рашэнне наконт прызначэння рэферэндуму.

Гучалі самыя розныя прапановы, што рабіць. Гаварылі З. Пазьняк, С. Антончык – практычна ўсе. Дакладна памятаю: толькі адзін чалавек – дэпутат з Гродна Мікола Маркевіч – высунуў ідэю правесці галадоўку. Аднак яе неяк адразу адмялі, як несур’ёзную. Гучалі прапановы пакінуць сесію ВС і сысці, каб прэзідэнцкі варыянт прымалі без нас. Гаварылі пра тое, каб прыняць чарговую заяву, выступіць у друку супраць ВС і Лукашэнкі, звярнуцца да беларускага народу з нейкім заклікам. Але нам хацелася зрабіць так, каб нашыя дзеянні зразумелі ў грамадстве, а не ўспрымалі як акт адчаю. Таму мы прыкідвалі розныя варыянты, што рабіць заўтра. У спадзеве, што за ноч прыдумаецца які-небудзь эфектыўны крок, вырашылі раней прыйсці ў Вярхоўны Савет і яшчэ параіцца перад сесіяй.

Я паехаў дахаты, а недзе каля гадзіны ночы мне ў дзверы пазванілі З. Пазьняк з С. Антончыкам. Яны з парога сказалі: «Валянцін, ёсць размова». З. Пазьняк прапанаваў на наступны дзень адразу з раніцы на адкрыцці сесіі зрабіць заяву аб пачатку галадоўкі сяброў фракцыі БНФ на знак пратэсту супраць прызначэння антыканстытуцыйнага рэферэндуму. І мы ўтрох, седзячы ў мяне на кухні недзе гадзіны да трэцяй ночы, накідалі для Пазьняка праект тэксту выступу.

Гэтая заява мала чым рознілася ад іншых, з якімі мы раней адкрыта выступалі супраць большасці ў ВС, асабліва пасля восені 1993 г., калі ВС забараніў рэферэндум аб даверы ВС і правядзенні датэрміновых выбараў. Тады за рэферэндум мы сабралі неабходную колькасць подпісаў выбарцаў: 442 тысячы. ВС у адпаведнасці з законам проста абавязаны быў прызначыць дату рэферэндуму, але гэтага не зрабіў. Такім чынам, з аднаго боку, парламент меў «вопыт» непрызначэння даты – а значыць, і самога рэферэндуму, а з другога – паказаў Лукашэнку, як можна узурпаваць уладу.

Але ў той заяве апазіцыі гучалі словы, што мы вычарпалі ўсе магчымасці і аб’яўляем галадоўку ў якасці скрайняга сродку ўздзеяння на дэпутатаў. Мы хацелі такім чынам паўплываць не на грамадства, а менавіта на сам ВС і яго дэпутатаў, зрабіць большасць дэпутатаў калі не сваімі прыхільнікамі, то прымусіць іх задумацца і пра лёс краіны, і пра свой уласны лёс. Таму мы абвясцілі галадоўку не на вуліцы, не ў сваіх кабінетах, не на сядзібе БНФ, а ў цэнтры залы ВС, проста на яго пасяджэнні.

Напярэдадні М. Грыб паведаміў, што пытанне аб прызначэнні даты рэферэндуму будзе пастаўленае на галасаванне зранку 11 красавіка. У нас заставалася адзіная магчымасць змагацца: сарваць такое галасаванне. І сапраўды, як толькі мы абвясцілі галадоўку, М. Грыб адразу прапанаваў абмяркоўваць іншыя пытанні парадку дня, а не дату рэферэндуму.

Шкада, але З. Пазьняк, перакананы антыкамуніст і нацыяналіст, нават у тактычных мэтах не мог адступіць і прапанаваць ВС кампраміс, аб’яднанне дзеля дасягнення агульнай мэты. Ён не адзін і да сёння цалкам перакананы, што большасць народу за сценамі парламента нас падтрымлівала. На жаль, усё было не так проста, і вельмі шмат людзей, якія прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах за А. Лукашэнку, гатовыя былі падтрымліваць усе ягоныя дзеянні, бараніць яго ад усіх.

Паводле дамоўленасці, мы з С. Антончыкам меліся прыйсці ў будынак ВС раней, каб папярэдзіць усіх сяброў апазіцыі да пачатку пасяджэння, пагаварыць з імі: маўляў, калі яны не згодныя з тэкстам заявы, то ніхто не будзе іх няволіць да ўдзелу ў галадоўцы. Але на гэты раз ніхто не выступіў супраць.

І вось З. Пазьняк перад самым адкрыццём сесіі падышоў да першага мікрафона і папрасіў слова. Ён трымаў тэкст, які сам дапрацаваў і ні з кім не абмяркоўваў і не ўзгадняў. З. Пазьняк зрабіў заяву, пайшоў і сеў каля трыбуны. Да яго далучыліся астатнія дэпутаты апазіцыі. Лявон Баршчэўскі быў хворы, дрэнна сябе адчуваў, але ён таксама выйшаў і сеў разам з усімі.

Першы пункт у парадку дня – аб прызначэнні рэферэндуму, прапанаванага прэзідэнтам. Сярод іншых пытанняў мусіў разглядацца лёс «Народнай газеты» і звальненне яе рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Ён пазней падыходзіў да нас і прасіў, каб мы спынілі часова сваю акцыю, маўляў, давайце спачатку з вашым удзелам прагаласуем за газету, а потым вы працягнеце галадаваць.

Наш учынак агаломшыў прысутных. Пасля заявы З. Пазьняка павісла здзервянелае маўчанне – яна сталася для дэпутатаў поўнай нечаканасцю. Калі б Пазьняк сказаў ім, што нам трэба разам клапаціцца пра краіну, то, можа, хто яшчэ да нас бы далучыўся. Тым не менш, адразу стала зразумела, што дэпутаты рашэння наконт прызначэння рэферэндуму ў той дзень не прымуць.

Усё выглядала неяк ірэальна. Выступалі дакладчыкі, а ў цэнтры залы сядзела вакол трыбуны на прыступках група і займалася сваёй справай. Старшыня ВС М. Грыб, як мне здаецца, унутры быў супраць рэферэндуму. Але ён знаходзіўся ў дваістай сітуацыі і адпаведна сябе паводзіў. Я думаю, што ён выкарыстоўваў любыя магчымасці, каб гэты рэферэндум не прызначыць. З другога боку, ён, здаецца, не хацеў адкрыта выступаць супраць Лукашэнкі. Калі б М. Грыб цалкам нас падтрымліваў, то ён бы ўначы, ведаючы, што ў зале сядзяць дэпутаты і там вядзецца пошук бомбы, прыехаў бы на месца падзей.

Наколькі я памятаю, у той дзень пытанне пра рэферэндум ВС увогуле больш не абмяркоўваў. У сесіі былі звычайныя перапынкі: а 12-й гадзіне і паміж 14-й і 16-й – на абед. Мы засталіся адны ў зале, амаль ніхто з дэпутатаў да нас не падыходзіў. Усе чакалі, што ж будзе. Закончылася сесія недзе а 18-й гадзіне, здаецца, раней, чым звычайна. Тады ў зале былі карэспандэнты – натуральна, яны ведалі, што пачалася галадоўка. Інфармацыя адразу пайшла за мяжу, у тым ліку і ў Расію. Некаторыя з нас чакалі, што расійскія сродкі масавай інфармацыі паведамяць пра акцыю ў ВС. Дарэмна. У будынку ВС працавала група польскіх журналістаў. Дарэчы, яны адзіныя стаялі потым на плошчы Незалежнасці да самага канца, бачылі, як нас выводзілі, і гэта здымалі. Побач з імі не было ніводнага беларускага рэпарцёра. З нашых журналістаў пасля 18-й гадзіны з намі заставалася Алена Радкевіч, карэспандэнтка «Беларускай маладзёжнай» і радыё «Свабода». Яна правяла з намі некалькі гадзін, брала інтэрв’ю, здаецца, у Пазьняка. Я не памятаю, як Радкевіч трапіла ў залу. Напэўна, яе прапусцілі шараговыя міліцыянты з аховы. Пераважна сумленныя, добрыя людзі, якія слухалі ўсе выступленні дэпутатаў, на ўласныя вочы бачылі, што такое большасць і што такое апазіцыя. Нехта з міліцэйскіх начальнікаў потым спытаўся ў Алены: «Вы дэпутат?» Яна адказала, што яна журналіст, і паказала пасведчанне. Яе папрасілі пакінуць памяшканне.

Памятаю, як у адным перапынку мяне паклікалі наверх на сустрэчу з намеснікам старшыні ўправы БНФ Віктарам Івашкевічам. Ён паведаміў мне, што Управа раілася з юрыстамі і медыкамі, як трэба праводзіць галадоўкі, перадаў, што збіраюць грошы, каб набыць для нас спальнікі, і што нам прывязуць мінеральную ваду. Я памятаю, што на распараджэнне М. Грыба з Сакратарыята нам перадалі некалькі бутэлек мінералкі. У дзень, яшчэ падчас паседжання, З. Пазьняк прасіў М. Грыба арганізаваць медыцынскую дапамогу, каб за намі вёўся нагляд і было відаць, што мы сапраўды галадаем.

Не памятаю калі, але некалькі супрацоўнікаў Сакратарыята ВС паведамілі мне пра тэлефонны раз’ём пад адным з крэслаў, дзе сядзелі прадстаўнікі Сакратарыята і Камісіі па кантролі за электроннай сістэмай галасавання. Яны прынеслі мне тэлефон, і я мог звязвацца з вонкавым светам. Потым, апроч мяне, ім карыстаўся і Пазьняк, каб даваць інтэрв’ю. Па гэтым тэлефоне я да самага апошняга моманту перадаваў у Варшаву на Польскае радыё і польскім журналістам у Менску інфармацыю пра тое, што адбываецца ў ВС. Калі ўжо ў залу ўбеглі людзі ў чорным, я паспеў яшчэ крыкнуць у слухаўку: «Усё, яны бягуць, я потым пазваню». У польскі эфір, такім чынам, ішла наўпроставая трансляцыя, між тым як нашы журналісты спалі.

Прыйшоў начальнік аховы Міхаіл Цесавец з людзьмі ў цывільным, добрага выгляду, дагледжанымі, добра выгаленымі, з разумнымі, хоць і дастаткова спецыфічнымі службовымі тварамі. Такія бываюць толькі ў супрацоўнікаў вядомых спецыяльных службаў. Я думаю, што гэта была група афіцэраў КДБ, чалавек не меней за 20. Цесавец гаварыў нам пра бомбу, патрабаваў пакінуць залу. Мы адказалі: мы дэпутаты, галадаем у будынку парламента, і калі вам трэба, шукайце міну, мы вам замінаць не будзем. Цесавец некага з нас штурхаў, загадваў людзям у цывільным хапаць нас і выводзіць. Добра памятаю, як нехта з гэтай групы яму адказаў пры нас: «А пайшоў ты… Табе трэба – ты і выводзь сам». А спачатку відаць было, што іх нацкавалі на нас. Але як толькі мы растлумачылі, хто мы, што мы робім, чаму праводзім галадоўку, і папярэдзілі іх, што, ужыўшы супраць нас сілу, яны парушаць дэпутацкую недатыкальнасць, яны паслухаліся розуму, закона і, думаю, сумлення. У КДБ добра ведалі дэпутата А. Лукашэнку, ведалі, як ён прыйшоў да ўлады. Гэтыя афіцэры проста павярнуліся і выйшлі.

Потым шукалі міну: прыходзіў афіцэр у савецкай форме, у званні ці то палкоўніка, ці то падпалкоўніка, з ім – сапёры і кінолагі. Ён паводзіў сябе прыстойна, культурна. Відаць было, што ён выдатна ўсё разумеў і ведаў, што ніякай міны няма. Ён паведаміў нам, што прыбыў з заданнем правесці пошук міны ў будынку ВС і, калі яна выявіцца, зрабіць належныя захады. Мы адказалі жартам: «Калі ласка, толькі не падкіньце бомбу самі». Салдаты хутка праверылі залу. Яны ішлі па шэрагах дэпутацкіх крэслаў і прасілі нас вызваліць той ці іншы сектар. Мы перасаджваліся туды, дзе прайшла праверка. Нарэшце афіцэр сказаў, што міны няма, і пайшоў дакладаць. Калі не памыляюся, З. Пазьняк тэлефанаваў М. Грыбу на лецішча і паведамляў пра пошук міны. Яны пагутарылі, але пазней там, у М. Грыба, перасталі здымаць слухаўку, напэўна, старшыня ВС лёг адпачываць. Гэта было незадоўга да ўварвання ў залу ВС вайскоўцаў. Да нас яшчэ разы два ці тры заходзілі нейкія групы, прасілі ачысціць залу. Здаецца, гэта рабіў Цесавец ці нехта з Сакратарыята.

Пасля таго, як выйшлі сапёры, мы сталі ўладкоўвацца на ноч. І вось тут пачала спакваля падаць напруга ў вялікай жырандолі. Мы размаўлялі ўсё цішэй, я нават пачуў нечае пасопванне. На балконе, дзе звычайна сядзяць тэхнікі, фатографы, гукарэжысёры, работнікі сувязі, я заўважыў нечыя цені. Мы дамовіліся, што нехта будзе дзяжурыць у прэзідыуме, каля настольнай лямпы. Першым там сеў, здаецца, Лявон Дзейка. Мы верылі, што знаходзімся пад аховай міліцыі і што гэтага дастаткова.

Але было трывожна. Я прыслухаўся і тут у нейкі момант проста фізічна адчуў, як закалыхалася паветра – гэтак бывае, калі недзе побач у памяшканні ідзе вялікая маса людзей. Падобнае адчуванне ведае кожны, хто служыў у войску. А потым я пачуў гук удару аб дула аўтамата АКМ ці карабіна: «бзынь». Як і шмат хто з вайскоўцаў, гэты гук я не зблытаю ні з якім іншым. Зрабілася страшнавата. Я падняўся і рушыў да цэнтральных дзвярэй залы. Як толькі я ўзяўся за ручку, звонку мне нібы дапамаглі. Дзверы расчыніліся, і ў ярка асветленым фае я ўбачыў мноства вайскоўцаў: можа, некалькі соцень. Адразу кінуліся ў вочы іх пластмасавыя маскі, ці шлемы, нібы ў касманаўтаў. Яны стаялі гурткамі і размаўлялі. Некалькі чалавек былі з ранцамі і ў супрацьгазавых масках. У гэты момант той салдат, які дапамог мне адчыняць дзверы, ткнуў у мяне ручным кулямётам. Перапужаны, я крыкнуў: «Кулямётчыкі!» – і адскочыў ад дзвярэй. Тады ззаду за мной у залі загарэліся ўсе лямпы, і я ўбачыў на балконе трох кінааператараў. Яны стаялі наводдаль адзін ад аднога і вялі панарамныя здымкі залы зверху з трох розных пазіцый: з левага, правага боку балкона і па яго цэнтры.

Алег Трусаў падняўся і пайшоў праверыць, ці праўду я сказаў. Ён паглядзеў у дзвярную шчыліну, вярнуўся і сказаў: «Праўда – там кулямётчыкі». Усе галадоўцы ўскочылі і пачалі апранацца. Я адразу патэлефанаваў польскім журналістам. Тут у залу зайшоў Цесавец і прапанаваў усім яе пакінуць. Мы адмовіліся і селі на крэслы прэзідыума. Праз некалькі секундаў расхінуліся ўсе дзверы, і ў залу з крыкамі ўварваліся людзі ў чорных трыко і масках. За імі па перыметры залы выстраіліся аўтаматчыкі, потым спецназ. Яны нас проста хапалі, білі і прымусам выцягвалі з залы, а потым развозілі на машынах і выкідалі ў начным горадзе на розных месцах.

На наступны дзень апазіцыю ў ВС пускаць было забаронена. Уваход з правага крыла ўвогуле зачынілі. Мы зайшлі ў Дом урада з боку Савета Міністраў, але і там нас не прапускалі. Больш за тое: паставілі металадэтэктар, як у аэрапорце, але мы, напружыўшыся, звалілі яго і прарваліся на сесію. Там ужо выступаў Лукашэнка. Памятаю, я ледзь не ганяў па зале М. Цесаўца, бо было за што – ужо не вытрымалі нервы. Супрацоўнікі аховы толькі бегалі і прасілі: «Не ў зале пасяджэнняў, Валянцін Фёдаравіч, толькі не ў зале пасяджэнняў». Памятаю, я выступаў, назваў арганізатара гэтых дзеянняў «фашыстам» (ішла наўпроставая трансляцыя), а ён паабяцаў, што пакажа стужку, як усё адбывалася. Схлусіў і збаяўся. Аляксандр Шут у цэнтры залы прадэманстраваў пабоі, а былы старшыня Вярхоўнага Савета і сённяшні сенатар М. Дземянцей крыкнуў: «Мала далі!»


РАЗГОН: ЗЬМЕСТ
Ад укладальніка 
МІКАЛАЙ АКСАМІТСкокі чорных гарылаў
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІКрывавая ноч
ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІХлопцы, ці патрэбны вам лідэр?
ІГАР ГЕРМЯНЧУКПраверана: мінаў няма
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎГаладоўка
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ Супрацьстаянне
ЛЯВОНЦІЙ ЗДАНЕВІЧНягнуткасць загубіла БНФ
МІКАЛАЙ КРЖЫЖАНОЎСКІСа збіцця дэпутатаў пачалася дыктатура…
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКАЯ мушу дэманстраваць уладу
ПЁТРА САДОЎСКІТакое не забываецца
АЛЕГ ТРУСАЎУсё нагадвала ваенны пераварот
МІХАІЛ ЦЕСАВЕЦПагражалі… праліццём крыві
ДАДАТАКПастанова аб прыпыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе
   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/09/24