A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Разгон
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання

Мечыслаў Грыб
Супрацьстаянне

…Адным з фактараў неспакою ў ВС стаў даклад сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Сяргея Антончыка адносна карупцыі ў адміністрацыі прэзідэнта, у ягоным атачэнні. Дэпутаты рэагавалі бурліва, бо нядаўна абраны прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка ішоў на выбары якраз пад лозунгамі барацьбы з карупцыяй. Я не ведаю, адкуль С. Антончык браў свае звесткі і хто іх яму даваў. Фракцыя БНФ прапаноўвала стварыць камісію, каб расследаваць агучаныя С. Антончыкам факты. Але цягнік ужо адышоў, бо адразу па абранні А. Лукашэнкі прэзідэнтам паміж ім і Вярхоўным Саветам пачалося змаганне за ўладу. Тым не менш, мы паспелі правесці рашэнне адносна дакументальнай рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці Сакратарыята Вярхоўнага Савета, Савета Міністраў, Кіраўніцтва справамі і Адміністрацыі прэзідэнта. Уласна кажучы, спачатку мы думалі праверыць адно Кіраўніцтва справамі. Але гэта адразу кідалася б у вочы, і таму мы вырашылі пайсці шырэй і праверыць усе органы ўлады, акрамя судоў. Сакратарыят ВС мы праверылі, знайшлі досыць дробныя парушэнні. Пачалі правяраць Савет Міністраў, але А. Лукашэнка неафіцыйна забараніў гэта рабіць і папросту не пусціў кантралёраў на парог Кіраўніцтва справамі. Вярхоўны Савет ХІІІ склікання потым вярнуўся да гэтай справы, але дасюль фінансава-гаспадарчая дзейнасць ні Савета Міністраў, ні Кіраўніцтва справамі і Адміністрацыі прэзідэнта ні разу не правяраліся.

Тады, пасля інаўгурацыі 1994 г., прэзідэнт планамерна ішоў да адзінаўладдзя. А. Лукашэнка патрабаваў ад ВС даць яму поўную ўладу ў эканамічнай галіне, каб ягоныя рашэнні мелі сілу закона. Аднак паводле Канстытуцыі адзіным найвышэйшым заканадаўчым органам быў Вярхоўны Савет. Мы адказалі прэзідэнту, што, каб змяніць суадносіны галін улады, трэба змяняць Канстытуцыю. Лукашэнка тады моцна на нас пакрыўдзіўся, і паміж намі і ім неафіцыйна пачалася сапраўдная халодная вайна.

У такіх умовах ён ініцыяваў травеньскі 1995 г. рэферэндум. На знак пратэсту частка дэпутатаў 11 красавіка абвясціла галадоўку.

Папярэдне я пра яе нічога не ведаў. 11 красавіка 1995 г. я прыйшоў у залу пасяджэнняў ВС і ўбачыў вакол трыбуны на прыступках каля 10 дэпутатаў апазіцыі БНФ.

Я заняў сваё месца старшыні і пацікавіўся ў намеснікаў, што здарылася. Мне адказалі, што дэпутаты абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць прапанаванага прэзідэнтам рэферэндуму.

Акцыя сталася нечаканасцю не толькі для мяне, але і для астатніх дэпутатаў. Кіраўніцтву ВС, г. зн. ні мне, ні маім намеснікам, папярэдне ніхто з апазіцыі пра яе не паведаміў. Мне думаецца, што прапанова аб’явіць галадоўку не абмяркоўвалася нават на пасяджэнні ўсёй фракцыі БНФ у ВС. Я ўпэўнены: гэтае спантаннае рашэнне прыняў З. Пазьняк перад самым пачаткам сесіі. Словам, тады я разгубіўся, бо ў такіх абставінах праводзіць пасяджэнні было нечакана складана. Разгубіліся і астатнія дэпутаты: яны мусілі, ідучы да трыбуны, пераступаць цераз ногі сваіх калегаў-галадоўнікаў. Тады кожны меў права выказваць свае думкі і меркаванні, кожны меў права таксама і на галадоўку.

Спачатку зала рэагавала на галадоўнікаў з прыхаванай незадаволенасцю. Я звярнуўся да дэпутатаў з пытаннем: «Шаноўныя, што нам рабіць у такіх абставінах: адкрываць пасяджэнне ці спыніць сесію?» І мы прыйшлі да высновы, што калі апазіцыянеры хочуць галадаваць проста ў зале ВС, гэта іх права, а мы працягнем працу.

Ніхто з галадоўнікаў са мною асабіста не абмяркоўваў тэхнічных дэталяў акцыі. Адно толькі перад самым абедам, у перапынку паміж пасяджэннямі, да мяне падышоў З. Пазьняк і сказаў, што, паводле ягоных звестак, улада мае намер сёння ўначы напасці на галадоўнікаў, збіць іх і выгнаць з залы пасяджэнняў. Я адказаў яму, што ў мяне падобных звестак няма, але я выклічу начальніка аховы і разбяруся.

Начальнікам аховы тады быў наш дэпутат, падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Цесавец, які ўжо перайшоў на працу ў Адміністрацыю прэзідэнта. Я паклікаў яго і кажу: «Да мяне звярнуўся З. Пазьняк і паведаміў, што мае звесткі пра магчымы напад на дэпутатаў. Я не хачу, каб тут, у зале, што-небудзь здарылася. Вы ж разумееце: дэпутаты маюць права на галадоўку, хоць мне і не падабаецца, што яны аб’явілі яе тут, у зале, а не на плошчы і не ў сваіх кабінетах. Тым не менш, трэба, каб усё было спакойна і мірна». «Мы зробім усё патрэбнае, нічога падобнага не адбудзецца», – запэўніў мяне тады М. Цесавец. Аднак потым, калі галадоўнікаў разганялі і выносілі з залы, М. Цесавец аказаўся адным з удзельнікаў збіцця.

На той момант, як апазіцыя абвясціла галадоўку, ВС яшчэ не прыняў рашэння па рэферэндуме. Былі вялікія спрэчкі. Калі б не галадоўка, то, пэўна, удалося б дамовіцца з уладамі, каб нешта змяніць. Але камень быў кінуты, адно пацягнула за сабой другое – атрымаўся эфект снежнай лавіны. Потым Вярхоўны Савет усё ж прагаласаваў за рэферэндум у траўні 1995 г. Тых дэпутатаў, якія яшчэ вагаліся, падштурхнула да гэтага галадоўка. Дарэчы, Канстытуцыя 1994 г. давала прэзідэнту права ўносіць прапановы аб правядзенні рэферэндуму і фармуляваць пытанні на рэферэндум. ВС не мог і не меў права адмовіць прэзідэнту ў ягонай ініцыятыве ці змяніць пытанні, сфармуляваныя прэзідэнтам. Найвышэйшы заканадаўчы орган меў толькі права прызначыць дату рэферэндуму.

У той дзень сесію я вёў да самага яе канца а 18-й ці 19-й гадзіне вечара. Калі я выходзіў з залы пасяджэнняў, мяне па завядзёнцы падмянялі намеснікі. Пасля закрыцця сесіі 11 красавіка я разам з іншымі дэпутатамі пакінуў залу паседжанняў – там засталіся толькі галадоўцы і, разам з імі, асобныя карэспандэнты. Дарэчы, з акрэдытацыяй журналістаў у тыя часы не было праблем. Яны зазвычай прысутнічалі на пасяджэннях парламента з дыктафонамі і камерамі, калі мелі акрэдытацыю. У той дзень да 18-й гадзіны ў зале здымалі акрэдытаваныя карэспандэнты з Расіі і нашыя, айчынныя. Чаму ў той раз у зале засталіся нейкія журналісты: ці іх запрасілі самі галадоўнікі, ці накіравала туды Адміністрацыя прэзідэнта – я не ведаю. Пэўна, яны апынуліся там з ініцыятывы апазіцыі. Відаць, яна імкнулася прыцягнуць як мага больш увагі да галадоўкі, бо інакш у ёй не было б ніякага сэнсу.

Па закрыцці сесіі 11 красавіка я паехаў у свой офіс на вул. К. Маркса, у будынку былога ЦК КПБ, дзе працавалі мае намеснікі і знаходзіўся сакратарыят ВС, які ўзначальваў А. Анціпенка. Я працаваў там прыкладна да 9-й гадзіны вечара. Усё было ціха і спакойна, і я паехаў адпачываць у сваю рэзідэнцыю ў Драздах. Я не тэлефанаваў і не цікавіўся, што адбываецца з галадоўнікамі, бо звычайна, калі што здаралася, тэлефанавалі мне. Такі быў парадак, і я сам не турбаваў службы. Нарэшце, той цяжкі дзень досыць мяне знерваваў.

Пра тое, што здарылася ўначы з дэпутатамі ў зале пасяджэнняў, я даведаўся а 8-й гадзіне раніцы наступнага дня, калі прыехаў на працу ў будынак на К. Маркса. Я ўбачыў там збітых, змучаных В. Голубева, Ю. Беленькага і, здаецца, П. Садоўскага. Я напаіў іх мінеральнай вадой, а яны мне распавялі, што здарылася ўначы і як з імі абышліся вайскоўцы. Яны казалі, што спрабавалі званіць мне, але мой тэлефон у рэзідэнцыі быў заблакаваны. Я параіў ім прайсці судова-медыцынскую экспертызу, перадусім зафіксаваць пабоі, каб не марнаваць часу, бо гэта вельмі адказная справа, і яе трэба зрабіць своечасова. Я паабяцаў ім разабрацца і выклікаў да сябе генеральнага пракурора В. Шаладонава. Пагадзіліся ўзбудзіць крымінальную справу па факце збіцця дэпутатаў ВС.

Потым я неадкладна сабраў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і перш за ўсё прапанаваў у сувязі з тым, што ў зале ВС збілі дэпутатаў, праводзіць пасяджэнні ВС не на Мяснікова, а тут, у будынку ЦК на К. Маркса, хоць зала тут меншая, не прыстасаваная, без мікрафонаў. Некаторыя чальцы прэзідыума выказалі нязгоду. Яны гаварылі, што дэпутаты прывыклі да старой залы, што там у кожнага – сваё месца, абсталяванае для галасавання, а тут, на К. Маркса, амаль пустая, тэхнічна не абсталяваная зала. Пры галасаванні большасць падтрымала іх.

Перад пачаткам сесіі я затэлефанаваў А. Лукашэнку. Ён запэўніў мне, што не мае дачынення да начных падзей, што ён нікога не разганяў, нічога не ведае, але ва ўсім разбярэцца. Ён быў першай асобай у дзяржаве, я – другой, і таму я не мог настойваць. Мы папрасілі ўсіх прадстаўнікоў сілавых структур даць свае тлумачэнні наконт начнога здарэння.

Што тычыцца следства пракуратуры, якое вёў Язэп Бролішс, то, як юрыст, я перакананы: ніхто з кіраўнікоў не мае права ўмешвацца ў папярэдняе следства, бо гэта пашкодзіць раскрыццю ісціны. Я нават і не мог прапанаваць нікому, каб мяне азнаёмілі з матэрыяламі папярэдняга следства, а іх, зразумела, можна выкарыстаць як хочаш.

Калі мы прыйшлі ў залу пасяджэнняў ВС на плошчы Незалежнасці, там ужо не засталося ніякіх слядоў начнога здарэння – усё пачысцілі і прыбралі. Ніхто з пацярпелых уначы не спрабаваў працягваць галадоўку. Для іх, як і для іншых дэпутатаў, дзверы ВС былі адчыненыя – яны маглі прыходзіць, займаць свае месцы, запісвацца для выступленняў і выступаць каля мікрафона. Ніхто не аспрэчваў гэтага іх права. Ніхто з іх не паведамляў мне, як старшыні ВС, што нехта іх не пускае ў залу пасяджэнняў парламента выконваць свае дэпутацкія абавязкі. Я не даваў з гэтай нагоды нікому ніякіх указанняў.

Калі пачалася сесія, практычна ва ўсіх выступах гучала тэма начнога здарэння ў зале. Ніхто з запрошаных сілавікоў не хацеў прызнавацца, што мае дачыненне да начной акцыі супраць галадоўнікаў. Усе дэпутаты былі настолькі ўзрушаныя, што гэтай тэмы не абміналі ні правыя, ні левыя. Людзі разумелі: калі сёння з залы выкінулі адных, заўтра гэтак жа могуць збіць і іншых. На гэтым прыкладзе дэпутаты ўбачылі, што яны безабаронныя перад выканаўчай уладай. І калі 11 красавіка ў вачах дэпутатаў чыталася нямое асуджэнне галадоўкі, дык 12 красавіка ўжо адчувалася спачуванне да яе ўдзельнікаў. Можа, яно зыходзіла не ад усіх дэпутатаў, аднак я памятаю па выступах, што ніхто галадоўнікаў не асуджаў, не ўпікаў ні ў чым. Ім спачувалі нават іх самыя зацятыя ворагі. Я не памятаю, каб нехта з пацярпелых дэпутатаў распранаўся проста ў зале пасяджэнняў і дэманстраваў сваю пабітую спіну. М. Цесаўца, праўда, ганялі па зале, але боек не было.

Паступіла інфармацыя, што прэзідэнт паабяцаў усё расследаваць, даручыў разабрацца, што здарылася ўначы ў зале ВС: маўляў, там бог ведае што чынілася, быў прытон, пілі гарэлку, віно, і ў яго ёсць відэазапіс. Аднак я ў гэта не верыў, хоць бы таму, што З. Пазьняка ды іншых галадоўнікаў неяк папярэдзілі, і яны чакалі нападу. Я меў рацыю: ніякай стужкі прэзідэнт не паказаў і дасюль.

У гэты дзень прэзідэнт абвясціў, што выбары ў новы Вярхоўны Савет будуць у траўні, і паўнамоцтвы гэтага ВС скончыліся, бо першыя выбары дэпутатаў ХІІ склікання адбыліся ў сакавіку 1990 г., і пяцігадовы тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў, на яго разуменне, завершыўся 04.03.1995 г. Аднак тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета адлічваецца з першай устаноўчай сесіі, а не з дня абрання дэпутатаў. Прэзідэнт не пажадаў слухаць нашых доказаў і заявіў, што мы ўжо сваё адпрацавалі і час разыходзіцца. Ён запрасіў усіх на банкет у сталоўку Савета Міністраў, дзе звычайна харчаваліся ўсе дэпутаты разам з урадавымі службоўцамі. З’явіўся амаль увесь дэпутацкі корпус. Я пайшоў туды вымушана. Вечарына не была доўгай – без нейкай бяседы і ўрачыстых тостаў. Мы выпілі, можа, па 100–150 г віна ці гарэлкі без усялякай весялосці. Я адчуваў сябе няёмка, быццам пад прыгнётам.

Выбары ў траўні 1995 г. сумяшчаліся з рэферэндумам і праходзілі пад сцягам фактычна абвешчанай прэзідэнтам вайны супраць дэпутатаў. А. Лукашэнка неаднаразова заяўляў у электронных СМІ, што парламент не патрэбны, у выбары ён не верыць і на выбары не пойдзе. Ён практычна агітаваў выбарцаў за байкот выбараў. А ўмовы тады былі жорсткія: лічылася, што выбары адбыліся, калі ў першым і другім туры ўзялі ўдзел не менш за 50 % ад выбарцаў, унесеных у спісы для галасавання. Тады, у траўні, у ВС не абралі нікога з апазіцыі.

Сказаць, што вынікі выбараў і рэферэндуму ў траўні 1995 г. сфальсіфікаваныя, немагчыма. Тады такога, як цяпер, не было. У нас не ўзнікала сумневаў у сумленнасці Цэнтрвыбаркама і мясцовых выбарчых камісій, таму што арганізацыйна яны падпарадкоўваліся нам. На рэферэндум выносіліся прапановы, якія падтрымлівала большасць электарату. А. Лукашэнка меў на той час вельмі высокі рэйтынг. Шмат хто з кандыдатаў у дэпутаты ішоў на выбары пад лозунгам падтрымкі прэзідэнта. За іх і прагаласавалі людзі, бо ўсё, што ён рабіў, лічылі слушным, а ўсе ягоныя няўдачы прыпісвалі ягоным «ворагам».

Яшчэ не зацвердзілі вынікаў травеньскага рэферэндуму, а І. Ціцянкоў і яго каманда 17 мая залезлі на адабраны ў нас будынак на вул. К. Маркса і сцягнулі з яго даху бела-чырвона-белы сцяг, разарвалі яго на кавалкі, якія потым раздавалі з аўтографамі. Гэта быў відавочны крымінал. На знак пратэсту насупраць, у Андрэеўскім скверы, каля грамадскай прыбіральні, моладзь спаліла, здаецца, расійскі сцяг. Іх затрымала міліцыя і распачала крымінальную справу. Адзін з удзельнікаў акцыі ў 1997 г. звярнуўся да мяне па абарону. Яго асудзілі, далі ўмоўную меру пакарання. Тады ж група дэпутатаў звярнулася ці то ў органы МУС, ці то ў пракуратуру, каб следчыя органы ўзбудзілі крымінальную справу па факце апаганьвання дзяржаўных сімвалаў. Аднак яе адмовіліся разглядаць і адказалі, што Ціцянкоў выявіў звычайную халатнасць, а складу злачынства ў ягоным учынку, маўляў, зусім не відаць.


РАЗГОН: ЗЬМЕСТ
Ад укладальніка 
МІКАЛАЙ АКСАМІТСкокі чорных гарылаў
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІКрывавая ноч
ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІХлопцы, ці патрэбны вам лідэр?
ІГАР ГЕРМЯНЧУКПраверана: мінаў няма
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎГаладоўка
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ Супрацьстаянне
ЛЯВОНЦІЙ ЗДАНЕВІЧНягнуткасць загубіла БНФ
МІКАЛАЙ КРЖЫЖАНОЎСКІСа збіцця дэпутатаў пачалася дыктатура…
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКАЯ мушу дэманстраваць уладу
ПЁТРА САДОЎСКІТакое не забываецца
АЛЕГ ТРУСАЎУсё нагадвала ваенны пераварот
МІХАІЛ ЦЕСАВЕЦПагражалі… праліццём крыві
ДАДАТАКПастанова аб прыпыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе
   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/09/24