A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Праверана: мінаў няма Выступ на пасяджэнні № 95 Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 1995 г.4
[Хачу давесці] да вашага ведама тое, што мы, пацярпелы бок, учора тут назіралі, як гэта адбывалася. Сапраўды, існуе відэастужка. Усе з’яўленні [палкоўніка Цесаўца] фіксаваліся на дзве відэакамеры з гэтых бакоў. Усе з’яўленні іншых людзей у гэтую залу таксама фіксаваліся. Усё тое, што адбывалася тут, зафіксавана на відэастужку і там усё будзе вельмі ясна.
Такім чынам, упершыню Цесавец з’явіўся ў 21 гадзіну. Ён з’явіўся не адзін. Ён прыйшоў разам з нейкім, па паводзінах я назваў бы яго – тыпам. Аказалася, па словах Цесаўца, гэта начальнік управы аховы прэзідэнта Каралёў. Ён паводзіў сябе такім чынам, што дэпутат Трусаў [кажа]: «Пакажыце пасведчанне, хто вы». Ён кажа: «Пасля 15 мая мы з вамі разбяромся. Я вам пакажу, хто я». Так заяўляў гэты чалавек, якога Цесавец назваў, што ён шэф аховы прэзідэнта Каралёў. Цесавец заявіў нам падчас гэтага візіту у 21.00, што ў 20.11 паступіў званок аб тым, што Дом урада замініраваны. «Усіх ужо эвакуавалі з Дому урада, – сказаў Цесавец. – Цяпер мы вымушаны эвакуаваць вас». Спаслаўся на тое, што была размова ў яго з Грыбам, і Мечыслаў Іванавіч нібы, так сказаць, згадзіўся з тым, што дэпутатаў трэба эвакуаваць. У 22.20 Цесавец заявіўся з палкоўнікам грамадзянскай абароны, які сказаў, што будынак замініраваны і патрабуецца яго абследаванне сапёрамі. Мы сказалі, што мы – калі ласка – не супраць, праводзьце любыя работы, якія вы тут хочаце, мы гатовы стаць у тое месца, на той пятачок тэрыторыі, які вы нам укажаце. Зноў жа Цесавец патрабаваў вызваліць памяшканне. Мы адмовіліся гэта зрабіць, сказалі, што мы гатовы [выконваць] любыя ўказанні людзей, якія будуць праводзіць абследаванне залы і паводзіць сябе так, як яны будуць патрабаваць, а залу мы не пакінем. Яны прапаноўвалі нам, Цесавец прапаноўваў нам, што знаходзяцца тут аўтобусы, вас адвязуць, а мы тым часам абследуем залу. Тады, калі Цесавец сказаў, што з Дому урада мы ўжо эвакуавалі ўсіх – гэта была няпраўда. Як ужо тут згадвалася, мы з дэпутатам Навумчыкам стаялі вось на той пляцоўцы, і дзве жанчыны, якія працавалі тут, здымаючы тут стэнаграмы, – няцяжка іх адшукаць, мы іх ведаем, памятаем – яны могуць пацвердзіць, што яны выходзілі… ужо было позна, напэўна, 22.40. У 23.35 Цесавец зноў заявіўся і гэтым разам ён заявіўся зноў жа з Каралёвым. Увайшлі яны не адны. З імі былі ўведзеныя прыкладна два дзесяткі людзей у цывільнай форме, маладых, частка з іх брытагаловыя. І прыкладна столькі, ну, можа быць, дзесятак міліцыянтаў альбо 15 міліцыянтаў у міліцэйскай форме, у чыне палкоўніка, маёра і ніжэй. Па-мойму, два падпалкоўнікі былі. Гэтыя людзі [прыйшлі] разам з Цесаўцом і Каралёвым. Мы ўжо сядзелі ў гэтым сектары, у левым сектары прэзідыума, усе сядзелі, на гэтых трох-чатырох шэрагах размясціўшыся. Я сядзеў тут з Маркевічам. Хвіліну… Міліцыянты сталі ззаду, і Цесавец аддаў каманду: «Выводите». Двое кінуліся на [Гюнтэра], які сядзеў з краю, відаць, як да [чалавека] самай невялікай камплекцыі. Пачалі яго цягнуць двое ў цывільнай форме. Дэпутат і калега з ім побач трымаў яго. Мы пачалі гаварыць: «Што вы робіце? Мы дэпутаты, мы знаходзімся тут, мы нічым не перашкаджаем рабіць абследаванне». Гэтыя хлопцы рэціраваліся. Ім стала неяк [няёмка], яны адчулі, што яны робяць не тое. І тады Цесавец разам з Каралёвым (увогуле гэта прымітыўная публіка, як сведчыць гэты факт) схапіліся самі цягнуць дэпутата Гюнтэра. І я ім кажу: «Што, Цесавец, падымаем баявы дух?» Уявіце сабе: стаяць гэтыя хлопцы, якія, так сказаць, бачаць, як яны паводзяць [сябе], што так паводзіць нельга з дэпутатамі. І гэтыя тыпы, Цесавец з Каралёвым, падымалі такім чынам іх баявы дух. І калі я пачаў гаварыць пра ўсё гэта, Цесавец падскочыў да мяне, Маркевіч ухапіў мяне за руку, трымаючы, я ўхапіўся за сістэму Мечыслава Іванавіча – уключэння мікрафонаў. Цесавец спрабаваў мяне цягнуць, але бачыў, што нічога ў яго не атрымаецца. Такім чынам, гэта была такая першая спроба малымі сіламі нас адсюль дэпартуаваць. Увайшлі два палкоўнікі і сказалі, што, у прынцыпе, мы згодныя праводзіць, так сказаць, гэтае абследаванне наконт наяўнасці «взрывчатых веществ», як гаварыў тут міністр абароны, мы згодныя праводзіць. Толькі хай дэпутаты спачатку знаходзяцца ў гэтым сектары, мы абследуем гэты, а потым [няхай] перасядуць сюды. Мы згадзіліся. Яны абследавалі гэты сектар. Мы сюды пераселі і нікуды мы не хадзілі, нікому мы не перашкаджалі. Сапраўды, тут ляжалі спальнікі, якія яны маглі падымаць, што заўгодна рабіць, таму што мы ўжо рыхтаваліся ўсё ж такі спаць. Яны абследавалі гэтае памяшканне. З імі, пакуль лейтэнант пісаў [акт] аб абследаванні памяшкання, там стаялі два палкоўнікі. З імі размаўляў дэпутат Трусаў. Пасля гэтага ўсе, якія ўдзельнічалі ў гэтым так званым пошуку міны, распісаліся на гэтым акце і папрасілі дэпутатаў засведчыць гэты акт, што і зрабілі трое, па-мойму, Трусаў, Гюнтэр. Трусаў і Гюнтэр паставілі гэтыя подпісы. І тыя пайшлі. Такім чынам, яны выканалі сваю місію. Калі міністр Кастэнка кажа, што яны там памыліліся, што ж гэта такое? Два палкоўнікі выконвалі важную функцыю ў зале Вярхоўнага Савета, бралі на сябе велічэзную адказнасць. Тым не менш, [яны] паставілі свае подпісы. Вось такая была сітуацыя, яны ў жыцці, напэўна, не мелі такой адказнасці, як у гэтай сітуацыі мелі адказнасць. Яны паставілі гэтыя свае подпісы, і ўсе людзі, якія праводзілі гэтае абследаванне. І такім чынам уся публіка адсюль – і Каралёў, і ўся гэтая брыгада –удаліліся. І мінёры, сапёры таксама сышлі. Але ўсё ж такі мы ведалі, што гэтым справа не скончыцца, таму што як закончылася так званае размініраванне (гэтыя акты былі падпісаны ў 00.41) прыкладна каля гадзіны нам патэлефанавалі з вуліцы журналісты, што прыехаў лімузін, і прыехаў прэзідэнт, і прыехаў картэж. Акрамя таго, нам назвалі яшчэ прозвішчы, што прыбылі сюды, у Дом урада, Сініцын і Ціцянкоў. Як з’явіліся журналісты тут? Безумоўна, як толькі пачалася сітуацыя з замініраванннем, мы адсюль пазванілі карэспандэнтам. І, безумоўна, гэта іх прафесійны абавязак, тут яны павінны быць, каля гэтага будынка, павінны быць, каб паведамляць навіны. І [я], як журналіст, калі б мае людзі не былі тут, выгнаў бы іх за гэта з работы. Мы паклаліся спаць. Пазняк паклаўся тут, Антончык, Навумчык, Голубеў, Гермянчук, там недзе Кржыжаноўскі. Старшыня: Ігар Іванавіч, на сёння хопіць… У 2 гадзіны 35 хвілін дэпутат Голубеў заўважыў, што там соваюцца нейкія людзі, што нейкі тупат у калідоры, ён пайшоў і прыадчыніў дзверы. І дэпутат Голубеў пасля гэтага крыкнуў: «Аўтаматчыкі! Пад’ём!» І ў той момант людзі, якія тут ажыццяўлялі [акцыю], зразумелі гэта нібыта як каманду. Зала адразу пасля гэтых слоў уключылася. Мы паўскоквалі. Голубеў расказвае, што там людзі з аўтаматамі ў касках, у камуфляжы, спецназ. Мы хуценька апрануліся, хто як мог, і селі зноў жа на гэтыя месцы. У 2 гадзіны 44 хвіліны ўвайшлі Цесавец, Каралёў і трэці – такі велічэзны чалавек у защитного колеру форме, у защитной камуфляжнай кепцы, і Цесавец заявіў, што вам даецца пяць хвілін для таго, каб пакінуць залу. Мы сказалі, што мы не пакінем залу, што размініраванне праведзена, калі вы яшчэ раз хочаце правесці яго, калі ласка, праводзьце. Каралёў заяўляе, што ў вас ужо засталося тры хвіліны. І прыкладна пасля гэтых слоў яны пайшлі да дзвярэй. І мы бачылі, як усе дзверы ўжо адчыніліся, калі мы яшчэ сядзелі тут, да іх уваходу. І калі яны падышлі да дзвярэй, Цесавец даў каманду, і сюды ўварваліся. Уварваліся праз усе дзверы, урываліся трыма шарэнгамі. Першая – гэта людзі ў нейкай чорнай спартыўнай альбо такой шерстяной форме з чулками на галаве – толькі вочы прарэзаныя. За імі ішлі спецназаўцы ў касках альбо [у рэспіратарах], альбо са шчытамі, з дубінкамі і аўтаматамі. І трэцяя шарэнга – аўтаматчыкі з аўтаматамі па ўсім перыметры залы. Яны кінуліся адразу вось у гэты сектар. Яны кінуліся трое (а тут сядзела тры чалавекі). Старшыня: Колькі вам патрэбна часу? Гермянчук І. І.: Тры хвіліны яшчэ. Старшыня: Дайце дзве хвіліны. Ён ужо адну прагаварыў. Гермянчук І. І.: Кінуліся і пачалі цягнуць. Я сядзеў у сярэдзіне. Я спрабаваў адцягнуць руку, і адцягнулі дэпутата Маркевіча. Калі тры бандыты круцілі галаву Пазняку, я спрабаваў адцягнуць іх рукі і пачаў здымаць гэтыя іх капюшоны. І сарваў па меншай меры, пакуль яны да мяне дацягнуліся, чатыры капюшоны. У адзін з момантаў мяне перагрэлі гумавай палкай. Да мяне дабраліся, мяне схапілі, я вырываўся. Яны перакінулі мяне ў нейкія іншыя рукі, і потым, калі я зноў вырваўся, мяне падхапілі шэсць чалавек і нейкі сёмы бандыт… ішоў зверху, неслі мяне сем чалавек, а ён зверху кулаком мне разбіваў нос, раскрывавіў нос. І занеслі ў машыну пятым чалавекам, ва «ўазік» укінулі ўперад нагамі. Такім чынам, гэтыя людзі паводзілі сябе па-бандыцку. Маскі ім патрэбны былі не толькі [каб] схаваць твары, а каб проста не адчуваць ніякіх тармазоў. Таму я хачу заявіць, што [мы] працягваем галадоўку і патрабуем, каб Пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па гэтым факце бандытызму, які адбыўся ў гэтай зале супраць дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Мы спадзяемся, што генеральны пракурор выканае сваю місію і адновіць законнасць у гэтай краіне. Як сказаў доктар, які нас потым абследаваў: «Дык што, калі дэпутатаў б’юць, дык што рабіць простаму чалавеку?» Мы засведчылі тыя пабоі, якія нанесены нам. Мы маглі б паказаць тое, што паказваў вам дэпутат Шут, але будзем спадзявацца, што ў вас, можа, хоць хопіць трошкі сумлення».
|
4 Стэнаграма пасяджэння № 95 Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання (серада, 12 красавіка 1995 г.). Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 968. Воп. 1. Спр. 3431.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |