A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Хлопцы, ці патрэбны вам лідэр?
…З моманту ўтварэння апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання мы вызначылі галоўную задачу, якой падпарадкоўвалася ўся наша далейшая дзейнасць: дасягнуць незалежнасці, збудаваць дэмакратычную беларускую дзяржаву. Найвялікшы крок на шляху да гэтай мэты мы зрабілі 25 жніўня 1991 г., калі Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь атрымала статус канстытуцыйнага закона.
У Вярхоўным Савеце мы, апазіцыя БНФ, фактычна былі лакаматывам, які цягнуў усіх астатніх. Праца ў апазіцыі БНФ над новымі законамі ішла ўвесь час, у ёй удзельнічалі як непасрэдна дэпутаты, так і эксперты, пераважна з сяброў Фронту. Апазіцыя БНФ распрацавала і прапанавала ў ВС законы аб уласнасці, аб зямлі, аб грамадзянстве, аб банках і банкаўскай дзейнасці і г. д. Па прынцыповых момантах, у асноўным у сувязі са стварэннем дзяржаўных інстытутаў незалежнай Беларусі, і ішло змаганне паміж камуністычна-наменклатурнай большасцю і апазіцыяй БНФ. Мы сапраўды «валаклі» за сабой ВС. Зянон Пазьняк дык зусім працаваў на знос. Я не ведаю, ці спаў ён калі. Часам даводзілася за ноч рабіць пэўныя законапраекты, бо ў нас была толькі ноч, між тым як наменклатура ў сваіх структурах, можа, месяц рыхтавала нейкі праект, а потым, парушаючы рэгламент, выносіла яго на пленарнае пасяджэнне. Паводле ўзроўню падрыхтаванасці да працы ў парламенце Зянон Пазьняк на галаву, а то і на дзве пераўзыходзіў астатніх дэпутатаў. Ён не толькі стварыў апазіцыю БНФ у Вярхоўным Савеце, але і быў яе кіраўніком, распрацоўваў стратэгію і тактыку. Да 1994 г. Кебіч без цяжкасцяў узяў наменклатурную большасць ВС пад свой кантроль – амаль усе гэтыя дэпутаты працавалі ў структурах выканаўчай улады, у непасрэдным падначаленні прэм’еру. Эканамічная, асабліва грашова-крэдытная, палітыка Кебіча выклікала шмат нараканняў: абсалютна відавочна, яна несла вялікую шкоду Беларусі і праводзілася на карысць Расіі. У выніку нашэсця пустой грашовай масы з Усходу вынішчаўся беларускі таварны рынак, разбуралася эканоміка. Усе настойлівыя патрабаванні апазіцыі БНФ аб увядзенні нацыянальнай валюты адкідаліся як камуністычнай большасцю, так і ўрадам. Людзі ў Беларусі пераважна проста не разумелі, што адбываецца. Нават даводзілася чуць, што, маўляў, чаго гэта апазіцыя так крычыць ля мікрафона? На адным з пасяджэнняў ВС дэпутат Уладзімір Новік, які на сённяшні дзень працуе намеснікам старшыні праўлення Беларусбанка, заявіў, што Расія вядзе супраць Беларусі фінансавую вайну. Я б ацаніў дзеянні РФ у дачыненні да Беларусі як агрэсію, скіраванаю на падрыў эканамічнай, палітычнай, інфармацыйнай, культурнай і іншых сфераў жыцця, каб паставіць краіну ў сваю поўную залежнасць і акупаваць яе. Пасля прыходу на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Масква стала дзейнічаць больш нахабна і нахрапіста. Пачалі рыхтаваць антыканстытуцыйны рэферэндум па ліквідацыі дзяржаўнасці беларускай мовы і гістарычнай нацыянальнай сімволікі. Адразу рабіліся захады, каб павялічыць залежнасць беларускай эканомікі ад расейскай, адсячы заходнія інвестыцыі. Лукашэнка і не хаваў, якая сіла стаіць за ім. Да прыкладу, выступаючы ў Педагагічным універсітэце, ён дзякаваў ФСБ за тое, што яно дало яму інфармацыю пра БНФ. А. Лукашэнку мы добра ведалі. Чатыры гады мы былі з ім дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Гэты чалавек ніколі не пісаў сваіх выступаў і гаварыў ад мікрафона на любыя тэмы – абы што-небудзь сказаць. Аднойчы – не памятаю, з якой прычыны – некаторы час сярод апазіцыі ВС адсутнічаў яе прызнаны лідэр Зянон Пазьняк. Да нас прыйшоў А. Лукашэнка і сказаў: «Ребята, может, вам лидер нужен? Берите меня». Калі мы яму адмовілі, ён пайшоў у фракцыю камуністаў, але, атрымаўшы адмову, ён узначаліў фракцыю «Камуністы за дэмакратыю». Але і там не прыжыўся. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 1994 г. я зайшоў у будынак на Карла Маркса, 38, дзе тады месціліся камісіі ВС. І тут мяне агаломшылі навіной: моладзевая камісія пайшла ў каманду Лукашэнкі. Ёю тады кіраваў А. Лябедзька. Літаральна праз 10 хвілін на калідоры сустракаю сябра гэтай камісіі Сяргея Бердаўцава. «Хлопцы, што вы робіце? – пытаюся. – Хіба вы не ведаеце, хто такі Лукашэнка?» І чую ў адказ завучаную кніжную фразу: «Разумееш, ён прахадны, ён цягач. Ён выцягне нас на алімп улады. Мы возьмем яго ў рамкі. Ты ж разумееш, не ён жа будзе кіраваць краінай». Памятаю, я адказаў: «Хлопцы, вы не разумееце, хто за ім стаіць. Вы першыя будзеце, хто з гэтага алімпа зляціць». А. Лукашэнка насуперак Канстытуцыі і дзейнаму заканадаўству ініціяваў правядзенне рэферэндуму па наданні расійскай мове статусу дзяржаўнай і па замене гістарычнай беларускай сімволікі на сталінска-савецкую. Заканадаўства забараняла выносіць моўнае пытанне на рэферэндум. Цынічнае ігнараванне закону сведчыла: адбываецца найгоршае, людзі, што прыйшлі да ўлады, пачалі разбураць краіну. Трэба было змагацца з навалай. Мы выкарысталі ўсё, каб прымусіць ВС і прэзідэнта выконваць прынятыя імі ж законы і Канстытуцыю. Прычым рабілі мы гэта строга ў рамках рэгламенту. Калі ж стала зразумела, што ўсе нармальныя сродкі вычарпаныя і мы грукаем ў зачыненыя дзверы, нам засталося адно: пайсці на скрайнія захады, каб звярнуць увагу беларускай грамадскасці на тое, як у нашай дзяржаве адкрыта парушаецца заканадаўства. ВС праглынуў указ прэзідэнта аб зняцці з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» дэпутата ВС Іосіфа Сярэдзіча, насуперак Канстытуцыі прыняў да абмеркавання пытанне аб рэферэндуме. Пра галадоўку загадзя вялася гаворка, але не на звычайным пасяджэнні. Мы ж пэўна ведалі, што памяшканне праслухоўваецца, а таму проста выйшлі з будынка на вуліцу і абмяркоўвалі, што рабіць, калі ідзе страшэнны наступ. Нельга сказаць, што рашэнне прымала спецыяльна падабранае вузкае кола. Папросту трэба было тэрмінова нешта рабіць. Дамовіўшыся пра галадоўку, мы вырашылі паведаміць сябрам апазіцыі. У апазіцыі БНФ было каля 30 чалавек, а ў галадоўцы ўдзельнічалі 19. Для ВС яна сталася поўнай нечаканасцю, як, дарэчы, і для некаторых нашых аднадумцаў. Потым некаторыя крыўдавалі, што мы ім наперад не сказалі. У той памятны дзень 11 красавіка, калі мы пачалі сваю акцыю і засталіся адны, прыкладна а 21-й гадзіне ў Авальнай зале з’явіўся кіраўнік Службы аховы прэзідэнта дэпутат ВС Міхаіл Цесавец разам з чалавекам, якога мы не ведалі (потым высветлілася, што гэта быў кіраўнік падраздзялення аховы прэзідэнта Вячаслаў Каралёў). Каралёў паводзіў сябе падкрэслена нахабна, на просьбы паказаць дакументы рэагаваў цынічна. Казаў: пачакайце да 14 траўня, «пасля 14-га мы з вамі з усімі разбярэмся». Цесавец і Каралёў патрабавалі ад нас, каб мы пакінулі памяшканне, бо тут міна. Мы разрагаталіся. Рэч у тым, што ў дзяжурнага міліцыянера зафіксаваўся нумар тэлефона, з якога паступіў ананімны званок пра закладзеную міну. Выявілася, што тэлефон – засакрэчаны. Такія нумары маюць толькі спецыяльныя службы КДБ і міліцыі. Таму цалкам выключана, што тэлефанавалі з апазіцыі. Відавочна, улады дзейнічалі паводле плана, а галадоўка яго касавала – мы ж сарвалі першае галасаванне па незаконным рэферэндуме. Калі Цесавец з Каралёвым зноў зайшлі ў залу пасяджэнняў, разам з імі былі каротка стрыжаныя хлопцы ў скуранках. Мы звярнуліся да Каралёва: «Вы зайшлі ў будынак Вярхоўнага Савета, пакіньце яго, вы парушаеце закон». Цесавец, як міліцыянер і як дэпутат, ведаў, што ён таксама пераступае закон. Голас у яго дрыжэў. Мы растлумачылі хлопцам у скуранках – нам потым сказалі, нібы гэта былі афіцэры КДБ, – што карыстаемся дэпутацкай недатыкальнасцю, знаходзімся ў зале пасяджэнняў ВС, і калі яны ўжывуць сілу, то парушаць закон. Яны адмовіліся дапамагаць Цесаўцу і не сталі нас чапаць. Тады Цесавец і Каралёў вырашылі асабіста паказаць прыклад. Цесавец паспрабаваў цягнуць Гюнтэра, які сядзеў побач са мной. Мы сашчапілі рукі. Гюнтэр зусім маленькі, а Цесавец – добры бамбіза. Ён учапіўся за Гюнтэра і цягнуў яго, але не змог вырваць. Крыху пазней прыйшлі сапёры на чале з двума палкоўнікамі. Мы дамовіліся, што пакуль яны будуць правяраць адну частку залы, мы застанемся ў другой, а потым памяняемся месцамі. За дзве гадзіны яны зрабілі сваю працу і склалі акт, што мінаў у зале няма. Акт падпісалі афіцэры, салдаты і дэпутаты Трусаў і Гюнтэр. Мы падзякавалі сапёрам за добрасумленную работу, яны пажадалі нам усяго найлепшага і сышлі. Упэўненыя, што небяспека прамінула, мы леглі спаць. Усе заснулі, апроч В. Голубева. Нечакана ён пачуў характэрныя, вядомыя з часоў службы ў войску, гукі, калі цішком перасоўваюцца людзі са зброяй, і ўбачыў, як па балконе забегалі нейкія людзі. У зале было цёмна, гарэла ўсяго некалькі лямпачак. Голубеў падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і ўбачыў салдатаў з аўтаматамі, у рэспіратарах, у вялікіх спецыяльных касках. Ён убег у залу і крыкнуў: «Аўтаматчыкі! Пад’ём!» Нягледзячы на стому – была гадзіна трэцяя ночы, – мы імгненна падскочылі і пачалі спрытна апранацца. Адразу запалілася святло, адчыніліся дзверы, і мы ўбачылі ўзброеных салдатаў-аўтаматчыкаў. Яны стаялі ва ўсіх дзвярах ужо ў рэспіратарах. Зноў увайшлі Цесавец з Каралёвым і заявілі, што калі праз пяць хвілін мы не пакінем залу, яны пусцяць у ход сілу. І ўсё. Пры гэтым у Цесаўца калаціліся рукі. Я быў пэўны, што яны хацелі пусціць газ, атруціць нас сонных. Мы шчыльна прытуліліся адзін да аднаго і працягвалі сядзець на сваіх месцах. Літаральна праз тры хвіліны зноў рэзка расчыніліся ўсе дзверы, і ў залу з дзікімі крыкамі ўварваліся ўзброеныя людзі. Спачатку ў залу ўскочыла група ў чорных трыко. Другім эшалонам беглі апранутыя ў чорныя курткі. Замыкалі шэрагі аўтаматчыкі спецназу. Першы з тых, хто нападаў, з разбегу наскокам ударыў дзвюма нагамі З. Пазьняка. Яму сталі ціснуць на вочы. Астатнія «героі» з усіх бакоў накінуліся на нас. Ігар Гермянчук сарваў з аднаго маску – той упаў тварам долу. А міліцыю, якая мелася нас ахоўваць, спецназ прыціснуў па перыметры да сценаў Авальнай залы. Кажуць, быў батальён. Аўтаматчыкі скінулі рэспіратары – відаць, вырашылі газ не ўжываць. Дэпутатаў потым каго неслі, а каго цягнулі. Я дакладна памятаю, як на мяне ззаду наляцелі, схапілі за горла і так сціснулі, што я закрычаў ад болю. Потым вельмі моцна заламалі левую руку, павалаклі з залы тварам ледзь не па зямлі. У гэты момант дэпутатаў ВС сталі збіваць дубінкамі, і ў Авальнай зале ўпершыню за ўсю яе гісторыю пачуўся мат. У кроў разбілі твар Лявону Баршчэўскаму, Валянціну Голубеву. Збілі Шута, Садоўскага. Брыдкаслоўе не спынялася. Я дасюль не магу зразумець, адкуль у нападнікаў прарэзалася гэткая звярыная жорсткасць. Калі валаклі дэпутата Кржыжаноўскага, то гэты пасівелы чалавек спрабаваў казаць ім: «Хлопцы, вы ж мне за сыноў маглі б быць, вы ж беларусы». Пасля слова «беларусы» яны накінуліся на яго з яшчэ большай лютасцю, сагнулі і павалаклі на вуліцу. Мяне, калі цягнулі, пару разоў спрабавалі біць нагамі, але ўдары прыйшліся па мяккіх тканках і па плашчы. У двары, куды нас выцягнулі, стаялі маладыя салдаты з аўтаматамі. Журналісты потым казалі, што была і ваенная тэхніка. Памятаю, мяне закінулі ў міліцэйскі «газік». Наздзекаваўшыся, «пераможцы» адвезлі мяне і яшчэ двух дэпутатаў на вул. Першамайскую і выкінулі на скрыжаванні з вул. Захарава. Мы адразу рушылі да штаб-кватэры БНФ на Варвашэні, 8. Як толькі сабраліся, адразу з нечай разумнай парады паднялі генпракурора В. Шаладонава. Той па тэлефоне сабраў калегію. Адразу ж узбудзілі крымінальную справу. Гэта паламала планы Лукашэнкі. Назаўтра, пасля збіцця, ён казаў, што мы былі з жанчынамі, п’яныя. Верагодна, ён не сумняваўся, што план ажыццявілі: падкінулі бутэлькі з гарэлкай атручаным газам дэпутатам і завялі на іх крымінальную справу. А насамрэч пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце збіцця парламентароў. У медкамісію я не звяртаўся, і дарэмна. Следчы потым пытаўся: «Навошта вы прамаўчалі?» Ну, балела трохі тут і там, але я тады падумаў, што ісці ў медкамісію не варта. Ну, парвалі мне плашч, гузікі павырывалі… Раніцой нас не пушчалі ў залу Вярхоўнага Савета. Ідучы ў залу, я ўбачыў перад сабой В. Шаладонава: яму заступіў шлях нейкі міліцэйскі маёр. І ён, і астатнія ў форме і ў цывільным паводзілі сябе, як Каралёў: адпускалі абразлівыя рэплікі, трымалі рукі ў кішэнях, размаўлялі з гэткай прыблатнёнай інтанацыяй. Відавочна, іх паставілі загадзя і далі ім адпаведны загад. Яны патрабавалі дэпутацкае пасведчанне. Шаладонаў пайшоў на іх проста корпусам. «Якое, – кажа, – дэпутацкае пасведчанне, чаму не пускаеце ў парламент?» Прадушыў корпусам таго маёра, адхіліў яго, і мы тады за Шаладонавым прайшлі ў залу. Там адбывалася пленарнае пасяджэнне. Як толькі мы з’явіліся, узнік М. Цесавец з нейкімі сваімі людзьмі. На яго кінулася адразу група дэпутатаў. Памятаю, першым падскочыў, здаецца, Лявонцій Зданевіч. Падляцеў да Цесаўца і выгукнуў: «Ідзі адсюль!» І той, напалоханы, парачкаваў да дзвярэй. Людзі Цесаўца не заступіліся за яго. Я бачыў, што ўся большасць ВС проста напалоханая. Яны не маглі схаваць страху. Калі мы прайшлі ў залу, пачалося абмеркаванне начнога здарэння. Памятаю, праз пару месяцаў пасля нашага збіцця Лукашэнка зладзіў для ўсяго ВС на чале з Грыбам банкет. Яны разам адзначылі завяршэнне працы ВС ХІІ склікання, атрымалі іменныя гадзіннікі і сфатаграфаваліся з Лукашэнкам. Якая магла быць урачыстасць пасля таго, што адбылося? Парламент захапілі войскі, дэпутатаў па-бандыцку збілі… У вачах астатніх народных абраннікаў чытаўся страх. Без нас яны ператварыліся ў нейкую запалоханую масу. Як толькі нас у ВС не стала, з імі можна было рабіць што заўгодна. Аб дэпутатаў проста выціралі ногі. Выкінулі ВС з будынка на К. Маркса – забралі яго пад рэзідэнцыю прэзідэнта. Начныя падзеі з 11 на 12 красавіка мелі палітычныя наступствы. Пасля фактычнага разгону парламента ўзброенымі людзьмі Лукашэнка па сутнасці перастаў быць легітымным прэзідэнтам краіны. Прынамсі, прадстаўнікі сённяшняй псеўдаапазіцыі нідзе не згадваюць пра разгон парламента і ганебны рэферэндум 1995 г., бо шмат хто з іх падтрымаў гэтую брутальную акцыю і ганебны рэферэндум. Яны зазвычай пішуць пра «дзяржаўны пераварот у выніку рэферэндуму 1996 г.».
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |